Вы тут

Беларусь зможа пераадолець усе цяжкасці


Беларусь зможа пераадолець усе цяжкасці, і гэты год у пераадоленні стане пераломным.

Па традыцыі кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў свята Вялікадня наведвае адзін з храмаў краіны. У гэтым годзе Прэзідэнт адправіўся на ўсход Беларусі — горад Барань Аршанскага раёна, у храм Праабражэння Гасподняга.


Знаходзячыся ў праваслаўным храме, кіраўнік дзяржавы прапанаваў ад імя самай шматлікай рэлігійнай канфесіі ў Беларусі паслаць прывітанне і хрысціянам-каталікам, якія таксама святкавалі Вялікдзень у гэтую нядзелю. «Гэта сапраўды вялікае і светлае свята, як бы ні спрабавалі яго зацямніць у нашай гісторыі. І нават у нядаўняй. Не атрымалася. Таму што ўвесь народ, ад малога да вялікага, заўсёды з найвялікшай павагай і душэўнасцю чакаў гэтых дзён», — адзначыў Прэзідэнт. Ён запэўніў, што з усімі цяжкасцямі Беларусь справіцца. «У нас няма іншага выйсця. І гэты год будзе пераломным», — заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў усім свяшчэннаслужыцелям і мітрапаліту Паўлу за тую працу, якую яны ажыццяўляюць у імя беларускага народа і яго суседзяў.

У сваю чаргу архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый падкрэсліў важнасць захавання сапраўдных каштоўнасцяў і звароту да веры, асабліва з улікам шматлікіх цяжкасцяў, якія адбываюцца ў свеце. Ён падзякаваў Аляксандру Лукашэнку і кіраўніцтву краіны ў цэлым за намаганні па падтрыманні добрых адносін і супрацоўніцтва паміж дзяржавай і царквой, а таксама за захаванне ў Беларусі міру і згоды.

Кіраўнік дзяржавы запаліў свечку і перадаў у дар храму ікону «Ісус Хрыстос Уседзяржыцель». Прэзідэнту паднеслі ў дар абраз Аляксандра Неўскага, паведамляе прэс-служба Прэзідэнта.

Пасля наведвання храма Аляксандр Лукашэнка цёпла пагутарыў з мясцовымі жыхарамі, расказаўшы пра перспектывы развіцця ўсяго Аршанскага раёна.

«Я вельмі добра ведаю праблемы, якія складваюцца тут — Балбасава, Барань, Орша, — у гэтым рэгіёне. Гэта адзін з самых складаных рэгіёнаў у Беларусі па працаўладкаванні, занятасці насельніцтва. Так быць не павінна, — сказаў Прэзідэнт. — І ў найбліжэйшы час ва ўрадзе мы вельмі сур'ёзна разгледзім пытанні развіцця гэтага рэгіёна, асабліва гэтых населеных пунктаў».

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ёсць перспектывы для развіцця малых населеных пунктаў у Аршанскім раёне і самой Оршы. Гаворка ідзе як аб вытворчым сектары, прыцягненні інвестыцый, так і аб будаўніцтве жылля, транспартнай інфраструктуры. «Будзем развіваць гэты рэгіён. І на працягу года-двух, паверце, мы ў асноўным знімем тыя праблемы, якія сёння існуюць», — заявіў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка заклікаў і да актыўнасці саміх грамадзян: «Трэба прывыкаць да таго, што людзі павінны ісці за працай. Не праца да людзей, а так, як прынята ва ўсім свеце».

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што трэба будзе ўдзяліць увагу развіццю менавіта малых населеных пунктаў, асабліва дзе ёсць добрая інфраструктура. А за кошт удасканалення транспартных зносін жыхары змогуць досыць хутка дабірацца на працу ў суседнія, больш буйныя населеныя пункты.

«Гэта не работа, што самыя добрыя прыгожыя месцы, зручныя для жыцця людзей, мы не можам прывесці ў парадак. Не скажу, што яны не ў парадку, але яны павінны быць яшчэ лепшыя, і людзі павінны мець тут працу. Вось гэта галоўнае пытанне, якое мяне хвалюе. Справа не ў тым, што гэта мая радзіма. Мая радзіма сёння — уся Беларусь. Але гэта месца заслугоўвае свайго развіцця, таму што інфраструктура тут адпаведная», — падкрэсліў Прэзідэнт.

«Паверце, мы ўмеем рабіць усё. Часам і людзі нашы не вельмі актыўныя, чакаюць чагосьці ад Госпада, але і ўлады не заўсёды варушацца так, як трэба. Я гэта прызнаю. Жывіце доўга, моцнага вам здароўя. Усе праблемы, паверце, мы вырашым», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Усё ў нас атрымаецца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.