Вы тут

Прэзідэнт паставіў задачы, актуальныя для ўсёй краіны


Рабочы графік Прэзідэнта апошнія некалькі дзён быў запоўнены паездкамі па краіне. Гэтым разам у цэнтры ўвагі Аляксандра Лукашэнкі быў усход Беларусі. У суботу кіраўнік дзяржавы правёў нараду аб перспектывах развіцця малых населеных пунктаў Аршанскага і Шклоўскага раёнаў, прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця Лядовай арэны ў Шклове. Учора Прэзідэнт у ходзе рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць азнаёміўся з выкананнем яго даручэнняў аб добраўпарадкаванні і архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі мікрараёнаў і асноўных транспартных магістраляў Магілёва, перспектывамі развіцця абласнога цэнтра, а таксама з работай аднаго з самых значных прадпрыемстваў горада — ААТ «Магілёўхімвалакно».

Задачы, пастаўленыя Прэзідэнтам падчас гэтых паездак, датычыліся розных сфер нашага жыцця, і не асобных рэгіёнаў, а краіны ў цэлым. Іх вырашэнне адпавядае рэаліям і патрабаванням цяперашняга часу.


Развіццё вёскі — на новы ўзровень

Аб гэтым ішла размова на суботняй нарадзе ў Аршанскім раёне. Прэзідэнт згадаў аб тым, што для захавання сельгасвытворчасці і адраджэння вёскі за апошнія гады зроблена нямала. «Трэба паглядзець у будучыню — вось галоўная задача, якой будзе вёска заўтра, што нам трэба пачынаць рабіць сёння», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, заўважыўшы пры гэтым, што вёска — гэта і людзі, і тыя месцы, дзе яны жывуць, і вытворчасці.

Гаворачы аб далейшым развіцці вытворчай сферы некалькіх аграгарадкоў Шклоўскага раёна са стварэннем комплекснай інтэграванай структуры на базе акцыянерных таварыстваў, Прэзідэнт заўважыў: «Вытворчасць і людзі — гэта добра, але важна яшчэ перапрацоўка і рэалізацыя прадукцыі. Калі ўвесь цыкл у адных руках, тады ёсць і прыбытак. Мы гэта ўмеем рабіць». Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым папярэдзіў аб недапушчальнасці спыняцца ў развіцці гэтай сферы: «У нас ёсць такая прывычка паціраць рукі і радавацца, што мы забяспечылі харчовую бяспеку і вось-вось $5—7 млрд экспарту сельгаспрадукцыі на стол пакладзём, у краіну валюту прывязём. Мы павінны зрабіць крок наперад, прыцягваючы ініцыятыву і прыватны капітал». «Але майце на ўвазе: ніякага шарлатанства і штучнага аб'яднання і раз'яднання быць не павінна. Толькі спланаваўшы, мы павінны рэалізоўваць намечанае», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

Што датычыцца прыходу прыватных інвестыцый у сельгасвытворчасць, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што падобныя паспяховыя прыклады ў Беларусі ўжо ёсць, і ў гэтым маецца пэўная перспектыва. Але гэта не азначае масавай прыватызацыі ў сферы сельскай гаспадаркі. «Будзем зыходзіць з таго, наколькі гэта выгадна», — заявіў ён.

Гаворачы аб эфектыўнасці, бачанні перспектыў і гаспадарскім падыходзе ў рэалізацыі наяўных задач па развіцці як асобных прадпрыемстваў, так і тэрыторый, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў рашэнні адпаведных пытанняў павінна быць задзейнічана ўся вертыкаль улады, пачынаючы ад кіраўніка пасялковага Савета. «Мы павінны дакладна вызначыцца, хто і чым павінен займацца. Старшыня пасялковага Савета павінен быць гаспадаром на гэтай зямлі. У частцы вытворчасці ён павінен мець пэўныя функцыі і паўнамоцтвы, — сказаў Прэзідэнт. — Але вертыкаль павінна працаваць. І трэба навучыцца зарабляць грошы».

У канцы нарады Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што праца кожнага чыноўніка, незалежна ад займаемай пасады, будзе падвергнута аналізу на прадмет эфектыўнасці. Адпаведнае даручэнне дадзена кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандру Косінцу. «Я яму даручыў, каб мне быў прадстаўлены поўны аналіз ад прэм'ер-міністра да старшыні райвыканкама — вынікі іх працы», — заявіў Прэзідэнт, папярэдзіўшы: хто «праваліць гэты год без аб'ектыўных прычын», на пасадзе не застанецца.

Прэ­зі­дэнт у Ма­гі­лё­ве так­са­ма азна­ё­міў­ся з рэ­кан­струк­цы­яй аў­та­ма­біль­на­га мос­та це­раз ра­ку Днепр па Пуш­кін­скім пра­спек­це.

Даць людзям зарабіць зарплату

Учора, падчас рабочай паездкі ў Магілёў, заслухоўваючы даклад аб перспектывах развіцця абласнога цэнтра, Прэзідэнт закрануў тэму цяперашняга ўзроўню зарплат, які лічыць недастатковым. «Рыхтуйцеся набраць сярэднюю зарплату на ўзроўні $500 у будучым годзе», — даручыў Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым кіраўнік дзяржавы дадаў, што павышаць заработную плату без росту прадукцыйнасці працы немэтазгодна. «Я не гавару, што павінны плаціць незаробленыя грошы. Ні ў якім разе. Інакш мы вернемся да таго, з чаго пачыналі два гады таму. Мы павінны стымуляваць, падштурхоўваць кіраўнікоў прыватных і дзяржаўных прадпрыемстваў да таго, каб мы да $500 наблізіліся, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Трэба людзей падтрымліваць, чаго б гэта ні каштавала».

Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на стварэнне рабочых месцаў і працаўладкаванне грамадзян. «Гэта павінны быць новыя рабочыя месцы, падману тут ніякага не павінна быць, таму што будзеце падманваць самі сябе», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт таксама паставіў задачу больш актыўна працаваць са стратнымі прадпрыемствамі, асабліва з тымі, якім пагражае банкруцтва. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, неабходна зрабіць усё магчымае, каб яны працавалі. «Гэтыя фразы «абанкруцім праз санацыю» — вы проста палохаеце людзей і калектывы. Ніхто не дазволіць прадпрыемствы закрываць або бяздумна прадаваць. Трэба ад гэтага адысці раз і назаўсёды і ў сельскай гаспадарцы, і ў прамысловасці. Гэта мы банкруты, калі ў нас гаспадарка ці прадпрыемства такое, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Прадпрыемствы трэба ратаваць, каб людзі працавалі. Таму накіроўвайце туды каго хочаце (гэта ваша справа) і кіруйце, пакуль яно не выйдзе на нармальны ўзровень работы».

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб выкананні яго даручэнняў аб добраўпарадкаванні і архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі мікрараёнаў і асноўных транспартных магістраляў горада, перспектывах развіцця абласнога цэнтра. Асноўныя работы па добраўпарадкаванні Магілёва павінны быць завершаны да 2020 года.

У час наведвання «Магілёўхімвалакна» Прэзідэнту далажылі аб перспектывах развіцця прадпрыемства, фінансава-эканамічных паказчыках, планах па рэалізацыі праектаў па выпуску новых перспектыўных відаў прадукцыі. Асобна былі абмеркаваны планы па развіцці вытворчай тэрыторыі «Магілёўхімвалакна», дзе ёсць шмат невыкарыстоўваемых памяшканняў і тэрыторый. Кіраўнік дзяржавы даў шэраг канкрэтных даручэнняў наконт гэтага.

Да 2020 года ў «Магілёўхімвалакно» за кошт мадэрнізацыі павінна быць створана зусім новае прадпрыемства, паставіў задачу Прэзідэнт.

ААТ «Магілёўхімвалакно» да 2020 года павінна цалкам мадэрнізавацца.

* * *

У час размовы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву прадпрыемства Аляксандр Лукашэнка падзяліўся падрабязнасцямі ўсіх дзён рабочай паездкі ў Магілёўскую і Віцебскую вобласці.

У прыватнасці, гаворка ішла пра важнасць працягу эфектыўнага развіцця ў сферы аграпрамысловага комплексу, стварэння новых сацыяльных аб'ектаў на сяле і ў невялікіх гарадах.

Аляксандр Лукашэнка таксама даў высокую ацэнку прайшоўшаму афіцыйнаму візіту ў Беларусь Прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана і бізнес-форуму, які адбыўся. Гэта дазволіла фактычна адкрыць вароты для актывізацыі двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. «Гэта была вельмі добрая, пазітыўная сустрэча. У Прэзідэнта Турцыі, як ён мне сказаў сам-насам, ніколі не было такіх візітаў ні ў адну краіну», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Адказваючы на адно з пытанняў, Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў вынікі выбараў у ЗША, дзе на прэзідэнцкі пост быў абраны рэспубліканец Дональд Трамп. «Ён можа патрапіць у гісторыю, калі сапраўды за час прэзідэнцтва страсяне Амерыку, — заявіў беларускі лідар. — Людзі былі даведзены да таго, што рабочы клас за яго прагаласаваў, нягледзячы на тое, што ён багацей. Гэта значыць, унутры Амерыкі наспелі вельмі сур'ёзныя праблемы. І ў яго галоўнай задачай будзе рашэнне гэтых унутраных праблем. І не толькі за кошт друкавання долараў, таму што гэта таксама будзе мець негатыўныя наступствы».

Прэзідэнт расказаў, што прадчуваў магчымасць перамогі Дональда Трампа яшчэ некалькі месяцаў таму назад, назіраючы за ходам выбарчай кампаніі. Ён таксама разлічвае на далейшае прасоўванне беларуска-амерыканскага дыялогу.

Гаворка зайшла і аб правядзенні ў Беларусі ІІ Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе. «Мы палічылі, што нават у плюсе будзем. Нам трэба будзе выдаткаваць недзе пад $ 50 млн за гэтыя гады. Гэта слёзы для краіны. А можа, і таго не трэба: еўрапейцы сказалі, што дапамогуць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт растлумачыў, што перад тым як прапанаваць кандыдатуру Беларусі для правядзення гэтых спаборніцтваў, у краіне падлічылі, у колькі яны абыдуцца.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь гатова правесці ІІ Еўрапейскія гульні на сусветным узроўні.

Паводле БЕЛТА

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Трэба глядзець у будучыню

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.