Вы тут

Да пачатку ліпеня ў Гродне ліквідуюць усе смеццеправоды


Камунальнікі мяркуюць, як уціснуць у цесныя двары кантэйнерныя пляцоўкі, а жыхары прагназуюць новыя звалкі пад вокнамі.


Пля­цоў­кі рых­ту­юць «пад кан­тэй­не­ры».

Згода не патрэбна

Грандыёзны праект ускалыхнуў горад. Літаральна праз некалькі месяцаў гараджане пачнуць па-новаму ўтылізаваць сваё смецце. На змену зручнаму смеццеправоду прыйдуць вулічныя кантэйнерныя пляцоўкі. Такая альтэрнатыва выклікае ў многіх гараджан як мінімум неразуменне.

— Не ўсе жыхары хочуць бачыць у сябе пад акном такую пляцоўку, — зазначае намеснік начальніка Гродзенскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Сяргей СЯМАШКА, — адсюль і скаргі. Тады да праблемы далучаюцца мясцовыя ўлады, прыязджаюць на месца. Разглядаецца пытанне аб пераносе аб'екта, калі такая магчымасць ёсць.

Месцаў для збору смецця па горадзе будзе размешчана больш за 800. Лічба даволі вялікая, хаця такая пляцоўка знойдзе прапіску не ў кожным двары. Хтосьці будзе ад яе далей, хтосьці бліжэй. Па словах прадстаўніка ЖКГ, гэта і выклікае канфлікты.

— Мы сустракаемся з жыхарамі, тлумачым, што ўсе санітарныя нормы выконваюцца, — гаворыць Сяргей Сямашка. — У новых забудовах — гэта 20 метраў ад жылога дома, у старых, цесных дварах гэта можа быць і 10 метраў.

А што да згоды жыхароў... Дык яна і не патрэбна. Па заканадаўстве зямлёй распараджаюцца гарадскія ўлады — яны і вырашаюць, як і дзе размяшчаць шматлікія аб'екты.

Працэс пайшоў

Работа пачалася ў Кастрычніцкім раёне, дзе будзе абсталявана больш за 400 пляцовак — амаль палова ад усёй колькасці. Пакуль зроблены замеры, вызначаны месцы, дзе-нідзе здымаецца грунт, паведамілі ў гарадской камунальнай гаспадарцы. Пасля гэтага пачнецца бетаніраванне і ўзвядзенне агароджы, каля якой адразу будуць высаджаны кусты. А ўжо затым на кожную пляцоўку паставяць некалькі кантэйнераў для раздзельнага збору смецця і адзін для змешанага.

— Па ўмовах тэндэра работы вядуць пінскія спецыялісты, — паведаміў Сяргей Сямашка, — металічныя кантэйнеры вырабляе завод «Лідсельмаш» — іх спатрэбіцца амаль 10 тысяч, яшчэ 22 тысячы пластыкавых закупілі ў Чэхіі.

На новых пляцоўках паставяць і новыя кантэйнеры. Але не толькі. Вывозіць смецце будуць новыя смеццявозы з бункерамі, якія выпускае МАЗ. Яны прыстасаваны пад закрытыя металічныя кантэйнеры. З цягам часу такія кантэйнеры з'явяцца і на старых пляцоўках горада, размешчаных каля дамоў, у якіх адсутнічае смеццеправод.

Прыватны сектар забяспечваецца пластыкавымі кантэйнерамі для раздзельнага збору бытавых адходаў. Гаспадары заключаюць дагавор на вываз смецця і атрымліваюць бясплатна тры кантэйнеры. Усяго іх будзе ўстаноўлена звыш 20 тысяч. Праз некалькі месяцаў агульнымі сметнікамі пачнуць карыстацца ўсе гродзенцы. Як толькі ў двары з'явіцца кантэйнерная пляцоўка, смеццеправоды ў навакольных дамах ліквідуюць. Усяго пад гэты праект падпадае 650 дамоў, ці 2 тыс. смецце-праводаў.

Мно­гія га­ра­джа­не ўжо пры­вык­лі да кан­тэй­не­раў.

Ці гатовы горад?

Масштабны праект гродзенцы шырока абмяркоўваюць на форумах і ў сацыяльных сетках. Некаторыя абураюцца, што пад кантэйнерныя пляцоўкі ідзе высечка зялёнай зоны — дрэў і кустоўя. Незадаволены і ўладальнікі аўтамабіляў, пазбаўленыя парковачных месцаў.

