Вы тут

Ці скончыцца ў Калумбіі грамадзянская вайна?


На мінулым тыдні ў «топе» стужак сусветных інфармацыйных агенцтваў было мірнае пагадненне, якое адзначыла заканчэнне паўвекавой грамадзянскай вайны ў Калумбіі. Генеральнае пагадненне аб заканчэнні канфлікту і аб усталяванні стабільнага і працяглага міру падпісалі напярэдадні ў горадзе Картахена адмысловымі аўтаручкамі, зробленымі з гільзаў, прэзідэнт краіны Хуан Мануэль Сантас і камандантэ Рэвалюцыйных узброеных сіл Калумбіі (паўстанцкая леварадыкальныя групоўка FARC) Радрыга Ландонья Эчэверы. Прысутныя на цырымоніі кіраўнікі 15 лацінаамерыканскіх краін і міністры замежных спраў 27 дзяржаў з усяго свету віталі заключэнне мірных пагадненняў. Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры заявіў, што Калумбія здзейсніла «гіганцкі крок» на сваім гістарычным шляху, а генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун падзякаваў «усім, дзякуючы каму гэты памятны дзень стаў магчымы». Еўрасаюз, у сваю чаргу, выключыў FARC са спісу тэрарыстычных арганізацый. Але большасць жыхароў краіны падчас рэферэндуму, які адбыўся ў мінулую нядзелю, прагаласавалі супраць прымірэння з паўстанцамі. Так што Калумбіі па-ранейшаму яшчэ далёка да інтэграцыі ў мірнае жыццё. Ці ўдасца шматпакутнай краіне ў рэшце рэшт выкараскацца з багны грамадзянскай вайны?


Час «наркапартызанаў»

Узброенае супрацьстаянне леварадыкальных сіл і афіцыйнага ўрада Калумбіі пачалося яшчэ напрыканцы 1950-х гадоў. Яно лічыцца працягам дзесяцігадовага перыяду барацьбы за ўладу Ліберальнай і Кансерватыўнай партый, які ўвайшоў у гісторыю пад назвай «ла віяленсія» — «час гвалту». У гэтыя гады калумбійскія камуністы ваявалі на баку лібералаў, але пасля заканчэння канфлікту адмовіліся ад перамір'я і вырашылі працягваць барацьбу, увасабляючы ідэю «зацяжной партызанскай вайны» Маа Цзэдуна.

Групоўка FARC (Fuerzas Armadas Revolucіonarіas de Colombіa — Рэвалюцыйныя ўзброеныя сілы Калумбіі, у поўнай назве гучыць як FARC-ЕР, дзе ЕР — Ejercіto del Pueblo — Войска народа) была арганізавана як ваенізаванае крыло мясцовай кампартыі ў 1964 годзе і з тых часоў вяла вайну з урадам за пабудову «новай Калумбіі». Яна абвясціла сябе ваенна-палітычнай апазіцыяй, якая верная ідэям Маркса, Леніна і Балівара, змагаецца за сацыялістычнае грамадства і справядлівасць на ўсёй планеце. Яе росквіт пачаўся ў 1980-я гады на хвалі «какаінавага буму» — рэзкага росту вытворчасці і экспарту какаіну. У гэтыя гады ў Калумбіі склаўся ўмоўны трохкутнік: FARC — «парамілітарэс» — урад. Гэтыя тры гульцы вялі адзін з адным барацьбу за тэрыторыі і даходы ад гандлю наркотыкамі. «Парамілітарэс» называліся байцы «Аб'яднаных сіл самаабароны Калумбіі» — праварадыкальнай групоўкі, якая падтрымлівала арганізаваную злачыннасць і наркабізнес.

