Вы тут

Сталічнай сям'і ЖЭС выдзеліў кватэру, якую цяпер адбіраюць праз суд


Прадпрыемства выдзеліла жанчыне кватэру, а цяпер сцвярджае, што яна сама туды засялілася.

«Я 12 гадоў адпрацавала ў ЖЭСе. А цяпер аказалася непатрэбнай, і мяне з сям'ёй выганяюць на вуліцу». У сціпла абстаўленай сталічнай двушцы па вуліцы Прушынскіх, 42 Любоў МАРФЕЛЬ жыве з дзвюма дочкамі і маці-інвалідам. Калі тры гады таму ЖЭС выдзеліў ёй гэту кватэру, жанчына не паверыла свайму шчасцю. Таму факту, што памяшканне не было афіцыйна аформлена, нават не надала ўвагі: маўляў, многіх работнікаў так засялялі — і нічога. А цяпер не можа дараваць сабе ўласнай наіўнасці. Суд патрабуе пакінуць кватэру і адмаўляе ў адтэрміноўцы, хоць сям'і няма куды з'язджаць.


У ЖЭС — дзеля жылля

Калі на пачатку 2000-х Любоў Станіславаўна разам з мужам пераехалі ў сталіцу, абодва ўладкаваліся на работу ў ЖЭС.

— Усе туды ішлі працаваць дзеля кватэры, — не хавае жанчына. Сустракаемся з ёй у той самай двушцы: недарагая мэбля, частка якой засталася ад папярэдняга жыльца-электрыка і грошы за якую Любоў Станіславаўна вяртала паўгода, фатаграфіі дачок на сцяне, іконы над пісьмовым сталом. — Раней жыллё давалі толькі дворнікам і майстрам. Ні бухгалтарам, ні эканамістам не давалі. Таму муж пайшоў майстрам, я — прыбіральшчыцай... Ведаеце, адзнакі ў школе былі нядрэнныя, і я думала: дзякуй богу, што ніхто мяне не бачыць тут з аднакласнікаў. Мне было сорамна, што я мыю пад'езды.

Спачатку сям'і выдзелілі калясачную. Пакой невялікі — 2,5 на 5 метраў, але, кажа Любоў Станіславаўна, ім з адным дзіцем месца хапала. Калі ў доме пачынаўся капітальны рамонт, жанчына папрасіла аформіць гэта памяшканне як жылое, каб потым падаць на прыватызацыю.

— Хоць якая халупа, але свая была б, — разважае яна. — Мне адмовілі. А я па характары мяккацелая, не заўсёды дабіваюся чаго хачу.

Калі жанчына была ў другім дэкрэтным водпуску, прадпрыемства прапанавала ёй пабудавацца ў мікрараёне Лошыца. Сям'я сабрала неабходныя дакументы. Але кватэру так і не атрымала: аддалі шматдзетным. Пасля, прыгадвае Любоў Станіславаўна, яна даведалася, што пабудаваліся людзі, якія станавіліся на чаргу пазней за іх. Аказваецца, у калектыўным дагаворы было прапісана, што работнікам, у якіх ЖЭС мае асаблівую патрэбу, жыллё могуць выдзеліць раней.

— Ну добра, я — прыбіральшчыца, але ж мой муж на той момант быў ужо дырэктарам ЖЭСа. Пытаюся, чаму яму не даюць будавацца? Мне кажуць: а ён не прасіў! Як не прасіў, мы ж стаім на чарзе? У ЖРЭА ведалі, што мы жывём у калясачнай і выхоўваем дваіх малых...

Пераехаць з той калясачнай прымусілі абставіны. Калі Любоў Станіславаўна пасля другога водпуску па доглядзе за дзіцем выйшла на працу (на пасаду майстра), забіраць малодшую дачку з садка давялося старэйшай. Сама яна проста не паспявала пасля работы. А муж... Той загуляў, сышоў да іншай жанчыны (цяпер Любоў Станіславаўна з ім у разводзе). У садку папярэдзілі: калі дзіця будзе забіраць дзіця, ні да чаго добрага гэта не прывядзе, давядзецца куды-небудзь паведаміць.

— Расказала пра сваю праблему на рабоце. Прасіла знайсці іншае жыллё, якое было б бліжэй да работы і садка.

