Вы тут

Што пакаштаваць і паглядзець беларусам у В'етнаме


Даўно марыла з'ездзіць у экзатычную краіну. Але самі разумееце, падарожжа з 10-гадзінным авіяпералётам не можа быць танным. А тут пачула ад знаёмых, што адпачынак у В'етнаме каштуе не нашмат даражэй, чым у Еўропе. І «загарэлася», хоць пра краіну ведала толькі тое, што адтуль прывозяць мае любімыя сушаныя бананы і на чале ўлады там камуністы. Чаму в'етнамцы ходзяць у масках, навошта ў мясцовых дамах робяць алтары і як «апрацоўваюць» зярняты для самай дарагой кавы ў свеце?


Тры кіламетры на фунікулёры

Самы папулярны курортны горад у турыстаў — Нячанг. У ім я і спынілася. Экскурсію па Нячангу лёгка зладзіць самастойна: да ўсіх славутасцяў можна дабрацца пешшу ці на грамадскім транспарце. Мясцовыя гарадскія аўтобусы вельмі камфортныя. Калі за акном 30-градусная спякота, у халаднаватым салоне на ўсю моц працуюць кандыцыянеры і гучыць азіяцкая папса.

З таго, што варта паглядзець у Нячангу, — Сад камянёў, Чампскія вежы По Нагар (іх прызначэнне — пакланенне індуісцкім бажаствам), будысцкая пагада Лонг Шонг і статуя Буды, які сядзіць (хоць будысцкіх храмаў у В'етнаме шмат, большасць людзей — атэісты; пры гэтым каля 90 працэнтаў мясцовых жыхароў захоўваюць культ продкаў і маюць у гасцінай дома своеасаблівы алтар з фотаздымкамі памерлых сваякоў).

Не абмініце Інстытут акіянаграфіі (квіток каштуе крыху больш за два нашыя рублі). Тут можна пабачыць чучалы марскіх млекакормячых, дагістарычных пачвараў, сотні бутэлек з «закансерваванымі» ў фармаліне воднымі жыхарамі і гіганцкі шкілет кіта, знойдзены в'етнамскімі фермерамі.

Побач з Нячангам знаходзіцца востраў забаў Вінперл. Нават калі вы не любіце аквапарк і каруселі, туды варта з'ездзіць: на востраў вядзе самая доўгая канатная дарога ў свеце — 3,3 кіламетра на фунікулёры на вышыні 40—60 метраў над узроўнем мора.

Яшчэ адно цікавае месца непадалёк ад гэтага курортнага горада — востраў малпаў. У часы СССР на ім знаходзілася навуковая лабараторыя, дзе праводзілі доследы над прыматамі. Калі лабараторыя закрылася, частку жывёл вывезлі, а астатнія разбегліся па востраве. Цяпер гэта месца штосьці накшталт запаведніка.

Каб лепш пазнаёміцца з паўднёвым В'етнамам, я раіла б наведаць яшчэ два гарады — горны Далат і мегаполіс Хашымін. У Далаце — еўрапейскім па атмасферы і клімаце (гэта адзіная в'етнамская правінцыя, дзе вырошчваюць клубніцы) — вас чакае залаты Буда, самы дзіўны гатэль у свеце (яго праз незвычайную архітэктуру яшчэ называюць «шалёным домам») і вадаспады. А Хашымін, ці Сайгон, будзе цікавы аматарам ваеннай тэматыкі. Абавязковыя пункты агляднай праграмы — партызанскія тунэлі Ку Чы (некаторыя з іх пашырылі, каб прапаўзці пад зямлёй мог турыст любой камплекцыі) і Музей вайны (калі пойдзеце знаёміцца з экспазіцыяй, якая расказвае пра турмы ваенных часоў, лепш не фатаграфуйце з успышкай — уся столь занята спячымі кажанамі).

