Вы тут

Ісландскія "піраты" створаць урад


Пірацкая партыя Ісландыі, якая набрала 14,5 працэнта галасоў на выбарах у парламент (альтынг), мае намер стварыць кааліцыйны ўрад.


Раней перагаворы паміж пяццю партыямі па стварэнні новай левацэнтрысцкай кааліцыі праваліліся. Як вядома, выбары ў Ісландыі прайшлі яшчэ 29 кастрычніка. Першае месца па колькасці галасоў заняла кансерватыўная Партыя незалежнасці, ёй неабходна было ўтварыць кааліцыю з іншымі сіламі, каб кантраляваць не менш як палову парламента. Яе перагаворы з Партыяй рэформаў і партыяй "Светлая будучыня" скончыліся правалам, у выніку чаго мандат на фарміраванне ўрада перайшоў да партыі "Левыя зялёныя", якая заняла другое месца. На гэты раз перагаворы вяліся паміж партыяй "Левыя зялёныя", Пірацкай партыяй, Партыяй рэформаў, партыяй "Светлая будучыня" і Сацыял-дэмакратычным альянсам. І зноў кааліцыю стварыць не ўдалося.

Як заўважыла кіраўнік партыі "Левыя зялёныя" Катрын Якабсдоўцір, у асноўным рознагалоссі датычыліся фінансавання аховы здароўя і адукацыі, а таксама рыбалоўства. У выніку гістарычны шанц атрымалі "піраты", якім, праўда, пакуль не ўдалося стварыць кааліцыю, аднак .партыі прадастаўлена другая спроба.

Левы ўхіл

У свой час менавіта Ісландыя першай адчула на сабе глабальны фінансавы крызіс. Астраўная дзяржава з насельніцтвам 300 тысяч чалавек вельмі захапілася крэдытным бумам і за лічаныя гады доўг Ісландыі ў сем разоў перавысіў аб'ём ВУП. У пачатку 2008-га крона абвалілася, банкаўская сістэма краіны была практычна знішчана. Эканоміка ўпала прыкладна на 20 працэнтаў. Толькі сур'ёзны падмурак дабрабыту, які сфарміраваўся ў Ісландыі за XX стагоддзе, дапамог пазбегнуць катастрафічных сацыяльных наступстваў.

Абурэнне насельніцтва традыцыйнымі мэйнстрымавымі партыямі, што ўсе як адна падтрымлівалі стары эканамічны парадак, было вельмі моцнае. Пад ціскам грамадскасці дзяржава была вымушаная пайсці на беспрэцэдэнтны крок — адмовіцца ад выплат замежным грамадзянам (перш за ўсё брытанскім) па ўкладах на сотні мільёнаў долараў, размешчаных у ісландскіх банках. Гэта выклікала бурную рэакцыю ў Еўропе, праўда, ніякіх сур'ёзных мер супраць Ісландыі так і не прынялі. Але нават гэта не дапамагло сістэмным партыям і палітыкам утрымаць сваю гегемонію ў краіне. Ісландцы патрабавалі перамен.

Ва ўсім Старым Свеце рэзка ўзмацніліся пазіцыі еўраскептыкаў і нацыяналістаў. У Ісландыі, дзе няма такіх праблем з іміграцыяй і стратай культурнай ідэнтычнасці, як на кантыненце, зерне незадаволенасці дало іншыя ўсходы. Рэзкі ўзлёт папулярнасці перажыла Пірацкая партыя. Той жа вынік у 14,5 працэнта галасоў аказаўся для іх хутчэй расчаравальным (хоць гэта трохразовы рост у параўнанні з папярэднім народным волевыяўленнем). Яшчэ сёлета ў красавіку рэйтынг ісландскіх "піратаў" дасягаў неймаверных 40 працэнтаў. Гэты ўсплёск адбыўся на фоне "Панамскага скандалу", дзе быў замешаны тагачасны прэм'ер-міністр краіны Сігмундур Гунлаўгсан, які хаваў свае грошы ў афшорах.

Характэрна, што Пірацкая партыя з'явілася ў Ісландыі ўсяго чатыры гады таму. На парламенцкіх выбарах 2013-га яна з цяжкасцю пераадолела неабходны для праходжання ў альтынг пяціпрацэнтны бар'ер. Але фракцыю колькасцю тры чалавекі (з 63 месцаў у парламенце) "піраты" усё ж такі атрымалі. Тым дзіўней, што ўсяго за тры гады гэтыя маладыя палітыкі набралі заўважную вагу, ды яшчэ з такой анархісцка-камуністычнай праграмай.

