Вы тут

Супраць фірмы няма абароны?


У наш час з'явілася шмат вопытных псіхолагаў ад нядобрасумленных фірм, якія маніпулююць чалавечымі слабасцямі. Кабета марыць пахудзець, хворы чалавек — паправіць здароўе, абмежаваны ў сродках — разбагацець. І тут з'яўляюцца яны — усмешлівыя, ветлівыя, здаровыя, маўляў, мы вырашым усе вашы праблемы.


На скрыжаванні цэнтральных сталічных вуліц дзве жанчыны прапануюць мінакам праверыць: ці няма ў іх лішняга тлушчу. Цікавяцца вагой, ростам, надзяваюць на руку нейкі прыбор, які паказвае «перабор» з кілаграмамі, і пытаюцца нумар тэлефона: маўляў, прафесіяналы дапамогуць па найноўшых тэхналогіях вярнуць стройнасць і маладосць амаль за бясплатна. Маёй сяброўцы яны тэлефанавалі штодня, пакуль тая не згадзілася наведаць цудадзейны цэнтр. Сустрэлі яе ветліва, пасадзілі на мяккую канапу, прапанавалі каву. «Я расслабілася, адчула сябе нібы ў кумы на імянінах, — жартуе яна. — А потым пачалася апрацоўка: у вас тлушч на жываце і клубах. У нас ёсць цудадзейныя біядабаўкі, якія «спаляць» усё лішняе. А калі пры гэтым яшчэ і фітнесам будзеце займацца, то наогул праз месяц-другі станеце, як бярозка. Кошт пытання 800 рублёў. Ледзьве ўцякла ад нахабных «фірмачоў». А яны наўздагон крычалі, што не заплаціла за кансультацыю».

Аднойчы сама «купілася» на агрэсіўную рэкламу. У адной з крамаў жанчына папрасіла мяне запоўніць анкету пра тое, ці падабаецца касметыка пэўнай фірмы, і пакінуць свой нумар тэлефона. Потым пачаліся назойлівыя званкі з запрашэннем на прэзентацыю і настойлівай прапановай прывесці з сабой яшчэ некалькі чалавек.

— Сапраўды, сеткавы бізнес маніпулюе людзьмі, у асноўным ахвярамі становяцца пажылыя людзі, жанчыны, — пагаджаецца старшыня Пухавіцкай раённай арганізацыі абароны правоў спажыўцоў Васіль Валасюк. — У Мар'інай Горцы неяк з'явілася «брыгада», якая запрашала жыхароў наведаць навукова-практычную канферэнцыю па хваробе ног. І пажылыя людзі пацягнуліся чарадой паслухаць «дактароў». Прыемная музыка, душэўная атмасфера, размова пра тое, што баліць... А затым старым прапанавалі падпісаць дагавор на пакупку лячэбных вусцілак за 200 рублёў. Для тых, хто не меў з сабой такіх грошай, гандляры прапаноўвалі растэрміноўку праз банк. Калі я зайшоў у Дом культуры, там было недзе каля 300 пенсіянераў. Я перасцярог іх: перш, чым падпісваць дакументы, уважліва прачытайце іх. Многія пакінулі залу. Але на наступны дзень іх месца запоўнілі новыя кліенты. Справа ў тым, што тыя вусцілкі не маюць аздараўленчага эфекту, а сапраўды лячэбныя можна купіць у адпаведных секцыях магазінаў, гандлёвых цэнтраў у разы танней. Але ж людзям нібы туман вочы заслаў...

У Ніны Васілеўны Андрэевай узялі грошы за тавар, а праз тры дні прыслалі паштоўку з маркамі і надпісам: прыклейце іх на пяткі і будзеце бегаць, як маладая. Па дапамогу ў Пухавіцкую раённую арганізацыю абароны правоў спажыўцоў звярнулася і іншая пенсіянерка, якой прадалі дзве каструлі на суму 1800 рублёў. Васіль Валасюк падрыхтаваў усе дакументы для звароту ў суд, але такія судовыя разборы, кажа ён, ідуць складана. Аналагічны працэс цягнуўся больш за тры гады, завяршэння яго пенсіянерка так і не дачакалася — памерла.

У дагаворах, аналагічных тым, якія прапаноўвалі прадаўцы цудадзейных вусцілак, ёсць пункт, што пакупнік можа вярнуць тавар назад, але пры ўмове самастойнай дастаўкі на фірму. Па-першае, самому старому чалавеку цяжка дабрацца да адрасата, які, як правіла, знаходзіцца не блізка. Па-другое, у такіх кампаніях заўсёды знойдуць зачэпку, маўляў, таварам ужо карысталіся, упакоўка парушана... Па правілах прадавец павінен адправіць рэч на экспертызу.

Але нядобрасумленныя фірмы ціснуць на людзей псіхалагічна, і апошнія часта вырашаюць заплаціць і забыць.

— У 2013—2014 гадах я выйграў міжнародны праект па аказанні бясплатнай адвакацкай дапамогі па абароне парушаных правоў сацыяльна неабароненых асоб. Пасля выплаты падаткаў на суму, што засталася, здымаў офіс. Але грошы маюць уласцівасць хутка заканчвацца. На сённяшні дзень у мяне няма ні фінансаў, ні памяшкання, вымушаны выслухоўваць людзей на вуліцы, — расказаў Васіль Валасюк.

На яго думку, новая рэдакцыя Закона «Аб абароне правоў спажыўцоў» пагоршыла фінансавае становішча таварыстваў абароны правоў спажыўцоў, паставіла іх на мяжу выжывання. Паводле Закона з 2012 года гэтыя структуры працуюць з кліентамі бясплатна, у тым ліку кансультуюць, прадстаўляюць іх інтарэсы ў судах. Прычым усе расходы вяртаюцца таварыствам толькі пасля таго, як віна суб'екта гаспадарання будзе даказана. Памер расходаў вызначае Міністэрства гандлю. Разам з тым, як паказвае практыка судовых выканаўцаў, у большасці выпадкаў немагчыма спагнаць доўг з адказчыкаў па рашэнні судоў, бо на іх разліковых рахунках няма грошай, прадпрыемства ліквідавана або знаходзіцца ў стадыі банкрутства.

— Не можам мы па сваёй ініцыятыве праводзіць і праверкі выканання заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў. Такое права маем толькі ў тым выпадку, калі да нас з заявай звернецца сам пакупнік. У выніку пагоршылася сітуацыя і для шараговых спажыўцоў, — кажа Васіль Валасюк. — Штогод да нас звяртаецца 150—200 чалавек. Мы здымаем нагрузку на раённыя структуры, паколькі прадстаўляем інтарэсы спажыўцоў у судах. Разам з тым ні ад кога не атрымліваем ні матэрыяльнай, ні фінансавай дапамогі. І не маем магчымасці зарабіць самастойна.

Сітуацыя магла б развівацца па іншым сцэнарыі, калі б дзяржава была гатова абараняць падманутых спажыўцоў, лічыць мой суразмоўца. На думку майго суразмоўцы, на базе Беларускага таварыства абароны правоў спажыўцоў варта стварыць моцную структуру з супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, антыманапольнай палітыкі, юрыстаў, якія займаліся б гэтай праблемай, рыхтавалі іскі ў суд, прадстаўлялі ў іх законныя інтарэсы падманутых пакупнікоў. Да 2012 года ў Беларускім таварыстве было 11 юрыстаў, цяпер практычна ўсе сышлі ў іншыя арганізацыі. А гэта не юрысты-тэарэтыкі, а падрыхтаваныя практыкі. «З 2005 года я за сваю працу не атрымаў ніводнай капейкі», — прызнаўся Васіль Валасюк.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Спорт

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі зладзіла свае гульні.

Грамадства

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

З мінулага тыдня экспрэс-тэсціраванне на COVІD-19 даступнае ў многіх паліклініках краіны, у тым ліку і ў невялікіх гарадках і пасёлках гарадскога тыпу.

Палітыка

Лукашэнка даручыў аказаць падтрымку выбаркамам і паклапаціцца аб забеспячэнні бяспекі іх працы

Лукашэнка даручыў аказаць падтрымку выбаркамам і паклапаціцца аб забеспячэнні бяспекі іх працы

Пра гэта ён заявіў сёння на рабочай сустрэчы з Наталляй Качанавай і Віктарам Шэйманам.