Вы тут

Уладальнікі «пеўневых» прозвішчаў расказваюць пра свае характары


Певень — птушка яркая, гордая, храбрая і задзірыстая. Устае з усходам сонца, з важным выглядам ходзіць па двары і, калі што не па ім, заўсёды гатова ўлезці ў бойку. Беларусы з «пеўневымі» прозвішчамі, аказваецца, шмат у чым на яго падобныя.


Кацярына Петуховіч, Мінск

— Які ў мяне характар? Бойкі, задзірысты. Мяне вельмі лёгка завесці. Магу пакрыўдзіцца літаральна з-за дробязі. І са мной лепш не спрачацца — упартая, — з усмешкай апісвае сябе дзяўчына і згаджаецца, што з сімвалам наступнага года ў яе шмат падобнага.

У дзяцінстве Кацярына лёгка магла кіраваць іншымі дзецьмі, прычым рабіла гэта з задавальненнем. Успамінае, што калі ёй давалі нейкае заданне, то прыгожа магла скінуць яго на кагосьці іншага. А вось у бойкі ніколі не ўвязвалася.

Дзяўчына працуе івэнт-менеджарам у агенцтве маркетынгавых даследаванняў. Нягледзячы на «пеўневае» прозвішча, прачынацца ранкам ёй вельмі цяжка. «Кожны раз мару, каб хутчэй наступілі выхадныя».

Сваім самым адважным учынкам Кацярына лічыць тое, што знайшла ў сабе сілы акунуцца ў палонку на Вадохрышча. «У хуткім часе збіраюся паўтарыць, — кажа яна. — Увогуле ёсць мара скокнуць з парашутам. Баюся вышыні, але вельмі хочацца».


Тамара Петухова, вёска Сокарава Бешанковіцкага раёна

— Гэта прозвішча мне ад мужа дасталося. І вось дзіўна: муж мой спакойны, і ў сям'і ў яго ўсе такія ж. А я, наадварот, актыўная, — заўважае Тамара Максімаўна.

Некалі яна працавала эканамістам у калгасе, потым загадчыцай дзіцячага садка. З 2009 года і да сёлетняй восені была старэйшынай вёскі і не раз адстойвала інтарэсы аднавяскоўцаў. Былі, напрыклад, праблемы з вывазам смецця. Іх вырашылі: цяпер з Бешанковіч пастаянна прыязджае машына. Пытанне ачысткі вуліц ад снегу таксама ўладзілі.

— Трэба ж, каб і «хуткая» магла праехаць пры неабходнасці, і газ прывезлі. А то раней па 20 сантыметраў снегу на дарозе намятала, — кажа Тамара Максімаўна.

Дабіліся і таго, каб на вясковы ФАП перыядычна выдзялялі брыгаду ўрачоў з райцэнтра. У Сокарава цяпер рэгулярна прыязджаюць тэрапеўт, хірург, неўрапатолаг.

Тамара Максімаўна даўно на пенсіі. Гаспадарку трымае невялікую, але ўсё роўна ўстае з першымі пеўнямі. «Прывычка ўжо. Люблю з самай раніцы ўсе справы парабіць».


Вячаслаў Петухоў, Гарадок

З нядаўняга часу майстар вытворчага навучання Гарадоцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа — яркая асоба ў сваім раёне. На сёлетнім прафсаюзным конкурсе творчасці працоўных калектываў «Новыя імёны Беларусі» ён стаў найлепшым у вобласці і адным з фіналістаў рэспубліканскага этапу.

— Свае вырабы я ствараю з адходаў і металалому. Нічога не пераплаўляю: бяру ўжо гатовыя дэталі, якія адслужылі сваё, і проста злучаю ў адно. У калекцыі ёсць фігуркі цмокаў, скарпіёнаў, міні-мадэлі трактароў і матацыклаў, — расказвае Вячаслаў пра хобі, якім захапляецца ўжо трэці год.

Мужчына прызнаецца: яму, як і пеўню, не сядзіцца на месцы. Пастаянна ў рабоце. А па характары ён настойлівы.

— Калі стаўлю сабе мэту, абавязкова мушу яе дасягнуць. Не сёння, дык заўтра. І ведаеце, усё, аб чым марыў у дзяцінстве, атрымаў.

Цяперашняя мэта Вячаслава — другая адукацыя. «Мне нават сны сніліся, што я вучуся. Канспекты пішу, хаджу па аўдыторыях. Думаў: дзіўна, у мяне ж ёсць дыплом. Але ўрэшце вырашыў атрымаць яшчэ адну адукацыю, педагагічную. І — ці паверыце — як толькі сеў за парту, перастаў сніць вучобу».

Вячаслаў лічыць, што ў жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу. Па маладосці адважных учынкаў у мужчыны хапала, але хіба цяпер успомніш усё?


Антаніна Певень, Буда-Кашалёва

Сваё прозвішча дзяўчына атрымала разам са штампам аб шлюбе ў пашпарце.

— Магчыма, раней больш спакойная была, — разважае. — А цяпер абурыцца магу, нават у чарзе на пошце. Ці то новае прозвішча на мяне так паўплывала, ці то работа?

Працуе Антаніна вядучым спецыялістам мабілізацыйнай групы у раённым ваенным камісарыяце. Зусім не па спецыяльнасці: дзяўчына скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Але пасля вяселля пераехала з мужам у іншы горад, давялося змяніць работу. Праўда, для творчасці месца засталося. Антаніна займаецца музейным пакоем у ваенкамаце, куды збіраюцца экспанаты, звязаныя з ваеннай гісторыяй раёна.

— А яшчэ ў мяне гардэроб змяніўся, — дзеліцца яна. — Некалі ва ўсё цёмнае адзявалася, а тут палюбіла яркія колеры: чырвоны, ружовы, каралавы.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Люблю надзяваць ўсё яркае»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.