«Вочы дракона» са смакам дыні

Экзатычная садавіна — абавязковы пункт у спісе таго, што варта пакаштаваць у В'етнаме. Мяккія жоўтыя манга, маленькія бананчыкі (яны нашмат саладзейшыя за тыя, што прывозяць да нас з Афрыкі), чырвоны рамбутан (пад валасатай скуркай — белыя ягады з кіслінкай). Пітахая, ці «сэрца дракона», па смаку нагадвае пераспелае ківі. А маленькія ягады ланган — дыню (калі здымаеш з іх скурку, разумееш, чаму іх другая назва — «вочы дракона»: праз паўпразрыстую мякаць відаць чорную костачку).

У турыстычным даведніку нахвальвалі яшчэ адзін фрукт — дурыян. Называецца ён так праз свой спецыфічны пах (з гэтай прычыны з ім, дарэчы, забараняюць праходзіць у гатэлі і транспарт). Але смак у яго вельмі прыемны, запэўнівалі ў буклеце, дарма турысты не рашаюцца пакаштаваць дурыян. Я рашылася. Не верце даведнікам. На смак гэты фрукт не лепшы, чым на пах.

Што да традыцыйнай в'етнамскай кухні, то адна з самых славутых страў — суп фо («фо» трэба прамаўляць з паніжэннем інтанацыі, бо інакш слова перакладаецца як жанчына лёгкіх паводзін). Гэта сытны булён з рысавай локшынай і курыцай, ялавічынай ці морапрадуктамі. В'етнамцы ядуць яго на сняданак, каб запасціся энергіяй на ўвесь дзень.

Папулярныя таксама блінцы з рысавай паперы, рысавыя піражкі і рыбны соус, які в'етнамцы заўсёды падаюць да стала. Пра апошні трэба расказаць асобна. Гатуецца ён у вялікіх бочках: туды засыпаюць дробную рыбу (звычайна анчоусы) і соль, прыціскаюць каменем і даюць настаяцца некалькі месяцаў. Атрыманая адфільтраваная вадкасць і ёсць соус. Кажуць, яго не дазваляюць вывозіць з краіны, бо в'етнамцы баяцца, што рэцэпт «сплыве». Але здаецца, забарону наклалі хутчэй авіяперавозчыкі: занадта ж едкі пах у таго рыбнага соусу.

Ін­шы бок В'ет­на­ма.

В'етнам займае другое месца ў свеце па імпарце кавы, таму аматарам гэтага напою будзе што паспытаць. Акрамя стандартных арабікі і рабусты, тут ёсць свае ўнікальныя гатункі. Напрыклад, лювак, які лічыцца самым дарагім і смачным. Апрацоўваць кававыя зярняты для гэтага гатунку дапамагае... маленькая жывёла — мусанг (накшталт куніцы). Яна жыве на плантацыях і любіць частавацца кававымі пладамі. Пры гэтым выбірае самыя спелыя з іх. Зярняты праходзяць праз страўнік жывёлы і набываюць асаблівы смак і водар. Ёсць яшчэ кава «слон». Як вы ўжо, напэўна, здагадаліся, гатуецца такім жа чынам, як і лювак, толькі з дапамогай іншай жывёлы.

Многія кавярні-барбекю працуюць па сістэме «ўсё ўключана»: плаціце толькі за ўваход (25 рублёў на нашы ў сярэднім). Добрая магчымасць пакаштаваць некалькі далікатэсаў зараз, напрыклад мяса страуса ці кракадзіла. Але будзьце гатовыя да таго, што запякаць крэветак і тунца на грылі вам давядзецца самастойна: на кожным століку для гэтага стаіць міні-пліта.

Бу­дысц­кая па­га­да ў Ня­чан­гу.

Нелагічны шопінг

У чым у В'етнаме разабрацца нескладана, дык гэта ў грашах. Проста ўявіце, што вы ў Беларусі да дэнамінацыі. Адзін долар — прыкладна 22 тысячы в'етнамскіх донгаў. І ніякіх манет. Самы выгадны курс — у аэрапорце і ювелірных крамах. Хоць усё залежыць ад таго, якую купюру вы збіраецеся мяняць: чым драбнейшы намінал, тым менш прывабны курс.