Праз нейкі час мяне выклікаюць і кажуць: «Ёсць кватэра на вуліцы Прушынскіх, пойдзеш?

Ведаеце, мы заўсёды ішлі не гледзячы.

«Люба, цябе падманваюць»

У кватэру Любоў Станіславаўна засялілася ў лістападзе 2013 года. Неафіцыйна. А праз паўгода з праверкай нечакана з'явіўся АБЭЗ.

Пачаўся разбор. На двух дырэктараў ЖРЭА Ленінскага раёна сталіцы завялі крымінальныя справы. ЖРЭА ў сваю чаргу падало іскі аб высяленні сем'яў.

— Яны сцвярджаюць, што мы самавольна занялі памяшканні. Ну як гэта магчыма? Што я, дзверы зламала ці рашоткі на вокнах перагрызла? — здзіўляецца Любоў Станіславаўна.

Акрамя таго, што сям'і трэба пакінуць кватэру, з жанчыны яшчэ збіраюцца спагнаць суму за беспадстаўнае абагачэнне, паколькі ўвесь час, што яна жыла ў тым памяшканні, яна не аплачвала камунальныя паслугі. Вярнуць неабходна амаль 2,5 тысячы рублёў.

Суды зацягнуліся на два гады. Увесь гэты час Любоў Станіславаўна спадзявалася, што прадпрыемства падшукае ёй іншае памяшканне.

— Мне абяцалі: «Вядома, на вуліцу не выселім». Я не прасіла шыкоўнасці, згодна была на калясачную... А потым са ЖРЭА патэлефанавала мая куратар і сказала: «Люба, яны цябе проста падманваюць. Чакаюць, калі да цябе прыйдуць прыставы і выганяць на вуліцу». Я пайшла па інстанцыях. Нідзе не могуць дапамагчы. У раённай адміністрацыі сказалі, каб шукала месца працы з інтэрнатам, маўляў, ніхто табе нічога не вінен... (Суразмоўніца, якая дагэтуль старалася трымаць сябе ў руках, расплакалася.) У мяне ад гэтай сітуацыі псарыяз ужо палез. Здароўем не магу заняцца. Выбілася з сіл...

Улетку жанчына ўсё ж такі звольнілася. Уладкавалася прадаўцом на Мінскі мясакамбінат. Там абяцаюць даць месца ў інтэрнаце. Але ж на прадпрыемстве свая чарга, і перад жанчынай у спісе — яшчэ 12 сем'яў.

— На апошнім судзе думала, што дадуць адтэрміноўку, дазволяць дажыць у гэтай кватэры, пакуль не атрымаю пакой у інтэрнаце. Адмовілі, сказалі: «Вы павінны былі штосьці знайсці». Зняць кватэру я не магу. Заробак — 400 рублёў, аліменты — 200. Толькі на школьнае харчаванне ў месяц ідзе 100 рублёў. У Мінску няма родных, каб хаця часова ў кагосьці пажыць.

Паехаць жыць па месцы прапіскі не варыянт — Любоў Станіславаўна зарэгістравана ў Заводскім раёне ў кватэры старонніх людзей. У брата ці сястры (адзін жыве ў Магілёве, другая — у Гомелі) з пэўных прычын таксама спыніцца не можа. Вярнуцца ўчацвярых у сваю вёску (жанчына родам з мястэчка Чарапы Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці)? Гэта не так проста, бо трэба даглядаць 80-гадовую маці пасля інфаркту (а ў горадзе ўзровень медыцынскай дапамогі вышэйшы), дый дочкі тут ходзяць у школу.

— Ведаеце, малодшая прыстасавалася б. А старэйшую шкада. Яна ў гімназіі вучыцца ў дзявятым класе, там французская мова. А ў сельскай школе што? Тым больш экзамены ў гэтым годзе. Калі б магла, пакінула б старэйшую дачку з татам, а сама паехала б у вёску з маленькай. Але муж з намі не падтрымлівае адносіны ўжо тры гады. Дні нараджэння ў дзяўчат былі — нават эсэмэскі не даслаў. Старэйшая дык крыўдуе, — на вачах жанчыны зноў з'яўляюцца слёзы.

У чарговы раз суразмоўніца перабірае дакументы, што назбіраліся ў яе за час судоў, — іскі, папярэджанні, адказы на звароты. Быццам спрабуе знайсці зачэпку, якая дапаможа ёй выйграць гэту практычна безнадзейную справу.

