22 Верасень, субота

Вы тут

Чаму жанчын трэба пускаць у шахты, а мужчын пакідаць дома за няньку


Жанчын з маленькімі дзецьмі наймальнікі лічаць галаўным болем і неахвотна бяруць на работу. Затое сямейных мужчын успрымаюць як надзейных і адказных работнікаў і нават гатовы ім павысіць заробак: бацьку ж трэба карміць сям'ю. Якія яшчэ стэрэатыпы замацаваліся на рынку працы? Ці часта мужчыны і жанчыны сутыкаюцца з дыскрымінацыяй па прыкмеце полу? Гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўвалі спецыялісты падчас «круглага стала» ў прэс-цэнтры Sputnіk Беларусь.


Схаваная дыскрымінацыя

У камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама кажуць, што гендарную дыскрымінацыю ў чыстым выглядзе яны рэдка назіраюць.

— Наймальнік не можа напісаць у аб'яве, што хоча бачыць у сябе на рабоце мужчыну 35 гадоў, паколькі гэта незаконна. Але ці часта вы сустракалі жанчын сярод кансультантаў у краме тэхнікі? Ці мужчын — майстараў па манікюры? Часта чалавек падае рэзюмэ, і быццам бы яго вопыту і кваліфікацыі хапае для гэтай вакансіі, але яму адмаўляюць з няяўных прычын. Бо ў работадаўца ёсць пэўныя стэрэатыпы, — кажа начальнік аддзела арганізацыі навучання грамадзян упраўлення занятасці насельніцтва камітэта Вольга ТАРАСЮК.

Адвакат юрыдычнай кансультацыі Заводскага раёна Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Ларыса ТАРАСЕВІЧ-БУРАК у сваю чаргу адзначае, што ў яе практыцы часта бываюць выпадкі дыскрымінацыі цяжарных жанчын:

— Часцей за ўсё размова ідзе аб прыёме на работу. Што робяць наймальнікі? Калі ёсць падазрэнні, што жанчына збіраецца заводзіць дзяцей, яны не адразу заключаюць кантракт, а бяруць яе на выпрабавальны тэрмін. І калі ўжо дакладна становіцца вядома, што дзяўчына цяжарная, з любой прычыны адмаўляюць ёй у прыёме на пастаяннае месца.

Святлана КОТАВА, начальнік упраўлення юрыдычнай работы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, расказвае, што яны стараюцца вырашаць праблемныя пытанні на месцах — на прадпрыемствах для гэтага створаны камітэты па працоўных спрэчках. Але ў практыцы прафсаюзаў ёсць выпадкі, калі даводзілася звяртацца ў суд. Напрыклад, у Гродзенскай вобласці наймальнік не збіраўся працягваць працоўныя адносіны з цяжарнай жанчынай па заканчэнні тэрміну кантракта. А на Гомельшчыне мужчыну, які сышоў у водпуск па доглядзе за дзіцем да трох гадоў, звольнілі за прагулы. Абедзве справы былі выйграны.

Ген супраціўляльнасці сернай кіслаце

Спіс забароненых для жанчын работ прынята расцэньваць як дадатковы клопат аб здароўі будучых мам. Маўляў, іх не дапускаюць у цяжкія ўмовы, на начную працу, не даюць насіць цяжкасці.

— Для жанчын ёсць абмежаванне на пад'ём цяжкасцяў больш за сем кілаграмаў. А колькі важыць дзіця?  — указвае на недасканаласць такіх мер старшыня праўлення міжнароднай грамадскай арганізацыі «Гендарныя перспектывы» Ірына АЛЬХОЎКА.

Праўда, спіс цяжкіх работ скарачаецца. Ён пераглядаўся на падставе заяў ад завода «Крышталь», прадпрыемства «Беларуськалій» і іншых арганізацый, дзе жанчыны звярнуліся да кіраўніцтва з просьбай дазволіць ім працаваць на забароненых месцах, бо там аўтаматызавалася вытворчасць. Эксперты ўпэўнены: калі дама спускаецца ў шахту, прыз атрымлівае мужчына, як асноўны работнік. Бо ў палепшаных умовах і яму лягчэй працаваць.

