Вы тут

Што цікавага паглядзець па тэлебачанні на наступным тыдні


Што: «Каралева бензакалонкі»

Калі і дзе: АНТ, 1 мая ў 11.30

Камедыя 1962 года. Абаяльная маладая палтаўчанка Людміла з дружалюбным прозвішчам Добрывечар шукае сябе ў жыцці — спрабуе стаць то дыктарам тэлебачання, то сцюардэсай. Чарговая яе вялікая мара — танцы, прычым не дзе-небудзь, а ў балеце на лёдзе. Аднак яна не праходзіць па конкурсе, і ў чаканні наступнага года і новага набору ёй трэба шукаць працу. Уладкоўваецца дзяўчына, можна сказаць, зусім выпадкова, запраўшчыцай на бензакалонку.

Паступова бензакалонка робіцца ўзорным «астраўком культуры» на трасе, а Людміла, здаецца, зусім не супраць змяніць мару, каб адчуваць сябе карыснай і патрэбнай многім людзям.


Што: «Грубая сіла»

Калі і дзе: СТБ, 3 мая ў 1.33

Турэмная драма, знятая ў стылі нуар 70 гадоў таму — між іншым, бацькам знакамітага шансанье Джо Дасэна.

Турма «Вестсайд» ніколі не была гасцінным месцам, а з прыходам новага начальніка капітана Мэнсі ўмовы сталі проста невыноснымі. Капітана ненавідзяць як зняволеныя, так і персанал за празмерна жорсткія метады кіравання — падманам і катаваннямі ён прымушае некаторых падапечных даносіць на сакамернікаў. Апошняй кропляй становіцца адмена магчымасці датэрміновага вызвалення. Пасля гэтага Джо Колінз, асуджаны за крадзеж грошай на аперацыю для хворай на рак жонкі, разам з яшчэ некалькімі зняволенымі адважваецца на ўцёкі, хоць мясцовы доктар сумна прароча і папярэджвае іх: «Ніхто ніколі не збягае». Шэраг падзей правакуе масавы крывавы бунт, у выніку якога большасць зняволеных гіне, забіраючы з сабой на той свет і начальніка турмы, так што перамога правапарадку ў дадзеным выпадку аказваецца піравай.


Што: «Пра Віцю, пра Машу і марскую пяхоту»

Калі і дзе: «Беларусь 3», 6 мая ў 12.00 і 7 мая ў 8.45

Дыпломная работа Міхаіла Пташука — прыгодніцкі фільм для ўсёй сям'і.

Сямігадовы Віця жыве з бацькамі ў ваенным гарадку, дзе размешчана часць марской пяхоты, і ў найлепшых сябрах у яго — не аднагодкі, а вайскоўцы, якія дапамагаюць хлопчыку зразумець, што такое гонар, адвага і сапраўдны мужчынскі характар. А перад школай бацькі адпраўляюць Віцю ў піянерскі лагер, каб той адаптаваўся і ў дзіцячым асяродку. І хоць насельнікі летніка адразу запісалі хлопца ў «малечу», менавіта ён аказаўся самым дарослым па духу, сталым чалавекам у сваім атрадзе і здолеў навучыць іншых, з аднаго боку, вайсковай дысцыпліне, а з другога — спагадлівасці і гатоўнасці прыйсці сябру на дапамогу...

Загаловак у газеце: Кіно з мінулым

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.