— Б'ёмся самі. Мне кажуць: а навошта ты ішла ў гэту кватэру, калі разумела, што засяляюць неафіцыйна? А што мне было рабіць? Не на прыпынку ж з дзецьмі сядзець. Чаму за парушэнні службовых асоб павінны цярпець іх работнікі?

«Усе ідуць насустрач»

Па падрабязнасці мы звярнуліся ў ЖРЭА Ленінскага раёна Мінска, якое з'яўляецца істцом па гэтай справе. Там заявілі, што сітуацыя складаная, суд канчатковае рашэнне яшчэ не прыняў. Як так аказалася, што іх работніца Любоў Станіславаўна неафіцыйна жыве ў кватэры і мае ключы ад яе — каментаваць не сталі. Але на некаторыя пытанні ўсё ж адказалі.

— Няпраўда, што мы не спрабавалі падабраць для майстра Марфель іншае памяшканне, — сцвярджае намеснік дырэктара ЖРЭА па ідэалагічнай рабоце і агульных пытаннях Андрэй НОВІК. — Мы падавалі хадайніцтва ў адміністрацыю Ленінскага раёна з просьбай прадаставіць жыллё ёй, яе маці 1936 года нараджэння і двум непаўналетнім дзецям. Адміністрацыя шукала месца ва ўсіх інтэрнатах раёна, але вольных пакояў няма. Пісалі ў адміністрацыю Партызанскага раёна па гэтым жа пытанні, калі жанчына збіралася ўладкавацца на Мінскі трактарны завод. Таксама нічога.

Свайго інтэрната ў ЖРЭА няма. Будавацца работнікам прапануюць згодна з чаргой. Але ўжо тры гады ніякіх жылых будынкаў не здавалі.

Андрэй Новік кажа, што ў судзе прыпынялі справу да сёлетняга верасня, каб даць жанчыне час вырашыць сваё жыллёвае пытанне і з'ехаць. Больш зацягваць не могуць: кватэра, якую займае Любоў Станіславаўна, прызначана для пэўных катэгорый грамадзян — сірот, шматдзетных сем'яў.

— Але ж Марфель таксама сярод тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Да таго ж адна выхоўвае дзвюх непаўналетніх дачок.

— Яна стаіць на чарзе ў Заводскім раёне, па месцы прапіскі, а не ў Ленінскім, — тлумачыць Андрэй Новік.

Усе ішлі былой работніцы насустрач, запэўнівае намеснік дырэктара ЖРЭА. Суд пастаянна даваў адтэрміноўкі. Іншыя тры сям'і з гэтага дома, супраць якіх таксама былі пададзены іскі, ужо выселілі. Акрамя таго, хадайніцтва аб прадастаўленні жанчыне і яе сям'і месца ў інтэрнаце цяпер знаходзіцца ў Мінгарвыканкаме.

— Яна павінна разумець: законнага спосабу пакінуць сабе кватэру няма. Шкада дзяцей, але кропку ў гэтай справе ўсё роўна паставіць суд.

Афіцыйна

Закон, на жаль, не на баку Любові Марфель. Падставай для засялення ў кватэру з'яўляецца дагавор найму жылога памяшкання. У жанчыны дакумента не было. Афіцыйна двушка на Прушынскіх, 42 не размеркавана і з'яўляецца вольнай.

Патрабаваць іншую кватэру Любоў Станіславаўна таксама не можа. У адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 85 Жыллёвага кодэкса грамадзяне, якія самаўпраўна занялі жылое памяшканне, падлягаюць высяленню ў судовым парадку без прадастаўлення іншага жылля.

Пабудавацца па чарзе шанцаў мала. Самі разумееце, сталіца. Начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Мінгарвыканкама Аляксандр АЎРАМЕНКА тлумачыць, што цяпер будаўніцтва прапаноўваюць практычна толькі шматдзетным сем'ям, якія маюць трох і больш непаўналетніх малых і надзелены правам пазачарговага накіравання.

Што да высялення з кватэры, то, адказваюць ва ўпраўленні, паколькі гэта пытанне разглядаецца ў судзе, падстаў для ўмяшання ў вырашэнне спрэчкі з боку мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў няма.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Я не прашу шыкоўнасці, згодна на калясачную»

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.