Вы тут

Як зрабіць з хрушчоўкі «цукерку»?


У санвузле звычайнай мінскай 30-метровай аднапакаёўкі на адным квадратным метры змяшчаецца ўнітаз, пральная машына і ўмывальнік, а сцены ў кватэры спраектаваны і ўзведзены з улікам таго, каб у памяшканне ідэальна ўпісваліся мэбля і тэхніка. Нестандартны рамонт хрушчоўкі зроблены мінчуком Сямёнам, які штодня дапамагае ствараць прыгажосць у дамах іншым людзям. Заможныя заказчыкі майстра, які аднолькава якасна спраўляецца і з будаўнічымі, і з апрацоўчымі работамі, звычайна дбаюць аб прыгажосці і ўражанні знаёмых. Пераробліваючы ўласную кватэру, Сямён думаў перш за ўсё пра зручнасць жыцця ў ёй і павелічэнне прасторы.


Злева ў гэтай ванне закуток, якім можна карыстацца як сапраўднай душавой кабінкай.

«Халадзільнік у ванне» і пральная машына ў прыбіральні

Спачатку гаспадар зруйнаваў усе сцены і зняў падлогу, што была тут першапачаткова. Праз гэта вышыня памяшкання павялічылася прыкладна на 5-7 сантыметраў, а значыць, пабольшаў і аб'ём жылля ў цэлым. Новыя сцены Сямён размяшчаў, дакладна ведаючы, у якім кутку ў яго што будзе.

— Каб халадзільнік не вытыркаўся з шэрагу астатняй кухоннай мэблі, якая стаіць звычайна ўздоўж сцяны, перагародку паміж кухняй і ваннай я зрабіў няправільнай, быццам зламанай, формы. У выніку з боку кухні ў нішы стаіць халадзільнік, які, груба кажучы, «улез» у ванны пакой. А з другога боку ў такой жа нішы на палову сваёй даўжыні змяшчаецца сама ванна. Праз гэта, дарэчы, тут можна спакойна прымаць душ, быццам у кабінцы, і не баяцца расплёскаць ваду, — пачаў раскрываць будаўнічыя хітрыкі гаспадар.

На кухні, памер якой крыху большы за 5 м2, свабодна стаяць і вісяць усе неабходныя шафы, змяшчаецца халадзільнік і стол з крэсламі. Падаконнік і невялічкія ўчасткі адкосаў Сямён зрабіў з мармуру. Гэта дазваляе не пэцкаць пафарбаваную частку адкосаў, калі праціраеш сам падаконнік. На адным адкосе зроблены разеткі, каб можна было паставіць на зарадку мабільны ці камп'ютар, а не класці іх на стол, дзе гатуецца ежа.

Гардэробная, што не замінае, і цёплая падлога.

 

Сямён прынцыпова хацеў перарабіць сумешчаны санвузел у асобныя прыбіральню і ванную.

— Мне вельмі не падабаецца, што часцей за ўсё нашы старыя кватэры праектаваліся так, што прыбіральня была побач з кухняй. Я хацеў максімальна аддаліць уваход у прыбіральню ад кухні, і цяпер ён побач з уваходнымі дзвярыма.

Памер прыбіральні — адзін квадратны метр, але змяшчаецца тут шмат чаго. Унітаз, умывальнік, псеўдабідэ і пральная машына. Уздоўж сцен на вышыню ўнітаза Сямён узвёў дзве бетонныя калоны па шырыні машынкі. Так што ўсёй немаленькай вагой яна стаіць на грунтоўнай падпоры. Дэкаратыўную храміраваную штангу перад машынай майстар зрабіў дзеля дадатковай бяспекі і страхоўкі, калі тэхніка падчас працы раптам задумае ссунуцца з месца.

Вось якую прыгажосць можна зрабіць на пяці метрах кухні.

Сцяна, гардэроб і шафа — тры ў адным

На павароце з прыхожай у пакой, дзе няма дзвярэй, Сямён крыху зрэзаў рог — ён стаў менш вострым, што і больш бяспечна, бо не будзеш натыкацца на яго (калідор, што вядзе ў кухню, досыць вузкі), і прыгажэй, бо стварае ўражанне, быццам гэта гасцёўня працягваецца ў калідор. Дзеля прыгажосці і практычнасці (шпалеры тут не будуць так хутка абцірацца) гаспадар аздобіў гэты рог дэкаратыўнай пліткай у выглядзе цаглін.

Такім жа матэрыялам у вітальні выкладзена ніша, у якой зроблены гардэроб для вопраткі — так яна не замінае, калі ідзеш побач, і не забірае месца ў калідоры. Зрабіць гэта атрымалася дзякуючы яшчэ адной сцяне (паміж калідорам і пакоем) няправільнай формы. Хітрасць у тым, што з боку залы ў гэтую сцяну ўбудаваная шафа шырынёй 70 см, каб рэчы можна было свабодна павесіць на плечыках. У «скрадзенай» пад гардэроб у калідоры частцы шафы Сямён размясціў аддзяленне з шуфлядкамі, якія зусім не абавязкова рабіць глыбокімі. Люстэркавая паверхня дзвярэй шафы ўпрыгожана выявай архітэктурнага цуду Індыі — Тадж Махала. Так прастора ў пакоі зрокава павялічваецца не толькі праз бліскучую паверхню, але і дзякуючы вялікаму парку з ракою, што раскінуўся перад уваходам у маўзалей, ствараючы ўражанне перспектывы.

