Вы тут

Што цікавага паглядзець па тэлебачанні на наступным тыдні


Што: «Вусаты нянь»

Калі і дзе: МІР, 5 красавіка ў 9.25

Учарашні школьнік, а цяперашні вісус і патэнцыйны прызыўнік Кеша ўпарта не хоча сталець і браць на сябе ўсе клопаты і абавязкі дарослага чалавека, а таму надоўга не затрымліваецца ні на адной працы, затое добра знаёмы з участковым. Ну, што з такім рабіць? Хіба што... адправіць у дзіцячы садок, памочнікам выхавальніка? Так бы мовіць, у парадку эксперыменту. Хто б мог уявіць, што менавіта гэта рашэнне стане самым правільным і «маленькія бармалейчыкі» такі зробяць з гультая і хулігана Кешы Чацвяргова добрага, адказнага і дарослага Інакенція Пятровіча, які здолеў не толькі знайсці сабе справу, якая падабаецца, але і заразіць уласным імпэтам сяброў.

Цікавы факт: выхад першай поўнаметражнай работы рэжысёра Уладзіміра Граматыкава супаў з прыняццем у 1977 годзе новай, так званай брэжнеўскай, Канстытуцыі СССР, якая прадугледжвала ўзмацненне «народнага кантролю» ў многіх сферах жыцця. У фільме ж лёс абібока Кешы абмяркоўваўся якраз на пасяджэнні грамадскага Камітэта народнага кантролю.


Што: «Варатар»

Калі і дзе: «Беларусь 3», 8 красавіка ў 16.00 і 21.05

Чорна-белы фільм 1936 года, зняты паводле рамана Льва Касіля, расказвае пра лёс тыповага «простага савецкага хлопца» Антона Кандзідава. Малады волжскі грузчык, заняты на сельгасработах — дапамагае перавозіць па рацэ ўраджай кавуноў, — адметны рэдкай лоўкасцю і спрытам. Аднойчы нехта заўважае, што з такім прыроджаным талентам хлопец мог бы стаць футбольным варатаром, — і той загараецца марай трапіць у вялікі спорт. На гэтым шляху Антона, безумоўна, чакаюць не толькі поспехі і перамогі, але і горкія расчараванні — аднак, паколькі фільм зняты ў жанры камедыі, аптымістычная і жыццесцвярджальная канцоўка тут сама сабой зразумелая.

Што цікава, у свой час у гэтай стужцы — у сцэнах футбольных матчаў — зняліся гульцы кіеўскага клуба «Дынама» практычна ў поўным складзе.


Што: «Мяснік, кухар і мечаносец».

Калі і дзе: АНТ, 9 красавіка ў 0.00

Мяснік Шао Саньлян закаханы ў прыгажуню-куртызанку Мэй Нян і марыць заваяваць яе сэрца, але тая адмаўляе яму ў прыхільнасці. Засмучаны герой нават вырашаецца звесці рахункі з жыццём, але тут у яго рукі выпадкова трапляе казачны двусечны клінок, што пабываў таксама ў руках адзінокага кухара, які марыў адпомсціць за сваю сям'ю, і сына вялікага воіна, які імкнуўся перасягнуць бацьку... Вам страшна? А між тым гэты фільм сумеснай вытворчасці кінематаграфістаў Кітая, Ганконга і ЗША — не толькі баявік, але і камедыя. Пафас гісторыі разбаўляюць анімацыйныя элементы, традыцыйны азіяцкі сімвалізм і тэатралізацыя перамяшаны з гумарам і сатырай, а рытуальныя танцы — з кітайскім рэпам... Для ўспрымання ўвесь гэты кактэйль даволі складаны, але, чаго не адняць, зачаравальна прыгожы і прыцягальны.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.