Вы тут

Як знайсці работу пасля 50?


Трэба працаваць так, каб у табе былі зацікаўленыя

Цэнтр маркетынгавых і сацыялагічных даследаванняў кадравага дома «СуперДжоб» у Расіі праводзіў апытанне. У 200 работадаўцаў пацікавіліся: «Які фактар больш, чым іншыя, уплывае на адмову пры працаўладкаванні людзей, старэйшых за 45 гадоў?». 22 працэнты назвалі «складанасці ў навучанні», на другім месцы (гэту прычыну ўпамянулі 19 працэнтаў) аказаўся «савецкі менталітэт». А 15,5 працэнта рэспандэнтаў адзначылі меншую працаздольнасць людзей пасля 45 гадоў.

Паводле статыстыкі, 27 працэнтаў беспрацоўных — людзі за 50. Пасля павышэння пенсійнага парогу, пытанне працаўладкавання гэтай катэгорыі становіцца яшчэ больш актуальным. А калі ўлічваць, што страхавы стаж, неабходны для атрымання выплат па ўзросце, за апошнія два гады вырас у тры разы, то для многіх ад таго, ці ёсць сёння работа, залежыць, ці будзе заўтра пенсія.

Найбольш вострыя моманты мы абмеркавалі разам са спецыялістамі. Удзельнікамі «круглага стала» сталі намеснік начальніка ўпраўлення занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Вікторыя УСОВІЧ, начальнік аддзела аналізу і рэгулявання рынку працы камітэта Святлана ЛЯВОНЧЫК, дырэктар кансалтынгавай кампаніі «Квадрат» Святлана КАРАСЦЯЛЁВА, намеснік генеральнага дырэктара па кадрах, ідэалагічнай рабоце і сацыяльных пытаннях арганізацыі «АМКАДОР» — кіруючая кампанія холдынгу» Таццяна МІХЕЕВА, начальнік упраўлення персаналу прадпрыемства «АТЛАНТ» Аляксандр ТАЎСТЫКА, рэктар Рэспубліканскага інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Мінпрацы і сацабароны Алег ЛІСЕЙЧЫКАЎ, намеснік загадчыка кафедры эканомікі і кіравання інстытута Наталля ДОЛБІК і прадпрымальніца Эльвіра ПАЛУЯН.


«Звязда»: Адно са сталічных кадравых агенцтваў апублікавала сумную статыстыку: па іх назіраннях вакансій, на якія гатовы разглядаць работнікаў за 50, усяго адзін працэнт... Якая сітуацыя сёння з працаўладкаваннем людзей перадпенсійнага ўзросту?

Вікторыя УСОВІЧ:

— Сярод беспрацоўных, зарэгістраваных у сталіцы ў студзені-кастрычніку, 25 працэнтаў складаюць грамадзяне, якім 50 гадоў і больш. Гэта чатыры тысячы чалавек. Працаўладкавана ў дадзеным перыядзе 7,6 тысячы мінчан, з іх асоб, старэйшых за 50 гадоў, — 22 працэнты, ці 1706 чалавек. Наймальнікі, у адпаведнасці з заканадаўствам, не павінны дапускаць ніякіх дыскрымінацыйных умоў, у тым ліку ў заяве аб вакансіях. Гэта прадугледжана артыкулам 21 закона аб занятасці насельніцтва. Таму на свабодныя месцы, якія ёсць на прадпрыемствах, мы прапануем грамадзян усіх узростаў з улікам іх прафесійнай падрыхтоўкі, пажаданняў, медыцынскіх рэкамендацый.

Свят­ла­на ЛЯ­ВОН­ЧЫК

Святлана ЛЯВОНЧЫК:

— У цяперашняй эканамічнай сітуацыі канкурэнцыя на рынку працы ўзрасла. Работнікі ва ўзросце ад 50 да 60 гадоў, маючы багаты жыццёвы і прафесійны вопыт, высокую кваліфікацыю, нярэдка аказваюцца без справы. Ім бывае складана ўладкавацца на жаданую прыстойную пасаду. Часта прычына не ў іх нізкай канкурэнтаздольнасці ў параўнанні з моладдзю, а ў стэрэатыпах наймальнікаў і іх прадузятым стаўленні да старэйшых па ўзросце. Хаця ёсць праблема і ў негатоўнасці многіх людзей гэтага пакалення вучыцца і асвойваць новыя тэхналогіі, прафесіі, сферы і формы занятасці.

