Вы тут

Выпушчана кніга, прысвечаная традыцыям разьбянога дэкору


— Самы стары драўляны дом, які ўдалося выявіць у Гомелі, быў пабудаваны ў 1860 годзе, — расказвае гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Малікаў. — Ён і зараз стаіць на вуліцы Партовай. А на вуліцы Парыжскай Камуны знаходзіцца самы «разьбяны». Кожны такі прыклад унікальны, бо адлюстроўвае асаблівасці традыцый нашых продкаў.


Яўген Раманавіч ведае пра драўляную архітэктуру горада над Сожам амаль усё. Амаль — таму, што заўсёды сам спадзяецца на адкрыцці і іх ажыццяўляе. Ён асабіста прайшоў дакладна па ўсіх вулачках Гомеля, дзе захаваліся дамы, пабудаваныя ў канцы XІX — першай палове XX стагоддзя. Вынікам стала кніга, прысвечаная традыцыям разьбянога дэкору ў народнай архітэктуры паўднёва-ўсходняй Беларусі. Яе і прэзентавалі ў Гомельскай гарадской бібліятэцы імя Герцэна.

Выпуск выдання як сацыяльна значымай літаратуры стаў магчымы дзякуючы заказу і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі. Рэцэнзенты лічаць, што яна будзе карыснай не толькі краязнаўцам, але і гісторыкам, архітэктарам, этнографам, мастацтвазнаўцам... Усім, хто цікавіцца традыцыямі народнай архітэктуры, якая па мастацкай значнасці ў адным шэрагу з традыцыямі ткацтва і іканапісу, якімі здаўна славілася Гомельшчына.

Старшы выкладчык кафедры архітэктуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарта Яўген Малікаў адзначае, што тэма драўлянага дэкору ў паўднёва-ўсходняй Беларусі мала даследаваная. Тым часам дамы імкліва змяняюць сваё аблічча да непазнавальнага:

— Мясцовыя жыхары далёка не ўсе разумеюць прыгажосць і каштоўнасць падобнай архітэктуры. Некаторыя ўвогуле кажуць, што старыя дамы час знесці і пабудаваць на іх месцы шматпавярховікі. Сёння людзі хочуць камфортна жыць, таму значна спрашчаюць фасады дамоў, якія дасталіся ім у спадчыну. Уладальнікі драўляных дамоў абшываюць іх сайдынгам, ставяць пластыкавыя вокны. Такім чынам знішчаецца індывідуальнасць дома, яго мастацкая каштоўнасць і адметнасць.

Мара Яўгена Малікава — стварыць квартал старога горада ў Гомелі. Менавіта таму ён фатаграфуе дамы такім чынам, каб па здымках можна было цалкам рэканструяваць пабудову. А збудаванні тым разам хутка знікаюць. Нават за час, пакуль кніга рыхтавалася да друку, у яе прыйшлося тэрмінова ўносіць карэктывы, бо яшчэ некалькі старых дамоў было знесена. Між тым, упэўнены Яўген Малікаў, драўляная забудова мае яшчэ і вялікі турыстычны патэнцыял.

Дарэчы, аздабленне драўлянымі «карункамі» дамоў — гэта не проста прыгажосць. Нашы продкі ўкладалі ў дэкор вялікі сэнс, які ідзе каранямі ў глыбокую старажытнасць, — падкрэслівае дырэктар Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый Галіна Нячаева:

— У любой народнай творчасці, у любой канструкцыі ў аснове мы маем касмалагічную мадэль сусвету. Згодна з ёй будаваліся калісьці і дамы. У ментальным сэнсе свет складаецца з трох частак: гэта нашы думкі, пачуцці і жарсці. І ўсе яны неабходны. Наверсе — бусел, у склепе — мышы. Пасярэдзіне кошка, якая ловіць і мышэй, і птушак і з'яўляецца медыятарам у доме. Дом пабудаваны так жа, і так жа ўладкавана акно ў ім. У верхняй частцы ліштвы стылізацыя пад верхні свет, сонца. Само акно з крыжам рамы — гэта дрэва нашага жыцця. Там, дзе мы нясём свой крыж, там, дзе мы з вамі знаходзімся. А ўнізе ліштвы можна пабачыць матывы рыбы, дракона, змей... Да таго ж, разьба заўсёды перадавала пачуцці майстра. У асобных майстроў на Гомельшчыне быў свой пазнавальны стыль разьбы. А ўзоры яны бралі са старажытных рукапісаў старавераў.

Толькі ў кнізе Яўгена Малікава прадстаўлена больш за 300 ілюстрацый драўляных твораў гомельскіх старажытных разьбяроў.

— Мне б хацелася, каб мае студэнты, калі будуць будаваць свае цудоўныя хмарачосы, улічвалі дэкаратыўныя асаблівасці нашага рэгіёна. Гэта зусім не азначае, што шматпавярховыя дамы трэба аздабляць драўлянымі ліштвамі, але пры іх праектаванні можна выкарыстоўваць нейкія дэкаратыўныя элементы і традыцыі, уласцівыя менавіта Гомельшчыне. Важна, каб дамы былі прыгожымі. А ў кожнай краіне гэтая прыгажосць мае свае адметнасці, і менавіта яны прыцягваюць цікавасць да рэгіёна.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Касмалогія ліштвы

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.