Зрэшты, Пірацкая партыя з'явілася ў Ісландыі не на пустым месцы. Левыя (сацыялістычныя, камуністычныя) традыцыі тут маюць досыць глыбокія карані. Напрыклад, сацыял-дэмакратычная партыя Ісландыі ўзнікла яшчэ ў 1916 годзе. У 1930-м ад яе адкалолася левая частка, якая ўтварыла камуністычную партыю. Апошняя пазней аб'ядналася з іншымі левымі сіламі ў Сацыял-дэмакратычны альянс. У выніку сёння ў краіне з колькасцю насельніцтва ўсяго 330 тысяч чалавек дзейнічае некалькі арганізацый сацыялістычнага кшталту, уключаючы "зялёных".

Без межаў

Мэта "пірацкіх" партый — рэформа заканадаўства ў галіне інтэлектуальнай уласнасці, патэнтаў, капірайту. Яны выступаюць за свабодны некамерцыйны абмен інфармацыяй і недапушчальнасць яго пераследавання. Першая "пірацкая" партыя з назвай Pіratpartіet была заснавана 1 студзеня 2006 года. Ідэя яе стварэння ўзнікла ў 2005-м у шведскага палітыка і прадпрымальніка ў галіне інфармацыйных тэхналогій Рыкарда Фальквінге падчас гучных дэбатаў пра змены ў заканадаўстве ў галіне аўтарскага права, якія так і не прывялі да істотнага выніку. Абапіраючыся на падтрымку інтэрнэт-карыстальнікаў, партыя хутка набыла папулярнасць, якая яшчэ больш павялічылася дзякуючы з'яўленню "антыдоту" — сайта "антыпірацкай партыі", якая абвясціла сябе змагаром за ўзмацненне пераследу кіберзлачынцаў. Аднак развіццё "антыпірацкага руху" на гэтым спынілася. Было створана маладзёжнае крыло партыі Ung Pіrat ("Маладыя піраты"), якое стала найбуйнейшай маладзёжнай палітычнай арганізацыяй Швецыі.

Акрамя Пірацкіх партый асобных дзяржаў існуюць рэгіянальныя партыі (напрыклад, штат Фларыда, ЗША; Каталонія, Іспанія), фарміруецца "надрэгіянальная" Пірацкая партыя Еўропы (Pіrate Party of Europe), а таксама міжнародная партыя "Піраты без межаў". З 2006 года фарміравалася няўрадавая арганізацыя "Інтэрнацыянал пірацкіх партый". Афіцыйна яна функцыянуе з 2010 года. Вопыт стварэння Пірацкай партыі ў Швецыі падтрымалі і ў іншых краінах. Цяпер 64 такія партыі ўжо створаны або знаходзяцца ў працэсе стварэння, больш як 600 тысяч чалавек сталі ўдзельнікамі гэтага руху.

Дзяржава — не нянька

Самымі паспяховымі аказаліся ісландскія "піраты". Але, вядома, пры ўваходжанні ва ўрад ім прыйдзецца паступіцца часткай сваіх прынцыпаў і абмежаваць радыкалізм. Насамрэч Пірацкая партыя Ісландыі — зусім не фанатычныя левакі, як здаецца на першы погляд. "Мы не хочам дзяржаву-"няньку", як у краінах кантынентальнай Скандынавіі", — тлумачыць адзін з заснавальнікаў і лідар партыі Біргіта Ёнсдоцір (дачка вядомай у краіне фолк-спявачкі, у мінулым — грамадзянскі актывіст і хакер). Хутчэй, партыя імкнецца да лібертарыянскіх стандартаў, сцвярджаючы прыярытэт свабоды. Асабліва гэта тычыцца сферы інфармацыі. Як і многія аднадумцы за мяжой, Пірацкая партыя Ісландыі выступае за рэформу капірайту і патэнтнага рэгулявання, лічачы, што доступ да інфармацыі — фундаментальнае права любога чалавека.

Аднак у праграме ісландскіх "піратаў" акцэнт робіцца на канфідэнцыяльнасць (для прыватных асоб) і адкрытасць (для дзяржслужачых і ўстаноў). З левымі "піратаў" зрадняе непрыманне сучаснага фінансавага капіталізму (дарэчы, цяпер яго жорстка крытыкуюць з усіх участкаў палітычнага спектра). У Ісландыі выдатна памятаюць, да чаго ён прывёў у "нулявыя" гады. Пры гэтым "піраты" лічаць, што здабываючы сектар эканомікі альбо варта нацыяналізаваць цалкам, альбо на яго павінна быць істотна павышана падатковая нагрузка. Асабліва гэта тычыцца транснацыянальных карпарацый накшталт Rіo Tіnto (аўстралійска-брытанскі канцэрн, адна з найбуйнейшых горнаметалургічных кампаній у свеце).

