Вы тут

Спiс модных тэндэнцый наступнага сезона вясна—лета


З 3 па 6 лiстапада ў Мiнску прайшоў Беларускi тыдзень моды. Для дызайнераў гэта магчымасць прэзентаваць сваё бачанне стылю шырокай аўдыторыi. Для гледачоў — узяць на заметку небанальныя рашэннi ў падборы гардэробу. Мы таксама пазнаёмiлiся з новымi калекцыямi i склалi спiс модных тэндэнцый наступнага сезона вясна—лета.


Стыль «Мi­лi­та­ры».

«Сафары» + карункi

Стыль афрыканскiх заолагаў i паляўнiчых папулярны ўжо некалькi гадоў. Але, пагадзiцеся, класiчныя пясочныя камiзэлькi i жакеты ўжо крыху надакучылi. Што рабiць? Дабавiць у гэты камплект карункавую спаднiцу цi лёгкую шыфонавую сукенку, як прапануе дызайнер Алёна Гарэцкая. Такое спалучэнне прыдасць вобразу рамантычнасцi i жаноцкасцi. Самi камiзэлькi i жакеты з новай калекцыi ўпрыгожаны раслiнным дэкорам — яшчэ адзiн цiкавы спосаб прыўнесцi новае ў знаёмы фасон i зрабiць рэч больш святочнай.

Пiнжакi на кожны дзень

Хочаце выглядаць дзелавой i паспяховай? Вось вам парада ад французскага мадэльера Юрыя Кот: насiце пiнжак. Кожны дзень. Не, не адзiн i той жа. У сваёй калекцыi дызайнер прадставiў самыя розныя жакеты. Аб'ядноўваюць iх толькi стыль 70—80-х, складаны крой i нязвыклыя спалучэннi тканiн. Класiчны чорны пiнжак у палоску (з чырвонымi гузiкамi!) выберыце для важных перагавораў, белы ў клетку — на ланч з сяброўкамi. А для паходаў у рэстаран i тэатр — ружовы смокiнг. Куды пайсцi ў экстравагантным чырвоным жакеце з карункамi i пiнжаку а-ля з кракадзiлавай скуры, мы так i не вырашылi.

Аб'ёмныя рукавы

Наконт функцыянальнасцi падоўжаных i «надзьмутых» рукавоў можна, вядома, паспрачацца. Але мода не абавязана быць зручнай. Яна павiнна дапамагаць ствараць пэўны вобраз. У дадзеным выпадку — упэўненай i адначасова загадкавай жанчыны. Як i ў выпадку з адзеннем аверсайз (якое выглядае, быццам на некалькi памераў большае, чым трэба), пышныя рукавы раяць выбiраць зграбным дамам. Калi ў вас шырокiя плечы, з аб'ёмам у рукавах лепш таксама не эксперыментаваць.

У мо­дзе аб'­ём­ныя ру­ка­вы.

«Мiлiтары»

Колеры — алiўкавы, шэры, хакi. Абутак — трывалы i грубы. Дызайнер Таццяна Яфрэмава выбрала для новай калекцыi ваенную тэматыку, але вырашыла пагуляць са стылем. Прыўнесла крыху рамантызму. Таму тут знайшлося месца i беламу паўпразрыстаму топу, i чырвоным бязважкiм сукенкам, i дэкору з футра. «Выйшла ў поўным узбраеннi! Дзяўчына, упэўненая ў сабе. Гэты свет — для яе! Яна непераможная, нягледзячы на сваю ранiмасць, i нiколi не здаецца, хiба што пад нацiскам урагану пачуццяў», — менавiта так, на думку мадэльера, павiнна сябе адчуваць жанчына ў яе ўборах.

Джынс i 90-я

Беларускiя дызайнеры рэдка выкарыстоўваюць джынс. А вось Марына Давыдава вырашыла зрабiць стаўку менавiта на гэты матэрыял i не прагадала. Па-першае, колер: у светла-блакiтным немагчыма застацца незаўважаным. Па-другое, зручнасць. У сваёй калекцыi дызайнер сабрала, бадай, самыя лепшыя фасоны для лета: спаднiца-клёш, сукенка-кашуля, укарочаны топ, шырокi сарафан, сукенка-бандо (з адкрытымi плячамi)... На вясёлыя прынты мадэльера натхнiў адзiн з сiмвалаў 90-х — жуйкi «Love is». Яркiя надпiсы пра каханне дадаюць вобразу гарэзлiвасцi i какецтва.

Металiк

Яшчэ адна тэндэнцыя, якая не страчвае пазiцый некалькi сезонаў запар. Гэтым разам сярод металiчных адценняў перавагу аддаюць серабрыстаму. Хочаце блiшчаць з ног да галавы? Калi ласка. У брэнда Navy якраз ёсць для вас сукенкi, спаднiцы-плiсэ, пуловеры i нават палiто. Увечары бляску шмат не бывае, таму, калi збiраецеся на нейкую ўрачыстасць, смела камбiнуйце гэтыя рэчы мiж сабой. Днём колер «металiк» таксама можна насiць, але няхай у гэтым адценнi будзе толькi адзiн прадмет гардэробу. Каб не выглядаць на рабоце цi сустрэчы з сябрамi навагодняй ёлкай, ураўнаважце блiскучую спаднiцу звычайнай белай футболкай цi чорнай блузай.

Яркiя махеравыя свiтары для мужчын

Кажуць, што прадстаўнiкi моцнага полу модай не цiкавяцца, ствараць для iх аўтарскiя калекцыi — толькi сабе ў страту. Але малады брэнд «Zibra» вырашыў рызыкнуць. I выпусцiў для мужчын аб'ёмныя махеравыя свiтары. Фiялетавыя, блакiтныя, яшчэ i з рознакаляровымi вузельчыкамi — гэта яўна выходзiць з зоны камфорту сярэднестатыстычнага беларуса. «Такiх свiтараў няшмат, бо гэта ручная работа, але мы думаем, яны знойдуць сваю мэтавую аўдыторыю. Каб насiць такую рэч, патрэбна пачуццё гумару», — кажа адна з дызайнераў брэнда Дарына Вадап'янава. Калi раптам сустрэнеце ў горадзе мужчыну ў свiтары з рознакаляровымi вузельчыкамi, будзьце ўпэўнены — ён яшчэ той жартаўнiк.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Днём — пiнжак, увечары — серабрыстая сукенка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.