Наступныя два дзесяцігоддзі аказаліся самымі кровапралітнымі ў гісторыі калумбійскай грамадзянскай вайны. У цэлым паміж 1958 і 2013 гадамі загінула больш за 220 тысяч чалавек, з якіх 177 тысяч — мірныя жыхары. Каля 45 тысяч чалавек прапалі без вестак і больш за 5 мільёнаў (паводле іншых крыніц, 7 млн) збеглі з краіны. «Ужо тады гэта былі тэрарысты, пад прыкрыццём светлых ідэй, — настойвае намеснік дырэктара Інстытута Лацінскай Амерыкі РАН Уладзімір Судараў. — Яны выкрадалі людзей, каб атрымаць за іх выкуп. У нейкі момант сталі займацца наркабізнесам. У выніку ўтварылася самая магутная ў свеце неафіцыйная ўзброеная групоўка, сумарны бюджэт якой складаў каля $500 млн у год. Гэта дазваляла ім займацца рэкрутаваннем беднага насельніцтва. Калі беднаму хлопцу даюць $20 тыс. і вінтоўку, самі разумееце, што адбываецца». FARC адказная за мноства тэрарыстычных актаў, забойстваў і выкраданняў людзей. Нягледзячы на барацьбу з наркакартэлямі, баевікі FARC займалі тэрыторыі вырошчвання кокі і абкладалі «рэвалюцыйным падаткам» яе продаж. У выніку гэтай тактыкі даходы арганізацыі значна ўзраслі, і да 1990-х гадоў яна кантралявала да паловы тэрыторыі Калумбіі і налічвала 17 тысяч добра ўзброеных байцоў. FARC таксама ішла на лакальнае супрацоўніцтва з картэлямі, якія дзейнічаюць на падкантрольных тэрыторыях (такімі, як Медэльінскі картэль пад кіраўніцтвам вядомага наркабарона Пабла Эскабара), і часцяком папаўняла свае шэрагі за кошт іх прыватных армій. З таго часу ў амерыканскім палітычным лексіконе за баевікамі замацавалася назва «наркапартызаны». У 2001 годзе Дзярждэпартамэнт ЗША ўнёс FARC у спіс тэрарыстычных арганізацый. Пазней такое ж рашэнне прыняў Еўрасаюз.

З прыходам да ўлады прэзідэнта Альвара Урыбе ў 2002 годзе пачалася сістэматычная барацьба з паўстанцамі. Яго бацьку забілі баевікі FARC, і, яшчэ калі быў губернатарам Аньбокіі, Урыбе праславіўся як дзейны палітык і непрымірымы праціўнік леварадыкальных паўстанцаў і наркамафіі. У 2002 годзе на яго было здзейснена 18 (!) замахаў, а FARC пагражалі расстрэльваць усіх, хто за яго прагаласуе. Палітыку дапамаглі ЗША, якія да таго часу ўсвядомілі неабходнасць узмацнення барацьбы з наркатрафікам. Атрымліваючы буйную фінансавую і тэхнічную амерыканскую дапамогу, Урыбе здолеў рэарганізаваць войска і ўключыць у яго атрады сялянскай самаабароны. У выніку за некалькі гадоў колькасць байцоў FARC скарацілася да 7 тысяч чалавек. Групоўка кантралявала значную тэрыторыю ў Цэнтральнай Калумбіі і ў венесуэльскім і эквадорскім памежжы. FARC заставалася вернай ідэалогіі радыкальнага марксізму, у апошнія дзесяцігоддзі лічылася галоўным «дахам» наркакартэляў, якія валодаюць плантацыямі кокі ў калумбійскіх джунглях.

Калумбійскі ўрад вёў з паўстанцамі жорсткую барацьбу, у якой ім актыўна дапамагалі ЗША, якія выдаткоўвалі да $450 млн штогод на фінансаванне антынаркатычнай дзейнасці ў гэтай лацінаамерыканскай краіне. Афіцыйная Багата ў адрозненне ад сваіх суседзяў па кантыненце ніколі не мяняла геапалітычнай арыентацыі, застаючыся адным з найважнейшых саюзнікаў Вашынгтона ў Лацінскай Амерыцы. Абранне ў жніўні 2010 года прэзідэнтам правацэнтрыста Хуана Мануэля Сантаса пацвердзіла гэты курс.