Яшчэ адна невялічкая сцяна зроблена спецыяльна для тэлевізара. Пакой даволі доўгі, таму глядзець на экран на супрацьлеглай ад канапы сцяне было б нязручна. Сямён узвёў сценку даўжынёй каля метра, якая адначасова стала месцам, куды павесілі тэлевізар, і адгарадзіла ў пакоі спальны куточак.

Умяшчальная і крэатыўная прыбіральня.

Кладоўка пад столлю

Кладоўка ў маленькай кватэры — раскоша нерэальная, бо для яе проста няма месца. Таму Сямён зрабіў яе пад столлю. Калі сцяна ў калідоры была ўзведзена да ўзроўню верхняй часткі ўваходных дзвярэй, ён заліў у бетон знятыя з падлогі дошкі паралельна столі на даўжыню ўсяго калідора, да самай кухні. Пасля зняў дошкі і атрымаў антрэсоль даўжынёй больш за два метры, якая ніколі не прагнецца пад цяжарам. Ён адстроіў яе звонку, і цяпер антрэсоль нічым не адрозніваецца ад столі і не навісае над галавой. З абодвух бакоў да яе ёсць доступ. Больш вузкі — каб размясціць лыжы ці іншыя доўгія рэчы. З супрацьлеглага боку больш шырокі — каб зручна захоўваць хатнія нарыхтоўкі.

Да таго ж у антрэсоль убудаваны кандыцыянер і камунікацыі да яго. Нават вільгаць ад работы абсталявання, што звычайна капае са шланга на вуліцу, у Сямёна сцякае ў каналізацыю. Ён правёў шланг у сцяне і канец, з якога капае вада, уклаў у спецыяльны сіфон, які далей працягваецца звычайнай трубой да кухоннай ракавіны.

Столь у пакоі мае складаную і арыгінальную форму, якая дасканала спалучаецца з нестандартнымі сценамі.

Незвычайная форма сцен, столі і шафа з фотапано павялічваюць і ўпрыгожваюць пакой.

— Я не хацеў, каб над спальнымі месцамі ў мяне была бліскучая нацяжная столь, таму зрабіў яе толькі ў цэнтральнай частцы пакоя. Яна выканана з суцэльнага палатна і пасярэдзіне аздоблена кругам з гіпсакардону і люстрай. Па баках столь проста пафарбаваная. Спецыяльная паліца з гіпсакардону над акном хавае пачатак штор і нацяжной столі.

Пасярэдзіне кухоннай столі з гіпсакардону выкананы ромб з чорным шклом і свяцільнікамі ў кутках. Так раўнамерна асвятляюцца ўсе зоны ў кухні. Сваёй формай і месцазнаходжаннем дэкаратыўны элемент столі дублюе такі ж ромб з пліткі на падлозе. Гэта не толькі выглядае прыгожа і гарманічна, але і стварае ўражанне, быццам падлога, сцяна і столь пераходзяць адна ў адну, што таксама пашырае ўспрыманне плошчы на маленечкай кухні.

Злева на здымку пад столлю ў калідоры відаць частка той самай кладоўкі з кандыцыянерам.

 

У калідоры і санвузлах кватэры — цёплая падлога. У пакоі — тоўсты ламінат са спецыяльнымі фаскамі. Ён больш трывалы, не спружыніць пад нагамі і выглядае, як паркетнае пакрыццё. У батарэі Сямён умантаваў тэрмарэгулятары цяпла. Хоць эканоміць грошы дзякуючы гэтаму ў яго не атрымаецца, бо ў доме не рэалізавана сістэма энергазберажэння з пакватэрнымі лічыльнікамі цяпла, аднак камфортны мікраклімат зімою створыць. Не прыйдзецца адчыняць форткі, каб выветрыць лішкі гарачыні праз акно — дастаткова будзе прыкруціць вентыль на батарэі.

Шпалеры ў калідоры і пакоі аднолькавыя і ствараюць уражанне розных памяшканняў як суцэльнай плошчы.

 

Вядома, самастойна перарабіць сваю кватэру так, каб было і прыгожа, і зручна, і месца вольнае засталося, можа далёка не кожны. Аднак, маючы ўяўленне, якой яна павінна быць, і карыстаючыся падказанымі героем матэрыялу хітрыкамі, палепшыць сваё жыллё можна.

Калі дакладна ведаць, што і дзе ў цябе змесціцца, невялічкі пакой ператвараецца ва ўтульную і гарманічную прастору.

 

Шаноўныя чытачы, калі ў вас ёсць свае або суседскія жыццёвыя прыклады таго, як і на чым можна сэканоміць, як рацыянальна расходаваць сродкі ці рабіць са звычайных і старых рэчаў нешта карыснае, калі ласка, дасылайце іх на наш паштовы або электронны адрас sіdаrоk@zvіаzdа.bу. Ваш досвед стане падставай для наступнага матэрыялу рубрыкі.

Мудрагелістая столь у пакоі.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Каментары

Класна зроблена! Павага майстру.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.