Вы тут

Як паменшыць сумы налічэнняў за прыватную нерухомасць


«Я ўладальніца дзвюх кватэр у Мінску і доміка на вёсцы. Кватэры былі запісаны на мяне пасля продажу трохпакаёўкі (якую літаральна напярэдадні гэтай працэдуры прыватызавалі якраз дзеля гэтага) і набыцця спачатку двухпакаёўкі, а праз месяц — аднапакаёўкі. Дом дастаўся мне ў спадчыну пасля бацькоў. Тут мы з мужам (абодва пенсіянеры) зарэгістраваны як дачнікі, і кожны год у сельсавеце атрымоўваем дакументы пра гэта.

Чула, што ўладальнікі некалькіх аб'ектаў нерухомасці будуць цяпер плаціць вельмі вялікі падатак на іх, ці так гэта? Ці мае значэнне чарговасць набыцця кватэр і іх плошча пры налічэнні сумы падатку і ці далічаць сюды пры гэтым метраж дома ў вёсцы? З якога памяшкання я буду плаціць грошы і наколькі пабольшае памер падатку?»

Наталля Аляксандраўна, г. Мінск.


На пытанне адказвае Вікторыя ЗАХАРАНКА, галоўны спецыяліст упраўлення прававога рэгулявання бюджэтна-фінансавых адносін і падаткаабкладання галоўнага ўпраўлення нарматворчай дзейнасці ў сферы эканомікі і экалогіі Міністэрства юстыцыі Беларусі:

— У разглядаемай сітуацыі кожнае з пералічаных жылых памяшканняў само па сабе з'яўляецца аб'ектам падаткаабкладання падаткам на нерухомасць. Згодна з пунктам 1 артыкула 185 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей — ПК), капітальныя будынкі (пабудовы, збудаванні), іх часткі (у тым ліку жылыя дамы, садовыя домікі, дачы, жылыя памяшканні ў шматкватэрных або блакіраваных жылых дамах (кватэра, пакой)), якія размешчаны на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і належаць падаткаплацельшчыкам (фізічным асобам), прызнаюцца аб'ектамі падаткаабкладання падаткам на нерухомасць. Аднак плата вам будзе налічвацца не на ўсе тры аб'екты.

ПК прадугледжвае нормы, згодна з якімі жылыя памяшканні ў шматкватэрных або блакіраваных жылых дамах, жылыя дамы і дачы могуць вызваляцца ад падатку на нерухомасць.

Пры наяўнасці ў фізічнай асобы двух і больш памяшканняў у шматкватэрным або блакіраваным жылым доме вызваленню ад падатку падлягае адно памяшканне на выбар уласніка па яго пісьмовай заяве. Яна падаецца ў падатковы орган па месцы жыхарства з указаннем месцазнаходжання ўсіх жылых памяшканняў (у шматкватэрных або блакіраваных дамах), якія належаць асобе. Калі чалавек не піша такой заявы, ад падатку на нерухомасць вызваляецца адно памяшканне, якое было набыта (атрымана) ім ва ўласнасць раней за іншыя жылыя памяшканні. У вашым выпадку (без заявы) падатак не налічваецца на двухпакаёўку, бо яна куплена вамі раней.

Ад падатку на нерухомасць вызваляюцца і жылыя дамы, якія належаць пенсіянерам па ўзросце, інвалідам І і ІІ групы і іншым непрацаздольным фізічным асобам пры адсутнасці рэгістрацыі ў гэтых памяшканнях працаздольных грамадзян. Не абкладаюцца падаткам на нерухомасць таксама іншыя капітальныя будынкі (пабудовы, збудаванні) і іх часткі за выключэннем жылых памяшканняў і дамоў, якія належаць пенсіянерам па ўзросце, інвалідам І і ІІ групы і іншым непрацаздольным фізічным асобам і размешчаны не па месцы іх жыхарства.

ПК вызначае, што гадавая сума падатку на нерухомасць вылічваецца як здабытак падатковай базы і падатковай стаўкі (для фізічных асоб, якія маюць на правах уласнасці два ці больш жылых памяшканняў у шматкватэрных і (або) блакіраваных дамах, у памеры 0,2%). Падатковая база на нерухомасць вызначаецца фізічным асобам, зыходзячы з ацэнкі капітальных будынкаў (пабудоў, збудаванняў), іх частак, што належаць гэтым грамадзянам.

Іншыя аб'екты і выпадкі вызвалення ад падаткаў на нерухомасць вызначаюцца раздзелам 17 ПК, а гадавую суму падатку на нерухомасць фізічным асобам падлічвае падатковы орган.

Звяртаю вашу ўвагу, што плацельшчык мае права атрымліваць ад падатковых органаў па месцы пастаноўкі на ўлік бясплатную інфармацыю пра дзеючыя падаткі, зборы (пошліны), акты падатковага заканадаўства, правы і абавязкі плацельшчыкаў, падатковых органаў і іх службовых асоб, а таксама пісьмовыя тлумачэнні па пытаннях прымянення актаў падатковага заканадаўства.

Шаноўныя чытачы, калі ў вас узніклі пытанні юрыдычнага характару, дасылайце іх на наш паштовы або электронны адрас sіdаrоk@zvіаzdа.bу. У «Прававой гасцёўні» разам са спецыялістамі Мінюста мы будзем шукаць на іх адказы.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Плаціць падаткі можна не ўсім

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.