Вы тут

Актуальныя акцэнты восені 2016


Як казала Коко Шанэль: “У вас не будзе другога шанцу, каб зрабіць першае ўражанне”. Таму загадзя правільна растаўляем акцэнты і падбіраем самы элегантны і модны восеньскі гардэроб. А каб не згубіцца ў новых трэндах і не змерзнуць даждлівай і ветранай восенню, “Алеся” падкажа, на што звярнуць увагу ў першую чаргу.


Вялікі вязаны світэр

Гэтай восенню аматаркам адзення ў абцяжку прыйдзецца некаторы час прызвычайвацца да вялікіх аб’ёмаў, якія прапануюць мадэльеры ў новым сезоне. І найперш, гаворка пра цёплыя світэры. Стыльныя абноўкі-2016 выглядаюць, нібыта рэчы з чужога пляча. Эфект нядбайнасці дапоўнены буйной грубай вязкай, вялікімі дэталямі, асіметрычным каўняром і спушчанай проймай рукавоў. Толькі падумайце, як мякка, утульна вас ахіне такі світэр! “Вялікае” адзенне цікава ў спалучэнні з вузкімі доўгімі спадніцамі або джынсамі ў абцяжку з эластычнага дэніма, такія камбінацыі прапануюць модныя дамы Emilio Pucci, Chloe, DKNY.

Блуза з бантам

Некалькі часу таму блузы з бантам асацыіраваліся з дрэскодам школьных настаўніц або з касцюмамі герояў гістарычных фільмаў. Увогуле, з чым заўгодна, акрамя сучаснай моды. Але сёння ўсё змянілася. Згадзіцеся, бант – гэта вельмі прыгожа і па-жаноцку вытанчана. Тым больш, што яго можна завязваць і па цэнтры, і збоку, і “адпусціць” вольна развявацца – такім чынам, кожны дзень у адной блузе мы будзем выглядаць па-новаму. Актуальны шырокі бант – адзін з галоўных акцэнтаў у стварэнні моднага вобразу гэтай восенню.

“Спартыўныя” штаны

Згадзіцеся, восенню на працу ці на вечаровы шпацыр мы часцей за ўсе надзяваем штаны, ігнаруючы спадніцы і сукенкі. І, здаецца, дызайнеры нас падтрымліваюць, прапануючы варыянты штаноў на любы густ: класічныя, укарочаныя, шырокія клёш, бананы – выбірайце, што вам даспадобы! Для самых смелых – штаны з лампасамі. Праўда, модніцы яшчэ з перасцярогай ставяцца да гэтых вертыкальных палосачак, у думках суадносячы іх найперш са спартыўным стылем. Аднак вядучыя мадэльеры адзін перад другім смела выкарыстоўваюць яркія лампасы ў сваіх калекцыях як важны акцэнтны элемент. Надзяваць такія супер-модныя штаны дызайнеры раяць з лёгкай жаноцкай блузай, вытанчаным жакетам і абавязкова на нагах – класічныя туфлі-лодачкі на абцасах. Атрымаецца цікавы дуэт спартыўнай грацыёзнасці і далікатнай элегантнасці.

Понча

Практычна ні адна восеньская калекцыя-2016 ад сусветна-вядомых Дамоў мод не абышла сваёй увагай понча. Такая
накідка – добрая альтэрнатыва звыклым кароткім паліто і курткам у міжсезонне. Сёння мадэлі понча прадстаўлены ў самых розных стылістычных увасабленнях – ад паўсядзённага стылю кэжуал да дзелавой класікі. Іх упрыгожваюць махрамі, футрам, вышыўкай. Калі ж вы хочаце выдзеліцца з натоўпу і прыцягнуць да сябе позіркі модніц, варта набыць рэльефна звязанае ў этнастылі яркае понча. Ці звязаць яго самой! Гэта самы апошні “крык моды”, які асабліва выразна прагучаў у каллекцыях Dolce & Gabbana.

Пальчаткі

Гэты аксэсуар таксама прызваны не проста абараніць вашы рукі ад холаду і вятроў, але і дапоўніць, абыграць ваш модны вобраз. З таго часу, як у моду ўвайшлі паліто са скарочанымі да локця рукавамі, доўгія пальчаткі не сыходзяць з подыумаў. Яны могуць быць як скуранымі, замшавымі, так і трыкатажнымі. Колер – ад пяшчотна-ружовага да глыбокага сіняга. Топ гэтага сезона – экзатычны матыў пад скуру рэптылій. Яшчэ адно вельмі моднае дызайнерскае “ноу-хау”: вязаныя шарсцяныя пальчаткі з малюнкам (памятаеце, як у дзяцінстве такія пальчаткі вам магла за тыдзень звязаць бабуля?). Калі вам даспадобы этнастыль – гэта ваша найлепшае рашэнне.

Стракатыя хусткі і доўгія шалікі

Восенню сярод галоўных аксесуараў, безумоўна, хусткі і шалікі. Яны не толькі грэюць нас, але і дапамагаюць стварыць цікавы вобраз, надаюць паўсядзённай вопратцы новы, святочны выгляд. У апошняй калекцыі Chloe шмат разнастайных па колерах лаканічных лёгкіх жаночых хустачак – яны ўтвараюць прыгожыя дуэты з блузкамі, сукенкамі або касцюмамі. Але ж напярэданні халадоў бясспрэчныя хіты – цёплыя доўгія шалікі, выкананыя нядбайнай буйной вязкай.
Зноў нашу ўвагу дызайнеры акцэнтуюць на кашаміравых шалях і паланцінах, мяккіх, далікатных, складаных буйнаўзорчатых перапляценняў або з жакардавымі рапортамі пад габелены. А самай актуальнай для модніц сёлета з’яўляецца вялікая “бабуліна” стракатая хустка з махрамі і ў буйных кветках па цэнтры або прынтам у клетку.

Некалькі слоў пра абутак

Усё большую папулярнасць набывае абутак з вострым носам без абцаса. Такія мадэлі можна ўбачыць у Christian Dior і Giorgio Armani. Стыльна, зручна і практычна. Не здаюць пазіцый папулярныя ўжо які сезон стылі мілітары і гранж у жаночым гардэробе, таму ў асенне-зімовых калекцыях-2016 зноў можна сустрэць абутак з масіўнай рабрыстай падэшвай і тоўстымі грубымі абцасамі. Многія модныя дамы аддалі перавагу шэра-чорнай каляровай гаме і ўпрыгожылі боцікі спражкамі і тоненькімі шнуркамі. Такі абутак вельмі ўдала дапоўніць строгі дзелавы вобраз.

Хрысціна ХІЛЬКО

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.