Паназіраць, як вядуцца работы, я накіравалася на праспект Янкі Купалы. У двары жылога сектара раскапаны невялікі катлаван, агароджаны стужкай. Ці ведаюць жыхары двара, што тут будзе кантэйнерная пляцоўка? Міхаіл Мікітавіч з дома насупраць адказаў, што першы раз чуе. І пацікавіўся, для чаго гэта робіцца.

— У вас хутка смеццеправоды завараць, будзеце сюды смецце насіць...

— Дык тут жа чарговы сметнік утворыцца!

— Трэба культурна ўсё рабіць, тады і парадак будзе, — выказваю сваю пазіцыю Міхаілу Мікітавічу.

Мужчына згодны, што трэба павышаць культуру збору смецця, але не ўпэўнены, што ўсе жыхары гатовы да гэтага.

Маладая мама не рада, што кантэйнеры будуць стаяць побач з дзіцячай пляцоўкай, а малады чалавек сумна жартуе, што цяпер яго кватэра выходзіць вокнамі на сметнік.

Жанчына, якая назвалася Марыяй, занепакоена, што ёй спатрэбіцца ставіць на кухні тры вядры для кожнага віду смецця. Для гэтага папросту не хопіць месца. Хутчэй за ўсё, яна па-ранейшаму будзе збіраць адходы ў адну тару, тым больш што за раздзельны збор ніхто не заплаціць. У гэтай справе патрэбны стымул, лічыць Марыя. У Германіі, напрыклад, можна здаць нават пластыкавы посуд, а за бутэльку плацяць ад 15 да 50 цэнтаў. Здаць шкляныя і ПЭТ-бутэлькі можна ў крамах.

На думку Таццяны Рыгораўны, Гродна таксама ідзе па шляху прагрэсу, але жанчына задаецца пытаннем: як будзе ажыццяўляцца вываз смецця, хто будзе сачыць за станам гэтых месцаў? Ці гатовы да гэтага камунальнікі?

Мясцовыя дворнікі ўпэўнены, што работы ім прыбавіцца.

Патрэба часу

Непапулярная ў гараджан мера — адзін з этапаў вялікага праекта, які на ўмовах пазыкі фінансуецца Сусветным банкам рэканструкцыі і развіцця. Кошт пытання — 42 млн долараў. Самым значным крокам стала будаўніцтва першага ў рэгіёне завода па сарціроўцы смецця. Завод пабудаваны недалёка ад Гродна, і ў год тут плануецца сартаваць 120 тыс. тон цвёрдых бытавых адходаў. Гэта дасць магчымасць атрымаць 33 тыс. тон другаснай сыравіны, якая патрэбна гродзенскім прадпрыемствам для выпуску рознай прадукцыі. Акрамя гэтага, стаіць задача разгрузіць палігон адходаў, які запоўнены на 83%. Кансервацыя смеццеправодаў — адзін з этапаў рэгіянальнай праграмы сарціроўкі смецця.

— Гэта работа пачалася некалькі гадоў таму, калі ў горадзе паўсюдна сталі ставіць кантэйнеры для раздзельнага збору адходаў, — зазначыў Сяргей Сямашка. — Цяпер завяршальны этап, і мы павінны гэту работу правесці. Жыхары ў большасці правільна ўспрымаюць гэту ідэю. А камусьці прыйдзецца змяніць свае звычкі...

Два погляды на праблему

Вадзім Палякоў, начальнік Гродзенскай гарадской інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

— Канешне, існуе свядомая частка грамадзян. Але ў многіх выпадках мы сутыкаемся з недастатковай эканамічнай і экалагічнай адукацыяй. Зацікавіць чалавека можна, як правіла, толькі рублём. Напрыклад, так адбылося з металаломам, ад якога пачысцілі ўвесь лес, як толькі на яго падняўся кошт у нарыхтоўчых канторах. Сарціроўка смецця таксама павінна быць выгаднай для жыхароў.

Павел Конеў, начальнік вытворчага аддзела Гродзенскай гарадской жыллёва-камунальнай гаспадаркі:

— Цікавы вопыт існуе ў нашых суседзяў-палякаў. Напрыклад, прыходзіць кантралёр на пляцоўку і бачыць, што ў кантэйнеры для шкла знаходзяцца пластыкавыя бутэлькі. Паколькі кантралёр не бачыў, хто гэта зрабіў, штраф выпісваецца на жыхароў усяго дома, якія карыстаюцца гэтай пляцоўкай. У выніку самі жыхары паведамляюць па тэлефоне пра парушальнікаў. Такім чынам палякі дабіваюцца парадку ў зборы бытавых адходаў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Краевугольны кантэйнер

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.