...Міхась ажаніўся па залёце: дзяўчына, з якой сустракаўся, прыехаўшы на канікулы, «ні з таго ні з сяго» ўзяла і зацяжарыла. Здавалася б, не бяда, бо з суседняй вёскі, прыгожая, разумная, працавітая, без памяці закаханая...
Гэта цешыла самалюбства жаніха. Ды і дзяўчына яму падабалася. Але ж — не больш таго: нейкіх сур'ёзных намераў ён пакуль што не меў, не планаваў абзаводзіцца сям'ёй. У яго заставаўся яшчэ год вучобы, потым хацелася ўладкавацца на прэстыжную працу ды, як кажуць, абжыцца-агледзецца, стаць на ногі, і — пагуляць... Дзяўчат у яго нямала было, але ж ранейшыя адносіны не напружвалі, ні да чога не абавязвалі. А вось тут... Уліп, што называецца.
Пра аборт (такое выйсце бачыў найперш) дзеўка і слухаць не хацела.
Махнуць рукой на дурную ды ўпартую і з'ехаць (няхай выкручваецца як хоча)?
Але... Вёска бачыла іх «раман» і цяпер, вядома ж, асудзіць — яго легкадумнасць, яго безадказнасць (у той час людское асуджэнне яшчэ нешта значыла)...
Хоць-нехаць прыйшлося хлопцу жаніцца, рэгістраваць адносіны.
Гэту змушанасць, гэты халадок з боку жаніха нявеста, вядома ж, адчувала, але верыла, што полымем свайго кахання ўсё растопіць.
Яна і сапраўды стала добрай жонкай і проста ўзорнай маці! За першым сынам — і ў хуткім часе — у іх нарадзіўся другі. Карацей, для шчасця было ўсё: дзеці, кватэра, праца, дастатак, — але яго, таго самага шчасця, чамусьці не было. Міхась, як здавалася, не мог дараваць сваёй жонцы змушаную жаніцьбу, а таму не даражыў ні жонкай, ні сям'ёй, час ад часу заводзіў розныя інтрыжкі. «Дабрадзеі» тут жа назвоньвалі Ірыне, слалі карткі-пісьмы — адкрывалі вочы.
Жонка гэтым чуткам-сігналам і верыла, і не верыла, цярпела — насіла боль у сабе, бо дзеці. А да таго ж яна па-ранейшаму кахала.
Так прайшлі гады. Выраслі іх сыны, раз'ехаліся па далёкіх гарадах, абзавяліся сваімі сем'ямі. Астыў і казаноўскі нораў Міхася. Такім чынам, Ірына хоць і няхутка, ды змагла парадавацца, што захавала сваю сям'ю, што ў яе ўнукаў ёсць цудоўны дзядуля, а ў сыноў — бацька, што старасць яны сустрэнуць разам...
Гром грымнуў адкуль не чакала: у яе выявілі злаякасную пухліну і...
Каго — хворую ці мужа — гэта вестка падкасіла больш, сказаць сёння цяжка, бо толькі цяпер, калі Ірына аказалася на мяжы паміж смерцю і жыццём, Міхась зразумеў, наколькі жонка яму дарагая. Ён вінаваціў сябе, што не даражыў ёй, не шкадаваў, каяўся і з усіх сіл стараўся загладзіць сваю віну.
— Ах, Міша, Міша, як жа позна ты палюбіў мяне! Як шкода часу... Тваё каханне я хіба на той свет забяру, — сумна жартавала жонка.
...Усявышні злітаваўся над імі. Аперацыя прайшла паспяхова. Ірына атрымала шанц на далейшае жыццё, і муж цяпер пылінкі з яе здзімае: сам пыніць дом і гаспадарку, пільна сочыць за тым, каб жонка выконвала ўсе медыцынскія назначэнні. Ды што там, ён, перакананы атэіст, нават у царкву дарогу спазнаў і цяпер кожную службу ставіць свечкі за здароўе каханай жанчыны, моліцца за яе, спадзяецца, што Бог яго чуе.
Фаіна Касаткіна, г. Паставы
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?