Вы тут

Лепшых валанцёраў БРСМ "Добрае Сэрца" ўзнагародзяць і заахвоцяць


5 снежня ў 15.00 у зале алімпійскай славы Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў традыцыйнага рэспубліканскага конкурсу "Валанцёр года - Добрае сэрца". Ідэйным натхняльнікам праекта з 2010 года выступае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.


У Міжнародны дзень добраахвотнікаў у імпрэзе прымуць удзел лепшыя прадстаўнікі валанцёрскага руху "Добрае Сэрца" з усіх рэгіёнаў краіны, якія на сталай аснове бескарысліва арганізуюць і праводзяць розныя сацыяльныя, культурныя, спартыўныя акцыі, праяўляюць клопат аб ветэранах і дзецях, удзельнічаюць у буйнамаштабных спартыўных мерапрыемствах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. На мерапрыемства таксама запрошаны шматдзетныя сем'і, дзеці-сіроты, дзеці-інваліды, зоркі беларускай эстрады і творчыя калектывы - удзельнікі дабрачынных праектаў БРСМ, вядомыя спартсмены, кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання.

Плануецца, што заслужаныя ўзнагароды і асабістыя кніжкі валанцёра лепшым добраахвотнікам і валанцёрскім атрадам руху "Добрае Сэрца" ўручаць Максім Рыжанкоў, першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму, кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, 11-разовы паралімпійскі чэмпіён Ігар Бокій, трохразовая чэмпіёнка свету і Еўропы па спартыўных танцах на калясках Ганна Гарчакова і іншыя.

Перад пачаткам мерапрыемства ў Зале алімпійскай славы разгорнецца незвычайная інтэрактыўная выстава. Валанцёры "Добрае Сэрца" прапануюць ахвотным прыняць удзел у майстар-класах па вырабе калядных рукавічак, навагодніх анёлкаў, званочкаў, святочных гальштукаў-матылькоў і бантаў з элементамі нацыянальнага арнаменту і іншых.

Цэнтральнае месца ў экспазіцыі выставы адведзена "Ёлцы жаданняў", упрыгожанай сэрцамі з пажаданнямі ад выхаванцаў дзіцячых дамоў, дамоў дзіцяці, рэабілітацыйных цэнтраў, школ-інтэрнатаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Выканаць дзіцячыя мары напярэдадні навагодніх і калядных святаў дапамогуць добрыя чараўнікі-удзельнікі мерапрыемства.

Праграма фіналу рэспубліканскага конкурсу БРСМ "Валанцёр года - Добрае Сэрца" ўключае цэлы комплекс вучэбна-метадычных мерапрыемстваў. З самай раніцы на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры спецыялісты Цэнтра развіцця "Фарбы Жыцця" і Цэнтра камфортных стасункаў, Офіса прасоўвання ініцыятываў, акрэдытаванага ў Еўрапейскай Валанцёрскай Службе, правядуць псіхалагічныя трэнінгі па арганізацыі дзейнасці валанцёрскага руху. Акрамя таго, удзельнікаў мерапрыемства чакае праходжанне квэста "Я - Валанцёр".

Даведка

Валанцёрскі рух "Добрае Сэрца" - адзін з вядучых напрамкаў дзейнасці "БРСМ", які аб'ядноўвае па ўсёй краіне 34548 юнакоў і дзяўчат (1312 валанцёрскіх атрадаў). Дзейнасць валанцёрскіх атрадаў вядзецца па трох асноўных напрамках: сацыяльным, спартыўным, экалагічным.

У рамках руху рэалізуюцца рэспубліканскія дабрачынныя акцыі: "Аднаўленне святынь Беларусі", "Мы выбіраем дапамогу пажылым людзям", "У школу з Добрым Сэрцам", "Цуды на Каляды" і іншыя. Візітнай карткай руху стаў рэспубліканскі дабрачынны марафон "Усе фарбы жыцця для цябе".

У 2016 годзе валанцёры БРСМ "Добрае Сэрца" працавалі ў складзе валанцёрскай каманды ў перыяд правядзення мерапрыемстваў 45-й Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЕАК).

Сяргей РАСОЛЬКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.