Свят­ла­на КА­РАС­ЦЯ­ЛЁ­ВА

Святлана КАРАСЦЯЛЁВА:

— У некаторых наймальнікаў ёсць асцярога, што, калі яны адмовяць чалавеку праз яго ўзрост, ён пойдзе куды-небудзь паскардзіцца, таму прыдумваюць розныя прычыны. Баяцца, што работніка, якому засталося пару гадоў да пенсіі, немагчыма будзе звольніць, калі ён не справіцца з абавязкамі. Ёсць стэрэатыпы, што такі супрацоўнік не будзе ініцыятыўным, што ён менш энергічны і ўвогуле прыйшоў дасядзець да пенсіі.

Але, я лічу, ёсць станоўчая тэндэнцыя ў гатоўнасці прымаць на работу спецыялістаў пасля 50. Мы працуем 20 гадоў. Раней, калі мы пачыналі, было жорсткае патрабаванне да ўзросту кандыдатаў — да 30 гадоў. Сёння, скажу шчыра, у мяне ўсё часцей з'яўляюцца вакансіі, дзе няма абмежаванняў па гэтых крытэрыях. Да нас звярнулася кампанія: быў патрэбны памочнік дырэктара па фінансавых пытаннях. І мне падалося, я нават абразіла іх, удакладніўшы, ці будуць абмежаванні па ўзросце. Кіраўнік той фірмы мне сказаў: «Ведаеце, майму памочніку ў Маскве 65 гадоў — шыкоўная жанчына, суперпрафесіянал». Станоўчая тэндэнцыя, мяркую, звязана з тым, што ў нас самі работадаўцы не становяцца маладзейшымі. Я маю на ўвазе камерцыйныя структуры. Многія пачыналі свой бізнес у 1990-х, калі ім было па 25—30 гадоў. Адпаведна, сёння іх сярэдні ўзрост — 50. І большая частка з іх не хацела б прымаць вельмі маладых і нявопытных спецыялістаў. Яны адэкватна ставяцца да людзей свайго ўзросту і гатовы браць сваіх аднагодкаў.

«Звязда»: Пытанне да работадаўцаў: ці шмат у вас на прадпрыемствах супрацоўнікаў старэйшага ўзросту? Колькі кандыдатаў за 50 прынялі ў гэтым годзе? І наколькі крытэрый узросту для вас істотны?

Аляк­сандр ТАЎ­СТЫ­КА

Аляксандр ТАЎСТЫКА:

— У кампаніі «АТЛАНТ» сёння працуе 35 працэнтаў работнікаў ва ўзросце 50 гадоў і старэй. З іх кіраўнікоў — восем працэнтаў, спецыялістаў — 13, рабочых — 79. Пятая частка з дадзенай катэгорыі мае вышэйшую адукацыю, сёмая — сярэднюю спецыяльную. Узроставыя работнікі ў нас — людзі розных прафесій: слесар-зборшчык бытавой тэхнікі, слесар-рамонтнік, прыбіральшчык памяшканняў, кантралёр АТК, кіроўца, наладчык абсталявання, майстар, грузчык.

Што да прыёму на работу асоб пасля 50, то летась ад агульнай колькасці працаўладкаваных такой катэгорыі было 8 працэнтаў, а сёлета — 11 працэнтаў. Мы ў асноўным праводзім конкурс на вакансіі. Кожны з прэтэндэнтаў павінен разумець, што да нас на «АТЛАНТ» патрабуецца спецыяліст менавіта той кваліфікацыі, якая заяўлена. Калі ён не дацягвае, адпаведна — не наш чалавек. І ўзрост не мае значэння.

