Вы тут

Ці ёсць у піратэхнікі асаблівасці выкарыстання ў сельскай мясцовасці?


З вёскі Зелянец Карэліцкага раёна на «гарачую лінію» нашага выдання ў трэці раз звярнуўся Мікалай Мікалаевіч Іваноў. Нагадаем коратка, што 5 лістапада газета давала адказ на запыт чытача адносна паводзін яго суседа-дачніка падчас навагодніх свят, калі той праз выкарыстанне піратэхнікі дастаўляў шмат клопату вяскоўцу і яго жонцы. Тады пракаментаваў сітуацыю начальнік раённай міліцыі. Сутнасць зводзілася да таго, што нельга замоўчваць канфлікты паміж людзьмі, іх лепш вырашаць на стадыі ўзнікнення. А для гэтага важна займацца прафілактыкай: той выпадак непаразумення паміж суседзямі быў узяты міліцыяй, як той казаў, «на аловак».


Але праз нейкі час Мікалай Мікалаевіч папрасіў яшчэ і яшчэ раз: надрукуйце правілы выкарыстання піратэхнічных вырабаў... у сельскай мясцовасці. Сваё пытанне чытач абгрунтаваў наступным чынам: «У вас у вялікім горадзе падчас свят міліцыя сочыць за парадкам, у тым ліку і за тым, хто і як абыходзіцца з петардамі і феерверкамі. Я канкрэтна хачу ведаць, на якой адлегласці ад майго дома можна выкарыстоўваць гэтыя вырабы». Дарэмна мы спрабавалі растлумачыць, што ніякіх падобных правілаў не тое што для сельскай мясцовасці, але і для горада няма, што гэта пытанне рэгулюецца зусім інакш, чытач літаральна патрабаваў публікацыю адказу ў газеце.

Прэс-сакратар Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь НАВІЦКІ пацвердзіў, што ёсць Правілы бяспекі пры вырабе і выкарыстанні піратэхнічных вырабаў, якія рэгламентуюць выраб, захоўванне, рэалізацыю, выкарыстанне гэтай прадукцыі, але шараговага карыстальніка яны не датычацца. Пакупнік феерверкаў і петард павінен прытрымлівацца тых правілаў, якія пазначаны ў інструкцыі па выкарыстанні таго ці іншага канкрэтнага вырабу ў залежнасці ад класа, тыпу, магутнасці і г.д. Ёсць агульныя рэкамендацыі, напрыклад, пры моцным парывістым ветры лепш увогуле адмовіцца ад правядзення феерверку (абмежаванні па хуткасці ветру пазначаны на этыкетцы кожнага канкрэтнага вырабу). Памер пляцоўкі для запуску феерверку павінен адпавядаць максімальнаму памеру небяспечнай зоны, зноў жа пазначанай на вырабах, якія плануецца выкарыстоўваць. Гледачы павінны знаходзіцца за межамі названай пляцоўкі, а над ёй не павінна быць дрэў, ліній электраперадач і іншых паветраных перашкод. У інструкцыі па выкарыстанні пазначана, як усталёўваць той ці іншы піратэхнічны выраб, як падпальваць, што нельга даваць дзецям, кідаць, падыходзіць толькі праз вызначаны час да прадмета, які не спрацаваў і г.д.

— Варта памятаць, што піратэхніку забаронена выкарыстоўваць у грамадскіх месцах: у парках, на плошчах і ў месцах з вялікай колькасцю людзей. Нельга выкарыстоўваць піратэхнічныя вырабы паблізу жылых дамоў і аўтамабіляў, — зноў жа гаворыць найперш пра меры бяспекі і правілы абыходжання з піратэхнікай прэс-афіцэр Цэнтральнага РУУС г. Мінска Таццяна АБОЗНАЯ. — Але трэба разумець, што адзін выпадак, калі грамадзяне выкарыстоўваюць яе згодна з правіламі, інструкцыямі на этыкетцы, нікому не перашкаджаючы і не парушаючы грамадскі парадак. Напрыклад, калі на асобнай пляцоўцы запускаюць феерверк для сябе, не ставячы мэтай напалохаць выпадковага мінака. І зусім іншая справа, калі, скажам, петарды наўмысна кідаюць пад ногі. У гэтым разе выкарыстанне піратэхнічных сродкаў у грамадскіх месцах можа быць расцэнена як дробнае хуліганства (артыкул 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь), за ўчыненне якога прадугледжаны штраф у памеры ад 2 да 30 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт на тэрмін да 15 сутак. Калі затрымаюць за выкарыстанне піратэхнічных вырабаў дзіця, то бацькі могуць быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 9.4 Кодэкса аб адміністрацыйнай адказнасці Рэспублікі Беларусь («Невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей»), які прадугледжвае папярэджанне або штраф у памеры да дзесяці базавых велічынь. Калі ж пры выкарыстанні піратэхнічных цацак будзе нанесена значная шкода здароўю або маёмасці навакольных, то парушальнікам можа пагражаць у тым ліку і крымінальная адказнасць.

Таццяна Абозная звярнула ўвагу і на тое, што кожны, хто купляе петарды ў нелегальнага прадаўца, павінен разумець, што гэты тавар не прайшоў сертыфікацыю і можа быць небяспечным. Звязаныя з піратэхнікай траўмы і пашкоджанні маёмасці, на жаль, у сталіцы (ды і ў іншых гарадах) адбываюцца штогод і азмрочваюць святы дзясяткам людзей.

— У гэтай сувязі ў чарговы раз нагадваю аб неабходнасці выконваць правілы бяспекі, — падкрэсліла прэс-афіцэр. — Купляць піратэхніку трэба толькі ў афіцыйных гандлёвых пунктах. Не выкарыстоўваць яе ў хатніх умовах і не даваць малалетнім дзецям. Строга выконваць інструкцыю вытворцы на ўпакоўцы.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: Выкарыстоўваць згодна з інструкцыяй і не парушаць грамадскі парадак

Каментары

tak

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.