Вы тут

Вёска ў Кобрынскім раёне на зіму застанецца без жыхароў


На гэту рубрыку, або, як цяпер кажуць, праект мяне натхнілі камандзіроўкі ў глыбінку. У кожным сельсавеце, акрамя хіба Мотальскага ды яшчэ аднаго-двух, кіраўнікі мясцовых устаноў улады расказвалі пра населеныя пункты, якія ўжо фактычна зніклі з карты раёнаў альбо на падыходзе да стану, каб застацца гістарычнымі назвамі. Там дажываюць свой век апошнія жыхары. І як на тое, гэтыя вёсачкі вельмі часта знаходзяцца ў самых маляўнічых мясцінах, дзе вясной аж галава кругам ідзе ад чысціні паветра ды птушынага рознагалосся. Лёгка ўяўляецца, як раней было тут шматлюдна, як поўніліся вуліцы дзіцячым смехам, як гаманілі жанкі каля калодзежа, а іх падганялі воклікамі мужы, што спяшаліся на працу. І вось усё прайшло... Засталіся цішыня і тэлефоны ў кожным доме як адзіная сувязь з роднымі ды і з усім светам. Гэтыя апошнія жыхары рады кожнаму чалавеку, што зазірае ў вёску. Хоць, праінструктаваныя ўчастковым, яны незнаёмцу хутчэй за ўсё дзвярэй не адчыняць. Таму, выбіраючыся ў вёску, трэба браць некага, хто знаёмы тутэйшым людзям.


На­дзея Кар­ня­люк.

Чарнічнае Кобрынскага раёна акурат у такой мясцінцы, з якой хоць карціны пішы. Ехаць у вёску давялося па лясных пакручастых дарогах. Дзіўна, але знака, які ўказваў бы на населены пункт, нідзе не сустрэлася. Аказалася, што ўказальнік быў, але нядаўна ён трапіў у амаль кур'ёзную гісторыю. Кажуць, праязджаў старшыня райвыканкама і звярнуў увагу на знак, які стаяў увесь прабіты кулямі, што адразу навяло на думку пра не вельмі разумныя забавы паляўнічых. Трэба думаць, атрымалі на арэхі кіраўнікі адпаведнага таварыства, таму ад граху далей прыбралі шыльду наогул. І цяпер на вёску нічога не ўказвае, Чарнічнага як бы і няма. А можа, спецыялісты з таварыства паляўнічых і рыбаловаў заказалі новы знак, каб замацаваць яго на ранейшае месца? Будзем спадзявацца.

Ёсць указальнік ці няма, але вёска пакуль значыцца ва ўсіх дакументах як жылы населены пункт. Зарэгістраваныя ў ёй усяго двое жыхароў. Цікава, што і раней Чарнічнае было адным з самых малых паселішчаў Кобрыншчыны. І нават паўвека таму ў вёсцы значылася ўсяго 11 падворкаў. Але ж людзей налічвалася пад сотню, бо ў кожнай хаце пражывала вялікая сям'я. А электрычнасць сюды прыйшла, вы здзівіцеся, толькі ў 1979 годзе. У Чарнічным ніколі не было ніводнага аб'екта сацыяльна-культурнага прызначэння. Дзеці хадзілі ў школу ў Казішча, а жыхары атаварваліся ў суседняй вёсцы — Завужоўі.

Паколькі месца хапала, гаспадары сяліліся з размахам, кожная сядзіба займала не менш, чым паўгектара.
І таму, калі тут засталіся дзве сталыя жыхаркі Надзея Сцяпанаўна Карнялюк і Любоў Фёдараўна Сяргута, то адлегласць паміж іх дамамі ў кіламетр стала ў нейкі момант непераадольнай для бабулек з хворымі нагамі. Суседкі не бачыліся больш за год, а можа, і ўсе два, расказвала Надзея Сцяпанаўна, але кожны дзень размаўлялі па тэлефоне.

— Пазвонім адна адной, каб упэўніцца, што жывыя, і ўжо весялей, — гаворыць Надзея Карнялюк. — Спазніліся вы — учора забралі маю суседку ў горад. Вось і я думаю, што на гэтую зіму пагаджуся пераехаць да дзяцей. І ім лягчэй, чым кожныя выхадныя ездзіць да мяне.

Паводле слоў апошняй жыхаркі Чарнічнага, нарадзілася яна ў самым канцы 1929 года, але запісалі 30-м. Значыць, ёй ідзе 87-ты. Пажылая жанчына адразу папрасіла прабачэння, што нешта можа забыць і не так расказаць, таму пачынала гутарку нібы неахвотна, але потым разгаварылася.