У снежні, дарэчы, мы будзем разглядаць калектыўны дагавор на 2017 год. І адназначна прапануем правілы, па якіх з работнікам, якому засталося тры гады да пенсіі, абавязкова працягваецца кантракт. Пазіцыя наймальніка такая: калі чалавек кваліфікавана выконвае свае службовыя абавязкі і да яго няма ніякіх прэтэнзій, то адпаведна і далей працуе на прадпрыемстве.

Тац­ця­на МІ­ХЕ­Е­ВА

Таццяна МІХЕЕВА:

— Мне самой споўнілася 59 у гэтым годзе. У 50 па запрашэнні кіраўніцтва «Амкадора» прыйшла на прадпрыемства. Я працую над тым, каб быць патрэбнай. Не дзеля таго, каб чапляцца за гэтую работу, а каб за мяне чапляліся. Няма праблемы сёння з працаўладкаваннем пасля 50. Проста тыя людзі, якія не прыжыліся на прадпрыемствах, лічаць, што яны нікому не патрэбны з прычыны свайго ўзросту. На «Амкадоры» сёння кожны сёмы — пенсіянер. Сярэдні ўзрост рабочых — 47 гадоў, кіраўніцтва — 45,7, спецыялістаў — 40. Бацьку намесніка генеральнага дырэктара па эканоміцы і фінансах 78 гадоў. Ён займаецца праектаваннем аснасткі, і кіраўніцтва просіць яго застацца, бо няма каму яшчэ перадаць вопыт.

Любая ўстанова — ці то школа, ці то завод — павінна аб'ядноўваць тры пакаленні. Мусяць быць дзяды і бабкі, бацькі і моладзь, якая нас на пенсію адправіць. Паверце, нармальны кіраўнік ніколі не адмовіць добраму спецыялісту. Аднаму з нашых новых работнікаў — 72 гады.

Алег ЛІ­СЕЙ­ЧЫ­КАЎ

Алег ЛІСЕЙЧЫКАЎ:

— Як работадаўца хацеў бы выказаць сваю пазіцыю. За два гады мы прынялі на работу ў інстытут 28 чалавек, з іх восем — старэйшыя за 50 гадоў. Пасады, якія яны занялі, — гэта прарэктар па агульных пытаннях і гаспадарчай дзейнасці, загадчык кафедры, спецыяліст па інфармацыйных тэхналогіях, выкладчык... У нашым інстытуце сярэдні ўзрост кадраў — 52 гады. Правільна было сказана: трэба працаваць так, каб у табе былі зацікаўлены. А гэта звязана як з прафесійна-дзелавымі, так і з асобаснымі якасцямі: адказнасць, стараннасць, дысцыпліна, камунікабельнасць, узаемадапамога, патрыятызм у адносінах да арганізацыі. Гэта заўсёды ў цане. Любы работнік мусіць працаваць на агульнае развіццё ўстановы.

«Звязда»: Якія аб'ектыўныя прычыны ўплываюць на адмову кандыдатам у працаўладкаванні?

Святлана КАРАСЦЯЛЁВА:

— Саіскальнікаў ацэньваюць па многіх крытэрыях. Калі чалавек прэтэндуе на высокую пасаду, зразумела, што ён павінен быць інтэлігентным, валодаць замежнай моваю, лічыцца спецыялістам у сваёй галіне. Таго кандыдата, якога не ўзялі, як ён кажа, па ўзросце, хутчэй за ўсё не прынялі праз неадпаведнасць кваліфікацыі ці таму, што ён няправільна сябе паводзіў. Саіскальніку трэба адэкватна ацэньваць свой прафесійны ўзровень і пажаданы заробак. Вось вам прыклад. Мой знаёмы страціў работу за два гады да пенсіі. Папрасіў знайсці яму вакансію, але каб яна была высокааплатнай, офіс знаходзіўся побач з домам і працоўны дзець доўжыўся чатыры гадзіны. Я не змагу ўзяцца за працаўладкаванне такога чалавека.

Святлана ЛЯВОНЧЫК:

— У службу занятасці апошнія два гады часта звяртаюцца грамадзяне, якія доўга не працуюць, страцілі свае прафесійныя і камунікатыўныя навыкі. Гэта кожны чацвёрты з тых, хто стаіць на ўліку. Каб вярнуцца ў строй, ім патрэбна дапамога спецыялістаў. Такія саіскальнікі часта вельмі пасіўныя. Рэгіструюцца дзеля статусу і не займаюцца пошукам работы. Тыя ж, хто не чакае, што праца іх сама знойдзе, у выніку атрымліваюць новую прафесію, становяцца паспяховымі прадпрымальнікамі.

