Вы тут

Зміцер Яцкевіч: Беларуская літаратура працягвае жыць і развівацца


У канцы гэтага года наша краіна шырока адзначыла 125-годдзе Максіма Багдановіча. Свята атрымалася сапраўды маштабным і ўсенародным. Не толькі літаратурныя музеі і афіцыйныя ўстановы далучыліся да ўрачыстасцяў. Многія людзі на сваіх асабістых старонках у сацыяльных сетках размяшчалі віншаванні паэту, дэкламавалі вершы падчас імпрэз, наведвалі памятныя канцэрты. У наступным годзе нас таксама чакае некалькі юбілеяў беларускіх класікаў. У іх ліку — 130-годдзе з дня нараджэння Цішкі Гартнага, 105-годдзе Максіма Танка, 100-годдзе Янкі Брыля і Пімена Панчанкі.


Змі­цер ЯЦ­КЕ­ВІЧ.

У наступным годзе нас таксама чакае некалькі юбілеяў беларускіх класікаў, сярод якіх - 135 гадоў з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Як жа да гэтай даты рыхтуецца Дзяржаўны музей гісторыі развіцця беларускай літаратуры? Гэтая тэма абмяркоўвалася на "круглым стале", прысвечаным юбілеям шматлікіх беларускіх пісьменнікаў.

— У наступным годзе мы паспрабуем распрацаваць архітэктурна-мастацкае рашэнне пастаяннай экспазіцыі і адкрыць хаця б яе частку. Канцэпцыя пастаяннай экспазіцыі Дзяржаўнага музея гісторыі развіцця беларускай літаратуры заканчваецца 90-мі гадамі ХХ стагоддзя. Аднак беларуская літаратура на гэтым не спыніла сваё існаванне, - расказвае дырэктар установы Зміцер ЯЦКЕВІЧ. — Яна працягвае жыць і развівацца. Ужо сёння, на пачатку ХХІ стагоддзя, мы маем нобелеўскага лаўрэата. Гэта ганаровае званне прысуджана нашай суайчынніцы Святлане Алексіевіч. І гэтую падзею мы, безумоўна, не можам не адлюстраваць у нашых экспазіцыйна-выставачных праектах. На гэты конт у нас таксама ўжо ёсць пэўныя задумы. Такім чынам, перад намі стаіць вельмі няпростая задача — стварыць экспазіцыю, змястоўную, цікавую і, галоўнае, адпаведную ўсім патрабаванням сучаснага наведвальніка.

Паралельна будзем пашыраць дзейнасць і пералік паслуг, якія прапаноўваюць сёння наведвальніку нашы філіялы, раскіданыя па розных кутках краіны.

Асаблівая ўвага будзе нададзена камплектаванню музейных фондаў. У межах падрыхтоўкі да стварэння пастаяннай экспазіцыі музея ў першую чаргу плануецца набываць прадметы музейнага значэння, якія будуць папаўняць ужо існуючыя калекцыі і адлюстроўваць літаратурны працэс на Беларусі ад старажытных часоў да ХІХ стагоддзя ўключна. Менавіта такіх матэрыялаў бракуе ў нашых фондах, аднак гэта натуральна, паколькі ўжо сёння ад тых часоў нас аддзяляюць стагоддзі. Акрамя гэтага, такія нашы філіялы, як музей Адама Міцкевіча ў Завоссі, Францішка Багушэвіча ў Кушлянах, таксама могуць быць дапоўнены рэчамі таго перыяду, калі там жылі гэтыя творцы, каб стаць яшчэ больш адметнымі і знакавымі.

Ужо вядзецца праца ў кірунку набыцця аўтэнтычных рэчаў. Але пакуль не будзем раскрываць таямніц, каб удалося здзейсніць усё задуманае (натуральна, гэта будзе залежаць і ад нашых фінансавых магчымасцяў). Важна мець не муляжы, а знакавыя прадметы ў экспазіцыях, каб наглядна бачыць, як развівалася наша пісьменства і літаратура.

У планах пашырыць і навукова-даследчую працу па шэрагу кірункаў, у тым ліку і па стварэнні радаводаў класікаў беларускай літаратуры.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.