Мiнск — горад для Максiма Багдановiча асаблiва значны. Тут паэт нарадзiўся ў настаўнiцкай кватэры бацькi на Траецкай гары, правёў першы год жыцця ды частку апошняга.
Восенню 1916 года, пасля заканчэння Яраслаўскага юрыдычнага лiцэя, Максiм выпраўляецца на радзiму, уладкоўваецца ў Губернскую харчовую камiсiю, прагна ўлiваецца ў бягучае культурнае жыццё, займаецца справамi бежанцаў, удзельнiчае ў маладзёжных гуртках. I, варта адзначыць, адраджэнца тут добра ведалi i з нецярпеннем чакалi. «У хуткiм часе ў Мiнск прыедзе Максiм Багдановiч», — пачулi мы голас Аркадзя Смолiча, якi ўвайшоў у сталоўку «Беларускай хаткi» з лiстом у руках... «Максiм Багдановiч пiша, што хоча пажыць у Мiнску, у сваiм родным горадзе, дыхнуць паветрам Бацькаўшчыны, пачуць жывую беларускую мову...» Нас ахапiла радасць i трывога. Радасць, што пазнаем нашага дарагога паэта, i трывога за яго здароўе... Было гэта ў палове верасня 1916 года. У «Беларускай хатцы» на Захараўскай вулiцы, № 18, у сталоўцы «Таварыства дапамогi ахвярам вайны», — пiсала Зоська Верас.
Ветлiва i зычлiва сустрэты, паэт пасялiўся на кватэры ў Змiтрака Бядулi, якi пакiнуў пасля пра гэты вiзiт шмат каштоўных успамiнаў. Прынамсi, пра мужнае змаганне Багдановiча з хваробай, яго аскетычны лад жыцця: «...Мае думкi перабiвае працяглы кашаль Максiма. Чуваць i на дварэ. Я куру ў запас на ўсю ноч. Калi я ўваходзiў у пакой, Максiм ужо не кашляў. Ён выцiраў хустачкай кроплi поту на iлбе. Яго пышная цёмна-каштанавая шавялюра зрабiлася вiльготнай. Рыжаватыя вусы бездапаможна апусцiлiся ўнiз. А карыя вочы сталi цёмныя, блiскучыя i празрыстыя. Перад iм на стале дзве шклянкi чаю. Адну Максiм «забракаваў» — з цукрам. Ад самага пачатку вайны ён цукар не ўжывае. «Калi мiльёны людзей гiнуць на франтах, калi сотнi тысяч бежанцаў — жанчын, старых, дзяцей — церпяць голад i холад на дарогах, у чыстым полi, я не магу дазволiць сабе раскошы». Так ён мне аднойчы сказаў. Ён мяшае ложачкай чай без цукру i п'е маленькiмi глыткамi...»
Як заўсёды, баючыся чагосьцi не паспець, у Мiнску Максiм Багдановiч намагаецца зрабiць як мага больш для людзей роднага краю. У снежнi 1916 года падае ад Беларускага таварыства дапамогi пацярпелым ад вайны хадайнiцтва перад мiнскiм губернатарам аб правядзеннi лекцыi «Беларускае адраджэнне», якое, на вялiкi жаль, адхiляюць. Разам з Аркадзем Смолiчам i Зоськай Верас працуе над чытанкай для беларускай школы, якая таксама не пабачыла свет... А вось адны з найбольш значных у творчай спадчыне паэта творы выйшлi з-пад пяра менавiта ў родным Мiнску.
Неяк Максiм Багдановiч прызнаўся Змiтраку Бядулю: «Задумаў твор на тэму бiблейскага мiфа. Тэму навеяла мне вайна, гiбель мiльёнаў i мой уласны лёс». Творам гэтым стала апошняя, невялiкая па аб'ёме, ды бясконца эмацыянальна насычаная паэма Багдановiча «Страцiм-лебедзь», многiмi крытыкамi названая запаветам творцы, яго галоўным словам да свету. Чытаецца твор нiбы былiнны рэчытатыў, гэта аповед пра моцнага духам, гордага птаха, якi не жадае пакiдаць астатнiх птушак, ратавацца адзiн:
I паселi тут на лебедзя
Птахi дробныя усёй стаяю.