«Звязда»: На якую дапамогу ад дзяржавы могуць разлічваць тыя, хто шукае работу пасля 50?

Вік­то­рыя УСО­ВІЧ

Вікторыя УСОВІЧ:

— Дзяржава забяспечвае дадатковыя гарантыі ў галіне садзейнічання занятасці грамадзянам, якія не могуць на роўных умовах канкурыраваць на рынку працы. Да гэтай катэгорыі адносяцца таксама і асобы перадпенсійнага ўзросту — за два гады да наступлення ўзросту, які дае права на пенсію на агульных падставах. Устанаўліваецца броня на прадпрыемствах і арганізацыях. Так, на гэты год для асоб перадпенсійнага ўзросту ў Мінску было забраніравана 188 працоўных месцаў. У гэтым выпадку наймальнік не можа даць неабгрунтаванай адмовы кандыдату.

У мэтах павышэння канкурэнтаздольнасці на рынку працы мы прапануем таксама праходзіць навучанне. Сярод усіх залічаных сёлета на вучобу грамадзян, старэйшых за 50 гадоў, — 21,4 працэнта.

Алег ЛІСЕЙЧЫКАЎ:

— Штогод каля 500 беспрацоўных, у тым ліку і па накіраванні ад службы занятасці, праходзяць навучанне ў інстытуце. Мы арганізуем перападрыхтоўку на базе вышэйшай адукацыі па такіх спецыяльнасцях, як праграмнае забеспячэнне інфармацыйных сістэм, бухгалтарскі ўлік і кантроль прамысловасці, лагістыка, кіраванне персаналам. Рыхтуем таксама прадстаўнікоў рабочых прафесій. Увогуле ў інстытуце больш за 40 відаў адукацыйных праграм. Ёсць курсы працягласцю ўсяго тры-чатыры тыдні — камп'ютарная графіка, спецыяліст па арганізацыі закупак, тэсціроўшчык праграмнага забеспячэння.

Мы падлічылі, што ў нас сёлета амаль 16 працэнтаў з тых, хто праходзіў навучанне, — гэта людзі за 50. Сярод спецыяльнасцяў, якія асвойвала гэта катэгорыя, лідзіруюць «кладаўшчык», «прадпрымальніцкая дзейнасць», «асновы камп'ютарных тэхналогій». У адукацыйным працэсе трэба ўмець працаваць з такімі людзьмі, настроіць на вучобу, на тое, што ў іх усё атрымаецца. Таму нашы выкладчыкі выступаюць адначасова і ў якасці псіхолагаў. Пры сустрэчах з навучэнцамі я ім заўсёды кажу: «Вы здзейснілі подзвіг». Таму што сесці за парту пасля 45 і асвойваць новыя прафесіі — гэта няпроста. Мы, дарэчы, прыцягваем у якасці выкладчыкаў яшчэ і спецыялістаў з вядучых фірм, якія могуць убачыць будучыя кадры для сябе.

«Звязда»: Адзін з варыянтаў не застацца без работы — стварыць працоўнае месца самому.

На­тал­ля ДО­ЛБІК

Наталля ДОЛБІК:

— Адразу хачу сказаць, што ў нас дзяржава дае падатковыя і іншыя льготы пенсіянерам, якія адкрываюць сваю справу. Той, хто пра гэта ведае, разумее, што ён больш канкурэнтаздольны на рынку як прадпрымальнік. Ва ўзросце 50+ адкрываюцца новыя магчымасці. Нашы выпускнікі арганізавалі бізнес у такіх кірунках, як рамонт, будаўніцтва, вытворчасць корпуснай мэблі, гандаль.