Пры падтрымцы ЗША па «Плане Калумбія» Багата спрабавала весці перамовы. «Урад быў гатовы даць партызанам пэўную тэрыторыю, дзе б яны самі былі ўладай, у іх была б свая паліцыя і судовая сістэма. Але з гэтага эксперыменту нічога не атрымалася, таму што FARC адмовіліся весці перамовы», — запэўнівае Уладзімір Судараў.

Камандантэ Цімашэнка

У 2008 годзе ва ўзросце 77 гадоў ад інфаркту памёр лідар і заснавальнік FARC Мануэль Маруланда. Яго змяніў Альфонса Кано — 50-гадовы камуніст, адзін з лідараў колішніх студэнцкіх хваляванняў у Калумбіі. У лістападзе 2011-га Кано быў забіты калумбійскім спецназам. Яго месца заняў Радрыга Ладанья, больш вядомы як Цімалеон Хіменес па мянушцы «Цімашэнка» (паводле адной з версій, запазычыў «рэвалюцыйнае прозвішча» ў савецкага маршала Сямёна Цімашэнкі). Ён вывучаў медыцыну (спецыялізацыя ў галіне кардыялогіі) у Расійскім універсітэце дружбы народаў імя Патрыса Лумумбы, пасля — на Кубе. Цімашэнка прайшоў ваенную падрыхтоўку ў войску маршала Іосіпа Броз Ціта ў Югаславіі, пасля чаго далучыўся да FARC у сакавіку 1982 года.

Хутка падняўся ў арганізацыі, дасягнуў пасады «камандзіра Дзявятага фронту». У 1986 годзе быў ужо пятым у Цэнтральным штабе FARC. Сваю дзейнасць на пасадзе кіраўніка пачаў з прапановы ўраду прыступіць да мірных перамоваў. «Мы гатовы абмеркаваць прыватызацыю, пытанні зніжэння рэгулявання з боку дзяржавы, абсалютнай свабоды гандлю, дэмакратыю ва ўмовах рынкавай эканомікі», — гаварылася ў заяве камуністычных партызанаў.

На цырымоніі ў Картахене Цімашэнка, апрануты ў кубінскую кашулю гуаябера, выглядаў урачыста і папрасіў прабачэння ў ахвяраў канфлікту. Але першы паўстанцкі камандантэ славіўся сваёй жорсткасцю і бескампраміснасцю. У маі 2006-га ён быў завочна асуджаны ў Калумбіі да турэмнага зняволення тэрмінам на 40 гадоў за шматлікія забойствы і выкраданні людзей, сярод якіх быў адзін з губернатараў краіны. ЗША абвінавацілі яго ў арганізацыі вытворчасці і абароту какаіну ў Калумбіі і іншых краінах Лацінскай Амерыкі і прапанавалі ўзнагароду ў $5 млн за інфармацыю, якая прывядзе да яго затрымання.

На лязе нажа

Згодна з праектам, які атрымаў амбіцыйную назву «Да новага калумбійскага поля», 7 млн гектараў планавалася перадаць ва ўласнасць беззямельных сялян. Таксама ўрад выказаў гатоўнасць прафінансаваць замену пасеваў какаінавых кустоў (па звестках ААН, яны ў Калумбіі займаюць плошчу да 96 тыс. га) на іншыя агракультуры. Улады абяцаюць вярнуць FARC з ваеннага камунізму ў мірны капіталізм. Дарэчы, у Калумбіі здаровая разнастайная эканоміка, сарыентаваная на экспарт, у першую чаргу кавы і вугалю. Аднак наркагандаль, карупцыя і палітычная нестабільнасць адпуджваюць інвестараў.