У той жа час у адносінах да манетарнай палітыкі якіх-небудзь заяў піраты не робяць, адзначаючы, што перш ім самім трэба разабрацца ў гэтым пытанні. Праблема ставак цэнтральных банкаў і грашова-крэдытнага рэгулявання, усё больш актуальная па ўсім свеце, да Ісландыі пакуль не дайшла. Гэтым і тлумачыцца адсутнасць выразнай пазіцыі па гэтым пытанні ў партыі.

Куды больш цікавіць "піратаў" рэч практычная і зразумелая простаму абывацелю — крыптавалюты. Стаўленне да іх у астатнім свеце да гэтага часу неадназначнае. У адных краінах іх забараняюць і лічаць прамой пагрозай фінансавай сістэме, у другіх — збіраюцца жорстка абмяжоўваць і рэгуляваць. Пірацкая партыя наадварот лічыць (і гэта зафіксавана ў яе кароткай праграме), што біткойны і іншыя віртуальныя валюты павінны свабодна абарочвацца ў фінансавай сістэме краіны. Больш таго, некаторыя аналітыкі мяркуюць, што "піраты" могуць наогул прызнаць біткойн нацыянальнай валютай. Строга кажучы, гэта будзе не першы такі выпадак у гісторыі. У свеце ёсць краіны, якія не кантралююць эмісію сваёй валюты. Напрыклад, еўра — афіцыйная валюта Чарнагорыі, якая не ўваходзіць у ЕС, а долар ЗША — Зімбабвэ. Вынікі тут залежаць ад агульнага фінансава-эканамічнага становішча дзяржавы, але само ўжыванне неэмітаваных у краіне валют вялікай шкоды эканоміцы не наносіць.

Аднак зняцце ўсіх абмежаванняў з біткойна здольна радыкальна змяніць агульную фінансавую сістэму свету. Яго курс рэзка вырасце. Saxo Bank чакае, што налета курс біткойна павялічыцца з 700 да 2100 долараў. Праўда, для гэтага павінен рэалізавацца шокавы сцэнарый. У адпаведнасці з ім дэфіцыт бюджэту ЗША дасягне амаль двух трыльёнаў долараў з-за палітыкі прэзідэнта Дональда Трампа, ФРС будзе хутка павышаць стаўкі, што выкліча паніку на рынках, якія развіваюцца, асабліва ў Кітаі. КНР пачне шукаць альтэрнатыву глабальнай сістэме папяровых грошай з доларам на чале. Попыт на крыптавалюты падскочыць, і ў рэшце рэшт кітайскія і расійскія рэгулятары прызнаюць біткойн частковай заменай долара. Папулярнасць біткойна прымусіць і іншыя дзяржавы задумацца пра падобныя эксперыменты. Тады біткойн ператворыцца ў цвёрдую, агульнапрызнаную валюту, а Ісландыя — у сапраўдны "востраў свабоды" для тых, хто аддае перавагу ананімным фінансавым аперацыям.

У цэлым эканамічная праграма Пірацкай партыі выглядае цалкам прымальнай і нават умеранай, хоць шматлікія важныя элементы ў пачаткоўцаў палітычнай сцэны практычна ніяк не адлюстраваны. Важнейшыя тут самі прынцыпы, зафіксаваныя ў праграме. Ва ўмовах працэсу пераадолення наступстваў фінансавага крызісу, які зацягнуўся, узмацнення ўлады дзяржавы і міждзяржаўных аб'яднанняў над эканомікай і фінансавым сектарам Ісландыя, магчыма, здолее прапанаваць зразумелую альтэрнатыву, якая ўлічвае інтарэсы радавога грамадзяніна. І тым самым стаць адным з сімвалаў лібертарыянскага супраціву "глабальнай дзяржаве". Але ўсё гэта адбудзецца ў тым выпадку, калі "піраты" з другой спробы здолеюць сфарміраваць кааліцыйны ўрад.

Захар БУРАК.

burak@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

Анастасія Мірончык-Іванова: «Веру ў сябе і ў свае сілы»

У спорце ёй двойчы прыходзілася пачынаць усё спачатку.

Грамадства

 Малая гістарычная радзіма — вёска Харобічы на Чарнігаўшчыне. РЭПАРТАЖ

Малая гістарычная радзіма — вёска Харобічы на Чарнігаўшчыне. РЭПАРТАЖ

Нудна больш не будзе. Гэтую і многія іншыя цытаты з савецкага фільма «Вяселле ў Малінаўцы» падчас паездкі ў госці да жоўта

Грамадства

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Што трэба, каб пражыць даўжэй?

Герыятр распавядае пра сакрэты доўгажыхароў і тое, што падаўжае наша жыццё.