Цяпер на многіх прадпрыемствах ідзе рэструктурызацыя, дзесьці патрабуецца дастаткова масавае вызваленне работнікаў. Гэта працэдура мусіць быць сацыяльна адказнай. Таму што тыя людзі, якіх скарачаюць, часта баяцца за сваю будучыню, не зусім упэўненыя ў сабе. А пасля курсаў па прадпрымальніцтве разумеюць, што могуць самі стварыць сабе працоўнае месца і атрымліваць ад работы задавальненне. Адукацыя дае час спыніцца, пачуць новыя ідэі, па-іншаму паглядзець на сітуацыю. Мы вывучалі замежны вопыт: многія людзі, якія аказаліся вызваленымі, адкрылі для сябе новае жыццё. З іх больш за 83 працэнты засталіся задаволеныя тым, што іх скарацілі на заводзе.

Службы занятасці аказваюць прадпрымальнікам-пачаткоўцам яшчэ і фінансавую падтрымку. Памер субсідыі — 11 бюджэтаў пражытачнага мінімуму для горада, 15 — для сельскай мясцовасці, 20 — для людзей, якія адкрываюць інавацыйныя кірункі.

Святлана ЛЯВОНЧЫК:

— У Мінску са 136 беспрацоўных, якія атрымалі з пачатку года субсідыю на арганізацыю прадпрымальніцкай дзейнасці, старэйшых за 50 — дзевяць чалавек. Адзін займаецца рэкламай, другі — швейнай вытворчасцю, трэці праводзіць рамонтныя работы. Астатнія знайшлі сябе ў гандлі ці аказваюць паслугі ў галіне будаўніцтва. Гэта той выпадак, калі ўзрост і адпаведна вопыт працуюць на самога чалавека.

Эль­ві­ра ПА­ЛУ­ЯН

Эльвіра ПАЛУЯН:

— Мяне ў 40 гадоў скарацілі на рабоце. Была настаўніцай фізкультуры ў школе. Паколькі на той момант мы з сям'ёй ужо жылі ў вёсцы, з галавой падалася ў сельскі турызм. Я з ліку тых, хто рады, што яго звольнілі і што пачалося абсалютна іншае жыццё. Ужо восем гадоў я гаспадыня сядзібы сельскага турызму «Настачка». Захапляюся таксама экалагічным земляробствам. Улетку скончыла курсы па прадпрымальніцтве — хачу цяпер у дапаўненне да сядзібы адкрыць фермерскую гаспадарку па вырошчванні каліфарнійскіх чарвякоў. Яны дапамагаюць перапрацоўваць бытавыя адкіды, угнойваць глебу — потым на ёй усё лепш расце.

Для людзей за 50, дарэчы, якія жывуць за горадам, ёсць яшчэ адзін варыянт працаўладкавання. Я кантактую з рамеснікамі і ведаю, што некаторым з іх патрэбны памочнікі. Так, адна знаёмая ўмее рабіць славянскія абярэгі — ёй не хапае менеджара, які зможа ўпакаваць гэта прыгожа ў каробачку і прадаць.

«Звязда»: У чым плюсы работнікаў старэйшага ўзросту? На якіх пасадах лепш спраўляецца моладзь, а дзе больш карысным будзе спецыяліст пасля 50?

Святлана КАРАСЦЯЛЁВА:

— Прафесія для маладых — напрыклад, спецыяліст па продажы: на гэтым месцы звычайна бачаць юнака. Старэйшае пакаленне можа гэтым займацца, але не хоча. Цяпер запатрабаваны начальнікі аддзелаў па продажы, якія маюць інжынерную адукацыю, але людзі з вопытам не зацікаўлены ў перавучванні. Маркетолаг таксама спецыяльнасць для моладзі. Сама прафесія з'явілася не так даўно, таму старэйшыя людзі рэдка валодаюць гэтымі пытаннямі і адпаведна з меншай верагоднасцю могуць прэтэндаваць на пасады, звязаныя з маркетынгам. Тая ж сітуацыя з вакансіямі па кіраванні персаналам. На іх часта просяцца тыя, хто ўсё жыццё адпрацаваў у аддзеле кадраў, але гэта іншая спецыфіка, таму трэба асвоіць яшчэ пэўныя аспекты.

