Што: камедыя «Папялушка.ру»
Калі і дзе: МІР, 25 студзеня ў 22.15
Сучасная казка ўкраінскай вытворчасці — што называецца, для паненак і непапраўных рамантыкаў. Правінцыйны спявак-пачатковец Андрэй спіць і бачыць сябе папулярным, знакамітым і багатым. Аднойчы яму сапраўды шанцуе заключыць кантракт з вядомым прадзюсарам і перабрацца ў Маскву, дзеля чаго малады чалавек без ваганняў кідае каханую дзяўчыну Наташу. А яшчэ праз некаторы час свецкая хроніка паведамляе пра заручыны спевака са спадчынніцай нафтавага бізнесу.
Засмучанай Наташы раяць зладзіць уласнае асабістае жыццё з дапамогай маскоўскага шлюбнага агенцтва «Папялушка», якое быццам бы спецыялізуецца на стасунках з мільянерамі. Аднак агенцтва аказваецца зусім нядобрасумленнай арганізацыяй, дзяўчыну падманваюць, і яна застаецца ў сталіцы і без жаніха, і без грошай. Каб не звяртацца з ганебнай славай у родны горад, Наташа ўладкоўваецца працаваць афіцыянткай і... неўзабаве сустракае новае каханне.
Што: прытча «Дзівакі»
Калі і дзе: СТБ, 28 студзеня ў 6.45
Камедыйная, фантастычная і адначасова філасофская прытча, знятая на студыі «Грузія-фільм» яшчэ ў сярэдзіне 70-х. Пачалася гісторыя з таго, што просты сельскі хлопец Эртаоз, які вырашыў прадаць курыцу для пагашэння бацкавых даўгоў, закахаўся ў прыгажуню Маргаліту і вырашыў дапамагчы ёй пазбавіцца ад памерлага каханка-паліцэйскага. Але на могілках той раптам ачуняў — ды і пасадзіў Эртаоза ў турму, у камеру да старога дзівака Хрыстафора, які сканструяваў паветраны апарат, што выкарыстоўвае замест паліва сілу кахання... І пакуль навакольныя ў вочы і за спінай называлі старога вар'ятам, ягоны «небалёт» — узняўся і паляцеў! Бо нават самыя смелыя мары чалавека здзяйсняюцца, калі не адступаць перад перашкодамі і верыць у свае сілы. Асаблівая заслуга рэжысёра Эльдара Шэнгелая ў тым, што фільм тонка стылізаваны пад сапраўдную гістарычную аповесць, у якой далёка не адразу відаць народны гумар.
Што: фэнтэзі «Мой хатні дыназаўр»
Калі і дзе: «Беларусь 2», 29 студзеня ў 12.45
Усё вялікае пачынаецца з малога. Вось і лохнеская пачвара, напэўна, некалі была маленькай. На тэму, як гэта магло б быць, дзесяць гадоў таму і пафантазіраваў рэжысёр Джэй Расэл.
Аднойчы раніцай на беразе возера звычайны шатландскі хлопчык Энгус знайшоў незвычайна вялікае яйка. А праз нейкі час з яго вылупілася загадкавая істота — ці то яшчарка, ці то цмок. Хлопчык, які вельмі сумуе без бацькі (той пайшоў на вайну), даў новаму сябру імя Круза і пастараўся захаваць свой маленькі сакрэт ад чужых вачэй. Але як гэта зрабіць, калі сакрэт хутка перастаў быць маленькім і многія лічаць яго не разумнай істотай і верным сябрам, а драпежнай пачварай і страшнай пагрозай для свайго жыцця?
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?