— Я не веру, што ў мужчын ёсць ген супраціўляльнасці сернай кіслаце. Шкодныя вытворчасці гэтак жа небяспечныя для іх, як і для жанчын, — кажа Ірына Альхоўка. — У Еўропе, Амерыцы, Канадзе адмаўляюцца ад спісаў забароненых прафесій. Замест гэтага яны паляпшаюць умовы працы.

Мужчыны сябе пераацэньваюць?

Цікава, што па афіцыйнай статыстыцы жанчыны больш паспяховыя ў працаўладкаванні, чым мужчыны. Сярод сталічных беспрацоўных дам — толькі 26 працэнтаў.

— Жанчыны больш рэальна ацэньваюць свае магчымасці, — мяркуе Вольга Тарасюк. — Многія мужчыны, якія прыходзяць да нас у службу занятасці, разлічваюць, маючы толькі прафесію ліцейшчыка трэцяга разраду, якую атрымалі пасля школы, адразу зарабляць па тысячы рублёў. У сённяшніх умовах рынку працы гэта дастаткова высокі ўзровень.

Пра тое, што мужчыны цэняць сябе вышэй, кажа тэле- і радыёвядучая Тамара ЛІСІЦКАЯ. «Мне шмат даводзіцца працаваць з рэзюмэ творчых людзей, — дзеліцца яна. — Мужчыны заўсёды просяць большы ганарар, чым жанчыны. Прытым, калі бачыш сітуацыю з боку і ведаеш кваліфікацыю ўсіх гэтых людзей, ты не можаш сказаць, што гэта абгрунтавана».

20 дзён для таты

Пісьменніца Вірджынія Вульф неяк разважала: што калі б у Шэкспіра была не менш таленавітая сястра? Яна магла б напісаць такія ж цудоўныя п'есы. Але ў гэты час яна павінна была цыраваць шкарпэткі і гатаваць абеды, бо яе прызначэнне — выйсці замуж і стаць узорнай маці.

Сучасным жанчынам прыходзіцца выбіраць работу, дзе можна спалучаць сямейныя і працоўныя абавязкі. Монакар'ерная сям'я — не рэальнасць беларускага грамадства. У нас 88 працэнтаў жанчын ва ўзросце ад 20 да 44 гадоў знаходзяцца на рынку працы. А з тых, хто мае непаўналетніх дзяцей, працуе 90 працэнтаў.

Водпуск па доглядзе за дзіцем — сур'езны выклік для жаночай кар'еры. За тры гады, што мама сядзіць дома з малым, яна можа страціць сваю кваліфікацыю. Эксперты разважаюць: лепш, бадай, было б скараціць дэкрэтны (у Еўропе ён доўжыцца ўсяго чатыры месяцы), а замест гэтага развіваць сетку дзіцячых садкоў. І заахвочваць да сямейных абавязкаў татаў. У Беларусі цяпер разглядаецца пытанне аб увядзенні абавязковага сацыяльнага водпуску па доглядзе за дзіцем для мужчын. Размова ідзе пра 20 дзён. У Швецыі, дзе была рэалізавана падобная прапанова і працуе эканамічны стымул (калі бацька не скарыстаецца сваёй часткай дэкрэтнага, сям'я страціць грошы), 75 працэнтаў мужчын бяруць сацыяльны водпуск.

— Нам трэба гаварыць пра тое, чаму тата важны для дзіцяці, — упэўнена Ірына Альхоўка. — У нас усюды жаночае выхаванне: у сям'і, дзіцячым садку, школе. Больш за тое, мне здаецца, у абавязковым сацыяльным водпуску ёсць вялікая выгада для саміх мужчын — стаць часткай жыцця свайго дзіцяці.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Монакар'ерная сям'я — не наша рэальнасць?

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.