Вы тут

Што цікавага паглядзець па тэлебачанні на наступным тыдні


Што: «Ззянне»

Калі і дзе: TV1000, 18 красавіка ў 14.55

Джэку Нікалсану, уладальніку іменнай зоркі на галівудскай Алеі славы, без пяці хвілін 80 — а самыя яркія яго ролі сыграны нібыта ўчора. Не выключэнне і гэтая — роля няўдачлівага і псіхічна неўраўнаважанага пісьменніка Джэка Торанса, які разам з сям'ёй прыехаў працаваць даглядчыкам элегантнага атэля ў зімовы «мёртвы сезон». Хто ж мог здагадацца, што зімовыя канікулы стануць смяротным выпрабаваннем, а ўтульны атэль «Аверлук» — амаль жывой пачварай, якая маніпулюе душамі людзей?

Нагадаем: зняты паводле аднайменнага рамана Стывена Кінга, фільм «Ззянне» рэгулярна ўваходзіць ва ўсе магчымыя спісы найлепшых фільмаў жахаў; сцэна ж, у якой звар'яцелы герой Нікалсана прабівае сякерай дзверы (для здымак, дарэчы, спатрэбілася 3 дні і 60 моцных дзвярэй), прызнаная самым страшным момантам у сусветным кінематографе. Таму глядзець на пачвар з гасцінічнага нумара 237 і гонкі па снежным лабірынце, «узведзеным» з 900 тон
солі і пенаполістыролу, лепш усё ж такі людзям з моцнымі нервамі.


Што: «Жаніцьба Бальзамінава»

Калі і дзе: МІР, 21 красавіка ў 1.30 і 22 красавіка ў 10.45

На наступным тыдні прыхільнікі савецкага кіно адзначаюць 100-годдзе з дня нараджэння Георгія Віцына. Спрычыніцца да згадак пра любімага акцёра можна паглядзеўшы фільмы з яго ўдзелам. Напрыклад, гэту камедыю 1964 года, знятую паводле твораў Мікалая Астроўскага.

Дробны чыноўнік Бальзамінаў — не вялікіх талентаў малады чалавек, які не здольны дасягнуць кар'ерных вышынь, але хоча жыць камфортна і прыгожа, таму марыць ажаніцца з багацейкай. Як ні дзіўна, у рэшце рэшт гэта яму ўдаецца — але з якімі прыгодамі і якой крывой сцежкай!

Паглядзець фільм варта хоць бы дзеля акцёрскага ансамбля і, вядома, уласна Георгія Віцына, які ў 46 гадоў сыграў 25-гадовага хлопца, з-за чаго жартам называў фільм «Жаніцьбай забальзаміраванага».


Што: «Рэспубліка ШКІД»

Калі і дзе: «Культура», 22 красавіка ў 15.20

Яшчэ адзін юбіляр наступнага тыдня — Павел Луспекаеў — у славутай карціне пра пострэвалюцыйнае бязладдзе 1920-х сыграў аднаго з настаўнікаў школы імя Дастаеўскага для беспрытульных, суровага выкладчыка гімнастыкі Касталмеда.

Астатняе трэба бачыць самім, каб ацаніць, як паказаны паслярэвалюцыйны Петраград у страшэннай галечы, супрацьстаянне абадраных беспрытульных і інтэлігентных «халдзеяў», якія не губляюць надзеі абудзіць чалавечую годнасць у сваіх не ў меру нахабных выхаванцах, чорна-белы падлеткавы максімалізм і «блатныя» спевы пра кошку —  словам, усё тое, з-за чаго ў 1967 годзе карціна стала адным з лідараў кінапракату (яе ўбачылі звыш 30 мільёнаў савецкіх гледачоў).

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.