Вы тут

Успаміны абаронцы Брэсцкай крэпасці Пятра Кацельнікава


Пётр Кацельнікаў — абаронца Брэсцкай крэпасці з Беларусі, які да нядаўняга часу жыў у горадзе над Бугам.

Мы, хлопчыкі пакалення шасцідзясятых, захапляліся мужнасцю абаронцаў Брэсцкай крэпасці. Асабліва нас хвалявалі юныя героі. Іх імёны мы ведалі на памяць: Пеця Васільеў, Пеця Клыпа, Валодзя Казьмін, Пеця Кацельнікаў, Нюра Кіжаватава...


Я шмат разоў бываў у цытадэлі над Бугам і заўсёды марыў пазнаёміцца хоць з адным з гэтых герояў. 9 мая 2005 года непадалёк ад Паўночных варот Брэсцкай крэпасці праходзіў мітынг у гонар 60-годдзя Перамогі. На сцэну падняўся высокі сівы мужчына ў вайсковай форме са шматлікімі ордэнамі і медалямі на грудзях. Я яго адразу пазнаў. Гэта быў Пётр Паўлавіч Кацельнікаў, выхаванец 44-га стралковага палка, адзіны жывы абаронца Брэсцкай крэпасці з Беларусі.

Тады мне не хапіла рашучасці падысці да яго. Праз месяц я адважыўся і патэлефанаваў дырэктару мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» і папрасіў у яго адрас і тэлефон Пятра Кацельнікава. Так я даведаўся, дзе жыве юны абаронца. Напісаў яму ліст. Той мне адразу адказаў... Потым я часта размаўляў з Пятром Паўлавічам па тэлефоне, рэгулярна перачытваў яго ўспаміны пра Брэсцкую крэпасць.

Навальніца!?

«...Восенню 1940 года пяцёх хлопчыкаў з дзіцячага дома «Чырвоны Кастрычнік», што ў Растоўскай вобласці, прынялі выхаванцамі ў Чырвоную Армію. Нас прывезлі ў ваены гарадок пад Брэстам, залічылі ў музычны ўзвод. Напярэдадні вайны наш 44-ты стралковы полк, якім кіраваў Пётр Гаўрылаў, перавялі ў Брэсцкую крэпасць. На той момант мне было 12 гадоў. Наш узвод размяшчаўся ў заходняй казарме цытадэлі непадалёк ад Брыгідскіх варот крэпасці.

22 чэрвеня 1941 года ў 4 гадзіны раніцы тысячы бомбаў і снарадаў паляцелі на крэпасць. Я прачнуўся ад грохату выбухаў і адразу не зразумеў, што адбываецца. Падумаў, навальніца. Шкло з акон павылятала, праз аконныя праёмы былі відаць палаючыя казармы. І раптам — выбух! Калі я прыйшоў у прытомнасць, галава была перабінтавана, а побач незнаёмыя байцы стралялі з акон па фашыстах, якія пад прыкрыццём свайго агню праніклі на цэнтральны востраў, захапілі частку казармы і чырвонаармейскі клуб. Я пачаў дапамагаць байцам: зараджаў абоймы, кулямётныя стужкі, падаваў патроны, гранаты».

Смяротны занятак

«К зыходу першага дня вайны я з групай байцоў перайшоў у размяшчэнне 333-га стралковага палка. На гэтым участку абароны баявымі дзеяннямі кіравалі старшы лейтэнант Патапаў і лейтэнант Андрэй Кіжаватаў — начальнік 9-й пагранічнай заставы. Тут я сустрэўся са сваімі аднагодкамі: Пецем Клыпам, Колем Новікавым, Пецем Васільевым, Нюрай Кіжаватавай, Валяй Зенкінай. Нам загадалі даставіць боепрыпасы са складоў. Мы папаўзлі туды пад кулямі. Аказалася, іх заваліла выбухам. Прыйшлося пад стрэламі адкопваць скрыні з боепрыпасамі. Нялёгка прыйшлося і дзяўчынкам. Яны набівалі патронамі кулямётныя дыскі, стужкі, перавязвалі параненых.