А вось бухгалтар, я лічу, цэніцца ад 40 гадоў і вышэй, пры ўмове, вядома, што ён валодае камп'ютарам. Работнікі старэйшага ўзросту будуць у прыярытэце ў галіне будаўніцтва, асабліва на топавыя пазіцыі. Нядаўна адна фірма шукала спецыяліста для гэтай сферы. Там адразу сказалі: маладзейшы за 55 дакладна не падыдзе.

Мы, дарэчы, рэкамендуем нашым работадаўцам звяртаць увагу або на вельмі маладых, адразу пасля ўніверсітэта, саіскальнікаў або на спецыялістаў перадпенсійнага ўзросту: яны прэтэндуюць на больш нізкую заработную плату. А кандыдаты ад 30 да 40 гадоў — самыя «дарагія».

Святлана ЛЯВОНЧЫК:

— Ёсць яшчэ шэраг момантаў, якія робяць супрацоўнікаў старэйшага ўзросту больш пажаданымі. Яны радзей канфліктуюць з кіраўніцтвам, больш цэняць сам факт наяўнасці працоўнага месца. У такіх спецыялістаў ёсць вопыт у розных галінах дзейнасці і вялікі стаж, таму пры прыёме на работу ад іх можна шмат чаго даведацца.

«Звязда»: Як саіскальнікам ва ўзросце правільна сябе «прадаць» на рынку працы?

Святлана КАРАСЦЯЛЁВА:

— Калі чалавек шукае высокааплатную работу і любіць працаваць, ён яе знойдзе, а калі хоча толькі вялікі заробак, то не. Мяне вельмі раздражняе, калі кандыдат кажа: «Я працаваў начальнікам і на той пасадзе шмат атрымліваў. Вы абавязаны мяне ўладкаваць на такую ж вакансію». Лічу, саіскальнік павінен гнутка да такіх сітуацый падыходзіць, шукаць сумежныя прафесіі, а не «наязджаць» на спецыялістаў, што яму дапамагаюць.

Ёсць пэўныя правілы, якія нельга абыходзіць. Калі чалавек перастаў вучыцца, то яго на працу наўрад ці возьмуць. Хочаш добрую вакансію — павышай сваю кваліфікацыю, прынамсі, не адставай ад моладзі. Сёння гэта вельмі складана. Тут як у прымаўцы: каб заставацца на месцы, трэба бегчы. Прывяду свой уласны прыклад. Калі я зразумела, што паслугі рэкрутынгу цяпер не так запатрабаваныя, як гэта было да крызісу, я вырашыла асвойваць новую прафесію. Прааналізавала, якія спецыяльнасці карыстаюцца попытам, і скончыла сёлета два курсы: па інтэрнэт-прасоўванні і акадэмічным малюнку (камп'ютарная графіка). Я ведаю, што ўжо не прападу.

Работнікам трэба адэкватна ацэньваць сваю знешнасць, форму адзення і ўзаемаадносіны ў калектыве. Бо сёння праблема канфлікту паміж пакаленнямі мае месца. І калі чалавек ва ўзросце не разумее моладзь, ён можа страціць работу. Таму я вельмі рэкамендавала б старэйшым супрацоўнікам наладжваць узаемаадносіны з маладымі спецыялістамі ў сваёй галіне, каб стаць для іх аўтарытэтам і настаўнікам.

Таццяна МІХЕЕВА:

— Першае, што трэба памятаць тым, хто шукае работу ў такім узросце, — на абароне іх правоў стаіць дзяржава. Наймальнік ведае, што калі ён штосьці аптымізуе, на ім ляжыць адказнасць навучыць чалавека новым уменням. Інтарэсы нармальных кіраўнікоў знаходзяцца ў эканамічнай плоскасці, таму галоўнае, што хвалюе іх, — ці будзе карысны работнік. Чалавек у любым узросце павінен ведаць, што ўсе дзверы адчынены. Часта ўспамінаю свой любімы адэскі анекдот: «Мама, вы такі хочаце смажанай рыбы? Тады ўстаньце і пасмажце, а не — такі ляжыце і не кажыце». Той, хто хоча, той і даб'ецца, знойдзе сабе месца, дзе будзе карысны.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.