Цэны невысокія. Праўда, толькі на мясцовыя прадукты. Трапічную садавіну прадаюць па два рублі на нашы грошы за кілаграм (калі думаеце, што гэта дорага, прывяду прыклад: у мінскім гіпермаркеце кіло тых фруктаў — напрыклад, пітахая ці рамбутан — каштуе 40—50 рублёў). А за рубель можна набыць магніцік ці бутэльку піва.

Забудзьце на логіку, якая дапамагае рабіць выгадныя пакупкі ў Еўропе. У В'етнаме яна не працуе. У буйных супермаркетах тавары не каштуюць танней: самыя нізкія цэны аказаліся ў маленькай краме побач з гатэлем. А мясцовыя жыхары, якія пад'язджаюць на роварах з кашамі, запоўненымі садавіной, наўпрост да прыбярэжнай зоны, папросяць за манга і бананы не больш, чым на рынку.

Наведваючы славутасці, будзьце ўважлівыя: знаходлівыя в'етнамцы пастараюцца выбіць з вас грошы за тое, за што плаціць не трэба. Так, у адным з будысцкіх храмаў мужчына (яўна не манах) прынёс мне пахучасці, каб паставіць на алтар, а потым спрабаваў узяць за гэта 10 долараў. Прытым, што на сцяне вісеў плакат, дзе па-руску і па-англійску было напісана, што пахучасці бясплатныя. Увогуле праз няведанне в'етнамцамі замежных моў такія казусы здараюцца часта. Так, аднойчы на пляжы ўвечары пад шыльдай «Асцярожна! Апошнім часам пабольшала выпадкаў атручвання нясвежымі морапрадуктамі, прададзенымі на пляжы» мужчыны з кацялком гандлявалі крабамі і рыбай.

Цікавыя факты

— У гарадах жыве толькі 30 працэнтаў в'етнамцаў. А вышэйшую адукацыю мае ўсяго чатыры працэнты насельніцтва.

— Самы прыгожы чалавек — белы чалавек, лічаць у В'етнаме. Таму месцічы хаваюць скуру ад сонца: носяць адзенне з доўгімі рукавамі, адзяваюць пальчаткі і шкарпэткі пад сланцы нават у спякоту, а твар закрываюць маскамі з тканіны (іх прадаюць ва ўсіх буйных крамах). Купацца ў моры ходзяць з самага ранку ці ўвечары, калі няма рызыкі загарэць.

— Большасць в'етнамцаў ездзяць на скутарах. Аўтамабіль тут — прадмет раскошы. Турысты часта таксама арандуюць скутары, хоць па сутнасці не маюць права імі кіраваць: у В'етнаме дзейснае толькі мясцовае вадзіцельскае пасведчанне. Але калі вы захоўваеце два асноўныя правілы — не перавышаеце хуткасць і ездзіце ў шлеме — паліцыя вас не спыніць. А вось пешаходныя пераходы тут даволі ўмоўныя: кіроўцы не звяртаюць на іх увагі. Турыстаў, якія падоўгу стаяць на тратуары і не рашаюцца перасекчы дарогу, выручаюць мясцовыя: хапаюць пад руку і пераводзяць на другі бок.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Суп «лёгкіх паводзін» і залаты Буда

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.

Грамадства

Птушкі, людзі, цытаты з класікаў: хто, як і навошта расфарбоўвае гарады

Птушкі, людзі, цытаты з класікаў: хто, як і навошта расфарбоўвае гарады

 Карэспандэнт «Звязды» сустрэлася з мастаком Аляксандрам Благіем.

Грамадства

На лячэнне і паляванне. Што прыцягвае замежнікаў у Беларусі?

На лячэнне і паляванне. Што прыцягвае замежнікаў у Беларусі?

​Беларускія санаторыі перасталі быць месцам адпачынку пераважна пажылых людзей.

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці