Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Дурныя жарты пахвалы не варты

Першы дзень красавіка называюць па-рознаму: дзень гумару, дзень дурня, смеху, лгуна... У любым выпадку гэта — свята, прычым любімае, у многіх краінах. І наша тут не выключэнне. Мае бацькі і дзяды, наколькі помню, першага красавіка лічылі за правіла не проста некага падмануць, але і, што называецца, развесці, разыграць.

Іх, дарэчы, разыгрывалі таксама. У прыватнасці, мой дзядзька Нарцыз Лаўрыновіч расказваў, як некалі «пажартавалі» з ягонага бацькі
(а майго, значыць, дзеда). Той быў майстрам-будаўніком, у канцы 50-х гадоў у вёсцы Cпонды ўзводзіў цялятнік.

Дык вось, у той дзень брыгада неяк дужа запрацавалася: толькі пад вечар мужчыны ўспомнілі, што празявалі свята, што забыліся пажартаваць, некага падмануць...

Гэта стала першай нагодай, каб выпіць па чарцы. Тут жа знайшлася другая: перазімавалі, на дварэ (а дакладней, на календары) — вясна...

Што яны пілі і чым закусвалі, не так важна. Важна, што адзін з маладых будаўнікоў-падсобнікаў забедаваў, што яму ўжо трэба дамоў, бо жонка, калі ён запозніцца, можа прыбегчы сюды, на будоўлю, і такое ўчыніць, — мала не падасца...

— А ты б паказаў ёй, хто ў доме гаспадар, — параіў падсобніку адзін з майстроў. — Жонку ж трэба любіць як душу і трэсці як грушу.

— Не абавязкова, — прызнаў мой дзед. — Можна проста адно аднаму давяраць. Вось як мы з Яняй: я магу тут хоць да ранку сядзець, — яна не прыбяжыць.

— А давай паглядзім, — загарэлася вока ў падсобніка, які, відаць, з «дапамогай» гарэлкі, прыдумаў, што сёння можна зрабіць, каб Яня такі прыбегла.

Для гэтага ён ускочыў на каня, паімчаў да яе дадому і там з сумнай мінай паведаміў, што на будоўлі звалілася бервяно і ўсё... Яе муж... загінуў.

Яня, як і варта было чакаць, заламала рукі, загаласіла, але ж пры гэтым розум не страціла. Падумала, што калі ўжо здарылася тое непапраўнае, то цела мужа (не адзін жа ён на аб'екце) зараз прывязуць, а ёй тым часам трэба думаць пра пахаванне, пра тое, як сабраць на яго раскіданую па свеце сям'ю ды радню.

...У гэты час у Жукойненскім клубе ішла генеральная рэпетыцыя Купалавай «Паўлінкі». Нарцыз вось-вось павінен быў выйсці на сцэну ў ролі Янкі, але...

Але з вёскі прыехаў ганец з запіскай: маці паведамляла пра смерць бацькі і прасіла адправіць тэлеграмы старэйшай сястры Аліцыі, што вучылася ў Вільні ў інстытуце, і брату Леанарду, які адбываў вайсковую службу на Кольскім паўвостраве.

Першую тэлеграму ў Нарцыза прынялі, другую — не, бо яе трэба было заверыць.

А пакуль, не хаваючы слёз, хлопец ляцеў дадому.

Адчыніў там хату і як не здурнеў ад шчасця: бацька — жывы і здаровы сядзеў за сталом! Маці растлумачыла, што іх... разыгралі — у гонар дня смеху.

Далей бацька расказваў, што ён, вядома ж, згледзеў, як той падсобнік конна некуды падаўся. Брыгада яшчэ ўголас пасмяялася, што, маўляў, дадому, каб жонку не ўгнявіць. Аж хутка той прыехаў назад. Сказаў, што зараз — як піць даць! — з'явіцца і Яня...

Дзед зразумеў, што гэта не проста так: загнаў падсобніка ў кут, прымусіў ва ўсім прызнацца і ўжо сам на кані панёсся дадому, каб супакоіць жонку.

Шкада, што дачку не маглі: Аліцыя, атрымаўшы тэлеграму, пазычыла грошай, наняла таксі. І машына везла яе, аж пакуль пад коламі была дарога. Далей гэтае дзяўчо па цёмначы, па лесе і бязлюддзі дзесяць кіламетраў адмахала пехам.

Святло ў сваёй хаце ўбачыла здалёку, але ж гэтым разам не адчула ніякай радасці: наадварот — сэрца яе заходзілася ад гора. А таму Аліцыя, сабраўшы ў кулак апошнія сілы, адчыніла дзверы, пераступіла парог і...

Калі карацей, то ўсё было нібы ў казцы! Але ж колькі забрала здароўя і сіл, колькі ўрэшце грошай!

Вось такі быў «розыгрыш». І расказаць пра яго, мусіць, трэба было, каб, магчыма, спыніць падобных жартаўнікоў, каб нагадаць ім, што смех наводзіць на грэх, што ён жа можа плачам адгукнуцца...

Бытуюць такія прымаўкі. І, вядома ж, не без падстаў.

Іаланта Валуевіч,

в. Хацежына, Мінскі раён.


Вынаходнік

...Дзень той пачынаўся добра. Мы з сябрам Толікам са сваёй вёскі Крушнікі выбраліся ў дарогу — у Петрыкаў, на другі бок Прыпяці, за 25 вёрстаў.

Пакуль дайшлі да пераправы, пакуль на пароме з дзедам Міхедам пераплылі цераз рэчку, сонца стала брацца пад поўдзень. А яшчэ ж і дамоў...

Мы спяшаліся, таму першае, што зрабілі ў горадзе, — адшукалі кнігарню, купілі падручнікі: я сабе — для сёмага класа, мой сябра — для пятага. Кнігі нам перавязалі шпагатам, і мы, з гэтай ношай, па брукаванцы, падаліся ў сталоўку.

Па дарозе, праўда, не ўтрымаліся — купілі марозіва. Са смакам з'елі, але ж грошай пасля гэтага амаль не засталося: у сталовай узялі толькі па порцыі нейкага супчыку ды па дзве тонкія лустачкі хлеба.

На першую — як дарослыя — і я, і Толік намазалі па добрым слоі бясплатнай гарчыцы, што стаяла на століках (еш не хачу...). Адкусілі і дружна зайшліся ад кашлю: не, гэту намазку нездарма называюць гарчыцай!

Мажны дзяцюк, што сядзеў паблізу, уплятаючы капусту, заядаючы яе катлетамі (на стале іх цэлая талерка была!) і запіваючы півам, з нас ад душы пасмяяўся. А потым, падобна, пашкадаваў: на адну з паперак, што стаяла ў шкляначцы замест сурвэтак, палажыў дзве катлеткі і працягнуў нам. Мы нават смаку не разабралі...

На гэтым «абед» быў скончаны. Мы з Толем пайшлі да выхаду, а там, на дварэ (патрэба ўзнікла, і не маленькая...) — да скасабочанай прыбіральні на дзве кабінкі. Я заняў бліжэйшую і дзверы стаў трымаць рукой, бо ніякай зашчапкі там не было. А вось што зрабіў мой сябар, — дайшло хіба потым.

А тады праз шчыліну ў дошках я згледзеў, што ў бок гэтага ж маленькага «доміка» кіруе ўжо знаёмы дзяцюк: набліжаецца, у дзвярах маёй кабінкі, пэўна ж, бачыць пальцы, а таму з сілай цягне на сябе дзверы суседнія, разам з якімі з голым азадкам у двор вылятае Толік.

На хаду яшчэ ён неяк дзіўна глядзіць у мой бок, быццам хоча заплакаць, але не паспявае: спехам падцягвае свае картовыя портачкі і, трымаючы іх у руках, рушыць да вязанак з кнігамі.

Потым аказалася, што ён паленаваўся трымаць свае дзверы рукой. Таму са штонікаў выцягнуў дзяжку, адзін канец яе накінуў на шыю, а другі зачапіў за цвік, што тырчаў у дзвярах...

Факт, што па дарозе дамоў мы з ім збольшага маўчалі. Сябар, відаць, перажываў, што паказаў сябе ў горадзе не найлепшым «бокам», а я — успамінаў тую «карціну» ды ціха рагатаў, думаў, што з Толіка павінен вырасці нядрэнны вынаходнік.

Анатоль Кашэвіч,

в. Краснабярэжжа, Лельчыцкі раён.


З кута ў кут і... шчасце тут?

Было гэта ў тыя часы, калі расфарміроўвалі МТС.

Размова, ну вядома ж, не пра мабільнага аператара, бо ў той час нават электрычнасці не было, адзін тэлефон на ўвесь калгас...

А расфарміроўвалі машынна-трактарныя станцыі, прычым — на бяду ўсім трактарыстам, механікам, слесарам. Яны ж там рабочымі былі, атрымлівалі зарплату. Апроч таго, калі раз'язджаліся ў камандзіроўкі па калгасах, то старшыні, разумеючы, як шмат залежыць ад механізатараў, стараліся пасяліць іх на кватэры да найлепшых гаспадынь, выпісвалі мяса з малаком ды нават мёд...

А тут — на табе: уся тэхніка перадаецца ў гаспадаркі. Выходзіць, што і механізатары будуць працаваць за палачкі?

Не многія згадзіліся — рванулі, хто куды мог. Вербаваліся на Далёкі Усход, у Сібір, у Карэлію. Я гэта ведаю, бо мой брат, які з 16-ці гадоў працаваў у МТС, у 18 — падаўся на лесанарыхтоўкі, к чорту на рогі, як той казаў.

Але ж гэта было потым, а тады...

У нашу вёску, значыць, прыслалі трактарыста Шурку. Хлопец як быццам нішто сабе: працавіты, гаваркі. Сказаў, што сірата. Старшыня, можа, нават з дальнім «прыцэлам», яго ў добрую сям'ю пасяліў. І хаціна там была спраўная, і гаспадарка (сваё малачко, сала, яйкі)... Нават садок быў, што на той час — вялікая рэдкасць, бо за кожнае дрэўца трэба было падатак плаціць.

Адным словам, Шурка ў гэтай сям'і плаваць стаў, як сыр у смятане!

Бо да ўсяго ў сталых ды ціхмяных гаспадароў была дачушка-паскрэбак, дзеўка такая ж спакойная і старанная, але ж не сказаць, каб прыгожая.

А зрэшты, як тую прыгажосць і разгледзець было, калі яна даяркай працавала? Вечна хадзіла ў ватоўцы ды гумовіках, уручную кароў даіла, вёдры цягала, а яшчэ ж і дома не пасядзіш, бо клопату шмат, а Надзя ў бацькоў адна — трое братоў з вайны не вярнуліся.

Шурка, кватарант, як быццам не супраць быў у прымах застацца, але ж спачатку адпрасіўся ў старшыні да радні пад'ехаць — рэчы забраць.

Гэта, як быццам, добры знак? Але ж дрэнна іншае: Шурка (людзі ўбачылі) паехаў... не адзін, а з Валькай-стрэлачніцай — дзеўкай прыгожай, падатлівай... Гуляў з ёй кожны, хто хацеў. Шурка, выходзіць, таксама?..

Чутка пра гэта, ну напэўна ж, дайшла да Надзі, да яе бацькоў.

Што яны там думалі, я не ведаю — малая была.

Але ж помню, што «парачка» вярталася назад якраз у нядзелю: з горкі ў нас відаць было, хто на станцыю ідзе, хто адтуль...

Факт, што «разведка» ўбачыла, як Шурка з Валяй ледзь не пад ручку ішлі — аж да развілкі. А там — разлучыліся: хлопец такі да Надзі пайшоў.

Праз нейкі час яны ціха распісаліся і зажылі — гэтак жа ціха і дружна, душа ў душу. Вёска надзівіцца не магла! І толькі потым, праз многія гады, дазналася пра «сакрэт» іх шчасця.

Аказалася, што мясцовыя падлеткі ў тую нядзелю, калі Шурка з Валяй вярталіся ў вёску, у Надзіных сенцах зрабілі... «засаду». Гэта значыць Шурка на парог — дзверы за ім на зашчэпку. І «ў цёмную», увасьмёх, давай перакідваць яго з рук на рукі, з кута ў кут. Пры гэтым ніхто нічога не выкрыкваў, не казаў, бронь божа, не біў... Проста моўчкі далі чалавеку зразумець, што хоць братоў у Надзі няма, але ж гэта не значыць, што заступіцца за дзеўку няма каму!

...Даўняя гісторыя, але ж павучальная, як і прымаўка: глядзі, каб ты пяты кут не шукаў, бо гэта ж не заўсёды бывае на шчасце?

Любоў Чыгрынава,

г. Мінск.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.