Дом, яко­му больш за сто га­доў.

Нарадзілася Надзея Сцяпанаўна ў суседнім сяле, сюды замуж выйшла больш за 60 год таму. Маладую жонку муж прывёў у дом сваіх бацькоў, жылі ў старой хаце даволі доўга, пакуль пабудавалі сваю. Тая хата, якой дакладна больш за сто гадоў, і цяпер стаіць на падворку як памяць. Тут свякроў са свёкрам выгадавалі чацвярых дзяцей, перажылі вайну. У вайну страху нацярпеліся: лясы кругом, партызаны былі ў ваколіцах, а немцы жыхароў такіх вёсак, як вядома, не прывячалі. Жылі пад вечным страхам быць абрабаванымі, спаленымі і забітымі. Але пашанцавала, усе перажылі вайну.

Калі пажаніліся, сталі з мужам працаваць у калгасе. Мая суразмоўніца расказвае, якая нялёгкая была праца:

— На паляводства хадзіла. А дзялкі буракоў давалі вялікія, да іх далёка было дабірацца — на веласіпедзе даводзілася ездзіць. А якая цяжкая была касавіца! — уздыхае жанчына. — Тут навокал да самага Казішча распасціраліся балоты, гэта пазней іх асушылі. Сена высушыць, вынесці з балота па калена ў вадзе трэба было. Цяпер, здаецца, не захацеў бы таго малака і карову трымаць, а тады інакш немагчыма было, бо дзяцей гадавалі.

Яны з мужам паставілі на ногі траіх дзяцей. Цяпер сыны і дачка жывуць у Кобрыне, Брэсце і Пружанах. Да маці прыязджаюць кожныя выхадныя, наносяць дроў, вады на тыдзень, прадуктаў прывязуць. Усё, што трэба, ёсць. А прапаліць у печы, прыгатаваць сабе бульбы на вячэру ці булён на абед — вось і ўся работа, з якой Надзея Сцяпанаўна спраўляецца.

З гаспадаркі ў яе застаўся адзін сабачка Тузік каля хаты, даволі добразычлівы. На нас брахнуў толькі для прыліку. Гаспадыня шкадуе, што курачак трымаць зусім няма як — лісы і каршуны не даюць такой магчымасці. Паводле слоў гаспадыні, раней тут паляўнічыя часта хадзілі, а цяпер не з'яўляюцца: «Тых, старых, ужо, відаць, няма, а маладыя выбіраюць іншыя месцы. Таму звяр'ё адчувае сябе вольна. Сядзіш, бывае, пад акном і бачыш, як зайчык прабяжыць зусім блізка».

Раз на месяц прыязджае супрацоўнік пошты, ажыццяўляецца так званая аўтадастаўка пенсіі, ён жа бярэ аплату за электрычнасць і тэлефон. Прыехаў малады хлопец, хуценька разлічыўся і паехаў. Даўно мінулі часы, калі прыходзіў паштальён з тутэйшых, з якім можна было пагаварыць. Таму кожны тыдзень чакае бабулька толькі сваіх.

— Цікава, што ад аўтакрамы, ад паслуг сацыяльнага работніка жыхаркі Чарнічнага наадрэз адмовіліся, — расказала старшыня Тэвельскага сельскага Савета Іна Кузняцова. Іна Валер'еўна яшчэ адзначыла, што тут мы маем справу з людзьмі, якія выхавалі вельмі добрых дзяцей, таму на старасці ў іх асаблівых праблем няма. Дзеці як след даглядаюць састарэлых матуль. А не забралі дагэтуль у горад, таму што бабулькі да апошняга трымаліся за свае хаціны, дзе прайшло жыццё, дзе ўсё такое роднае і знаёмае. Але рана ці позна гады бяруць сваё.

Мы на ўсялякі выпадак пад'ехалі да хаты Любові Сяргуты. На дзвярах вісеў замок, а сабачая будка была пустая. «Сабаку забралі, значыць, гаспадыня з'ехала на зіму», — канстатавала старшыня сельскага Савета. Надзея Карнялюк таксама паціху збіраецца да сваіх. Гэта будзе першая бязлюдная зіма ў Чарнічным. Асірацелая вёска застаецца чакаць вясну.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Фота Ганны ЦІМАШУК

Загаловак у газеце: Баба Надзя з Чарнічнага збіраецца на зіму ў горад

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.