Вы тут

Што рабіць, каб бацькі сталі сябрамі


Аднойчы ў трамваі я міжволі падслухала размову дзвюх дзяўчат. На выгляд ім было гадоў 15-16. Яны гучна абмяркоўвалі, якое несправядлівае да іх жыццё, бо ім дасталіся такія бацькі. «І нічога ім нецікава! Толькі павучаюць, толькі забараняюць! Самі нікуды не ходзяць і мяне не пускаюць», — бедавала адна з іх. Дзяўчынка абуралася так яшчэ некалькі прыпынкаў. Успомніла ўсе самыя страшныя крыўды на сваіх бацькоў і летуценна ўздыхнула: «Вось бы мне такіх маму і тату, як у Леркі». Не ведаю, якія там бацькі ў той самай Леркі, бо дзяўчаты выйшлі, а я паехала далей. Усю дарогу думала аб тым, што гэта сапраўды вельмі важна: каб дома цябе чакалі твае «дарослыя сябры» — мама і тата.


Мне вельмі пашанцавала, бо ў нас з мамай заўсёды былі агульныя захапленні. З ёй я ў дзяцінстве наперагонкі чытала кнігі пра Гары Потэра і глядзела чарговы эпізод «Зорных войнаў». З ёй я, ужо дарослая, вельмі люблю танцаваць. Мы ўключаем радыё на поўную гучнасць — і няхай увесь свет пачакае. А яшчэ мы любім спяваць песні Тота Кутуньё. Слоў амаль не ведаем, але галоўнае — мы разам і нам весела.

Што б я параіла той дзяўчынцы з трамвая і ўсім тым, хто не ведае, як знайсці агульную мову з бацькамі?

Перш за ўсё, часцей размаўляйце адно з адным. Але не проста «прывітанне-пакуль-усё нармальна». Спытайце, як справы на працы ў таты, з-за чаго сёння ўсміхалася мама. Раскажыце пра тое, што зараз цікава вам. Можа, бацькі нават і не падазраюць пра ваша захапленне альбо новае хобі, бо вы ніколі нічога не расказваеце. Канешне, спачатку будзе цяжка: вы так доўга не пускалі сваіх родных да сябе ў сэрца, што, напэўна, дзверы, што вядуць туды, ужо заржавелі. Але аднойчы размаўляць з бацькамі будзе проста — таксама, як і з сябрамі.

Арганізуйце сямейны вечар: са смачным пірагом, душэўнымі гісторыямі і добрым фільмам. Дарэчы, пірог можна спячы разам з мамай. Упэўнена, яна ведае не адзін рэцэпт, ад якога кожны за сталом папросіць дабаўкі!

З'ездзіце разам на прыроду. Магчыма, ваш тата дасць фору любому ў рыбнай лоўлі і раскажа не адну смешную гісторыю са свайго жыцця.

Купіце білеты на канцэрт любімага мамінага спевака, але абавязкова ідзіце з ёй. Так, вядома, гэта не тое, што любіце слухаць вы, і пад некаторыя песні, хутчэй за ўсё, будзе хацецца спаць, але мама будзе шчаслівая. І вы будзеце шчаслівыя ад таго, што шчаслівая яна.

Не бойцеся быць адкрытымі. Не бойцеся спазнаваць сваіх бацькоў. Яны — вашыя карані, ваш падмурак. Ваша надзейная абарона ад усіх нягод і бед. Менавіта да іх вы пойдзеце, калі нехта «разаб'е вам сэрца», праваліце важны экзамен або проста будзе здавацца, што ўсё ў жыцці ідзе не так.

А калі раптам вы ўсё ж захочаце пазлавацца на сваіх родных, падумайце аб тым, што аднойчы ўсё можа змяніцца.

І больш не будзе шанцу паспяваць разам песні Кутуньё або прыгатаваць шакаладны пірог. І ніхто не запарыць гарбату з мелісай, не захутае ногі ў цёплы плед і не скажа, што нават самае вялікае гора можна перажыць, калі рабіць гэта разам.

І яшчэ: сям'я — гэта месца, дзе, сабраўшыся разам, не проста моўчкі глядзяць тэлевізар, а размаўляюць.

Ганна, г. Мінск


Шаноўныя чытачы, дзяліцеся з «Сямейнай газетай» сваімі думкамі, назіраннямі, парадамі, арыгінальнымі ідэямі. Чакаем вашых лістоў.

Загаловак у газеце: Каб бацькі сталі сябрамі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.