Меркавалася, што месцы ў парламенце адразу на два тэрміны атрымаюць 10 былых партызанаў — па пяць у палаце прадстаўнікоў і сенаце. Яшчэ 16 чалавек будуць прызначаны ў парламент з рэгіёнаў, найбольш пацярпелых ад вайны. Урад паабяцаў даць гарантыі для сацыяльных рухаў і забяспечыць бяспеку ўсіх, хто будзе займацца палітыкай. Па пагадненні ўрада з паўстанцамі, кожны партызан, які дэмабілізаваўся, павінен быў атрымаць $684 у якасці разавай выплаты, а пасля цягам двух гадоў — 90% ад мінімальнай заработнай платы (на сённяшні дзень гэта каля $211). Калі былы вайсковец захоча заняцца бізнесам, то меркавалася, што ён зможа атрымаць пад свой праект $2720.

Аналітыкі сцвярджалі, што рэалізаваць насамрэч гістарычнае пагадненне на практыцы можа быць больш складана, чым заключыць фармальнае перамір'е. Інтэграцыя былых партызанаў у грамадзянскае жыццё ўяўляе сабой складаную задачу. Не меншыя цяжкасці ўяўляла правядзенне ваеннага трыбунала над усімі ўдзельнікамі канфлікту, рашэнні якога павінны балансаваць на лязе нажа, каб не справакаваць ні адзін з бакоў на зрыў дагавора.

Ёсць таксама рызыка, што частка партызанскага руху не падпарадкуецца рашэнню вярхушкі скласці зброю і адмовіцца ад ранейшага жыцця, што пацягне за сабой раскол арганізацыі. Карэспандэнт брытанскага выдання The Guardіan у Калумбіі апытала паўстанцаў пра тое, што яны думаюць наконт перамоваў лідараў іх руху з урадам. Многія з іх не могуць уявіць жыццё «без сваіх АК-47». Як мінімум адзін атрад FARC абвясціў, што не збіраецца падпарадкоўвацца плану дэмабілізацыі і «працягне барацьбу за ўладу народа і для народа».

У палітычнай эліце Калумбіі таксама ёсць незадаволеныя гэтым пагадненнем, у іх ліку колішні прэзідэнт Урыбе, які паклаў на барацьбу з «наркапартызанамі» ўсю сваю палітычную кар'еру. Крытыкі заклікаюць перагледзець пункты дамовы і вынесці жорсткае пакаранне баевікам. Недавер насельніцтва да свайго ўрада, як і да гатоўнасці FARC скласці зброю, а таксама праблема наркагандлю, якая не страчвае актуальнасці, становяцца перашкодамі на шляху ўстанаўлення міру. Што, дарэчы, яскрава прадэманстравалі вынікі нядзельнага рэферэндуму — па сутнасці, краіна аказалася расколатай на два непрымірымыя лагеры.

Па словах прэзідэнта Калумбіі Хуана Мануэля Сантаса, рэжым прыпынення агню паміж узброенымі сіламі краіны і паўстанцамі з FARC, які быў аб'яўлены напрыканцы жніўня, застаецца ў сіле. Камандантэ Цімашэнка таксама выказаў імкненне да міру, нягледзячы на вынікі рэферэндуму.

Французскі палітолаг, спецыяліст па Лацінскай Амерыцы Стэфан Ланэ, лічыць, што да ўсталявання поўнага міру ў Калумбіі яшчэ далёка: «Гэта краіна, дзе існуе мноства нелегальных узброеных груповак, папросту злачынных бандаў. Так што калі нават мірнае пагадненне з FARC будзе рэалізавана, то агульны мір усё роўна не наступіць. Краіна па-ранейшаму будзе часткова знаходзіцца ў стане вайны».

Застаецца спадзявацца, што шляхі да выхаду з грамадзянскай вайны ўсё ж будуць знойдзены. Важна, што калісьці варожыя бакі выказалі да гэтага імкненне. Як трапна заўважыў сусветна вядомы калумбійскі пісьменнік, «бацька» лацінаамерыканскага «містычнага рэалізму» Габрыэль Гарсія Маркес, «хвіліна прымірэння каштуе больш за неразлучнае сяброўства». Тут не паспрачаешся.

Захар БУРАК

burak@zvіazda.by

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Паўстагоддзя на лініі фронту

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.