Нюра Кіжаватава з дзяцінства ўмела добра страляць з вінтоўкі і цяпер замяняла ў акне параненых і забітых байцоў, трапна страляючы па фашыстах. Ноччу мы, хлопчыкі, паўзлі на нейтральную паласу, забіралі ў забітых гітлераўцаў патроны, гранаты, зброю. Потым бралі кацялкі, пляшкі і паўзлі да рэчкі па ваду. Гэта быў смяротны занятак — усе берагі рэчкі прастрэльваліся шчыльным агнём ворага, асвятляліся пражэктарамі. Але іншага выйсця не было — параненыя і асабліва дзеці хацелі піць».

Даплыць да берага

«...У апошнія дні чэрвеня фашысты без перапынку штурмавалі крэпасць. Абаронцы разумелі, што доўга не змогуць пратрымацца, і вырашылі прарывацца на Кобрынскае ўмацаванне, выйсці з крэпасці і злучыцца з Чырвонай Арміяй.

Сабраўшы апошнія гранаты, праверыўшы зброю, наша групоўка кінулася да моста цераз Трохарачныя вароты. Фашысты адразу адкрылі шчыльны агонь. Некалькі байцоў і я разам з імі засталіся каля моста прыкрываць прарыў сваіх сяброў. Невялічкай групе адважных удалося прабіцца на процілеглы бераг. Завязаўся страшэнны рукапашны бой. Мы кінуліся на дапамогу. Фашысцкія кулі адразу ўспенілі ваду. Не ўсім пашчасціла даплыць да берага...

Мяне аднесла да берага. Побач плыў мой сябар Валодзя Ізмайлаў. Мы выбраліся на бераг і папаўзлі ў бок каземата. Там былі жанчыны, дзеці, параненыя байцы. На наступны дзень фашысты ізноў пачалі абстрэл і бамбёжку крэпасці. Ад магутных выбухаў дрыжэла зямля, рушыліся сцены казематаў. Азвярэлыя фашысты ўварваліся ў наш каземат. Усіх, хто застаўся жывым, вывелі, пастроілі і пагналі ў лагер для ваеннапалонных у Бяла-Падляску. Параненых і тых, хто не мог хадзіць, расстрэльвалі на нашых вачах.

Пры перавозе зняволеных у іншае месца нам з Валодзем Ізмайлавым удалася збегчы. Жылі ў вёсцы Сакі Брэсцкай вобласці. Спрабавалі звязацца з партызанамі, але безвынікова. Дапамог трагічны выпадак. Восенню 1942 года фашысты сталі зганяць жыхароў некалькіх вёсак у мястэчка Жабінка. Мы з Валодзем схаваліся ў лесе. Там і сустрэлі партызан. З таго часу выконвалі іх даручэнні».

Не дажылі да Перамогі

«На жаль, не ўсе юныя абаронцы крэпасці здолелі дажыць да Перамогі. У няроўным баі ў крэпасці пры штурме чырвонаармейскага клуба загінуў Пеця Васільеў. Смяротна паранены, ён паспеў прамовіць: «Перадайце родным у Сталінград...» Што хацеў сказаць хлопчык сваім родным у далёкі Сталінград, ніхто ўжо не даведаецца...

Восенню 1942 года загінула дачка начальніка 9-й заставы, бясстрашная дзяўчынка Нюра Кіжаватава. Фашысты расстралялі яе разам з матуляй, бабуляй, братам і сястрой.

Пятра Гаўрылава, камандзіра 44-га стралковага палка, фашысты здолелі ўзяць у палон цяжкапараненага толькі на 32-гі дзень вайны. У сваім апошнім баі Пётр Міхайлавіч забіў некалькі фашыстаў...»

***

І сёння Брэсцкая крэпасць захоўвае мноства легендаў і хвалюючых загадак. Калі быў узяты ў палон ці забіты апошні абаронца крэпасці? Хто быў той невядомы герой, які кінуў у строй ворага з Цярэспальскай вежы звязку гранат, а сам, каб не трапіць у палон, пакончыў з сабой? Як звалі бясстрашную дзяўчыну, якая ноччу выходзіла з аўтаматам з падзямелля і палявала на фашыстаў, прычым ніколі не прамахвалася? Дзесьці ў засыпаных падвалах ляжаць закапаныя ў зямлю ці замураваныя ў сценах баявыя сцягі палкоў, якія і дагэтуль не знойдзены. Старыя сцены цытадэлі над Бугам маўчаць і, відаць, ніколі не раскажуць свае тайны...

Міхаіл МАСКАЛЬЧУК

Бераставіцкі раён

Загаловак у газеце: Юны абаронца цытадэлі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.