Лебедзь з сiлы выбiваецца,
Птушкi ажно ўсцяшаюцца.
Дзень ён плавае, другi-трэцi дзень,
На чацвёрты стаў прасiць-малiць:
«Вы ўзляцiце хоць на час якi,
Выбiваюся з астатнiх сiл.
Дайце вы грудзям, гэй, вальней уздыхнуць!
Дайце вы крылам, гэй, шырэй узмахнуць!»
Не паслухалi птахi лебедзя.
Так i загiнуў мужны Страцiм, таму «ад усiх цяпер патомкi ёсць, ды няма адных — Страцiмавых». Важна, што чытаючы твор Змiтраку Бядулю, Багдановiч выразна вымавiў «Максiмавых», што яшчэ раз падкрэслiвае паралель сюжэта твора з уласным горам паэта... Цiкава i тое, што Багдановiч за аснову паэмы бярэ не класiчны, а беларускi фальклорны варыянт бiблейскага мiфа, наўмысна наблiжаючы твор да нашай ментальнасцi, але i пераасэнсоўваючы яго. Падкрэслiваючы згаданы момант, Рыгор Бярозкiн пра галоўнага героя паэмы пiсаў наступнае: «Гэта — дабрыня моцнага, i калi Страцiм загiнуў, дык не таму, што быў «залiшне» добры, а таму, што яго мужнасць i iмкненне да свабоды не абудзiлi такiх самых пачуццяў у «птахаў дробных».
Напiсаны ў Мiнску i хрэстаматыйны сёння верш Багдановiча «Пагоня». У канцы 1916 года ён прагучаў у сценах «Беларускай хаткi» i атрымаў першыя ўражаныя водгукi. Сiмвал дзяржаўнасцi i аб'яднання народа, герб Вялiкага Княства Лiтоўскага, выступае ў творы як прадмет гераiчнага ўвасаблення велiчы беларусаў, iх духоўнай сiлы i надзеi на незалежную будучыню. Адно з галоўных месцаў у вершы, разам з вобразам Старадаўняй Лiтоўскай Пагонi, займае вобраз Мацi-краiны. А асаблiва горкiм момантам паказваецца матыў дзяцей-здраднiкаў, што пакiнулi Бацькаўшчыну ў неймаверна значную для яе пару.
У час перамен, чаканняў, рашучых крокаў жыў i Максiм Багдановiч. I яго жаданне волi i шчасця для роднай краiны было не стрымаць, як тую славутую пагоню... Хай апошнi спачын ён знайшоў не ў Беларусi, аднак перад смерцю паспеў наталiцца яе красой ды гасцiннасцю, налюбавацца родным горадам i блiзкiмi па духу людзьмi.
Максiм Багдановiч
Пагоня
Толькi ў сэрцы трывожным пачую
За краiну радзiмую жах, —
Ўспомню Вострую Браму святую
I ваякаў на грозных канях.
Ў белай пене праносяцца конi, —
Рвуцца, мкнуцца i цяжка хрыпяць...
Старадаўняй Лiтоўскай Пагонi
Не разбiць, не спынiць, не стрымаць.
У бязмерную даль вы ляцiце,
А за вамi, прад вамi — гады.
Вы за кiм у пагоню спяшыце?
Дзе шляхi вашы йдуць i куды?
Мо яны, Беларусь, паняслiся
За тваiмi дзяцьмi уздагон,
Што забылi цябе, адраклiся,
Прадалi i аддалi ў палон?
Бiйце ў сэрцы iх — бiйце мячамi,
Не давайце чужынцамi быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамi
Аб радзiмай старонцы балiць...
Мацi родная, Мацi-Краiна!
Не усцiшыцца гэтакi боль...
Ты прабач, Ты прымi свайго сына,
За Цябе яму ўмерцi дазволь!..
Ўсё лятуць i лятуць тыя конi,
Срэбнай збруяй далёка грымяць...
Старадаўняй Лiтоўскай Пагонi
Не разбiць, не спынiць, не стрымаць.
Юлiя АЛЕЙЧАНКА
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?