Заходнесібірскіх пугачоў заапарк набыў год таму ў Маскве. У Гродна прывезлі трох птушак — самца і дзвюх самачак, якіх змясцілі ў адзін вальер. Калі сфарміравалася пара, адну самку давялося адсяліць, бо новая сям'я стала адносіцца да яе агрэсіўна.
Праз некаторы час работнікі заапарка заўважылі, што птушкі ўладкавалі гняздо — ямку з галінкамі і пухам, дзе хутка з'явіліся тры яйкі. А напрыканцы сакавіка з іх вылупіліся птушаняты. Спачатку матуля хавала малютак ад старонніх вачэй, але праз месяц яны падраслі і сталі самастойна выходзіць на шпацыр.
— Для Гродзенскага заапарка гэта ўнікальны выпадак, — паведаміў дырэктар Алег Жданкін. — Да гэтага часу за ўсю гісторыю нашай установы пугачы не мелі птушанят, а тут адразу трое. Цікава, што бацька-пугач зверху ахоўвае сямейства, сочыць, каб ніхто іх не пакрыўдзіў. А маці корміць і грэе птушанят.
Пугачы, як вядома, драпежнікі, таму нават малыя харчуюцца мясам. У заапарку для гэтых мэт вырошчваюць дробных грызуноў. Пасля таго, як птушаняты вырастуць, іх перададуць у іншыя заапаркі.
— Зараз шмат хто займаецца ўтрыманнем міні-заапаркаў, асабліва гэта папулярна на аграсядзібах, у зонах адпачынку, — зазначыў Алег Жданкін. — Добра разыходзяцца дэкаратыўныя куры, такія як брама, кахінхін. Ёсць попыт на ліс. Дарэчы, у нас нядаўна нарадзілася трое лісянят. Будзем іх прадаваць. Атрымалі сёлета прыплод ад лам. А на рэдкую чорна-белую альпаку, якая нарадзілася вясной, ёсць запыт з Ніжняга Ноўгарада.
Трэба адзначыць, што пугачы — не адзіная навіна ў Гродзенскім заапарку. Роўна год таму ўпершыню тут нарадзіліся тыграняты — Губерт і Хельга. Сёлета заапарк плануе закупіць яшчэ некалькі асобін сямейства каціных.
Мараць жыхары Гродна і аб слане. Але набываць яго пакуль не плануюць, бо будынак сланоўніка не поўнасцю абсталяваны, хоць рэканструкцыя заапарка даўно завяршылася. Гэтыя абставіны перашкаджаюць заняцца пошукам слана, якога тут даўно чакаюць. Апошні слон у Гродзенскім заапарку загінуў дзесяць гадоў таму. Ці з'явіцца калі-небудзь новы слон? Гэта пытанне турбуе многіх наведвальнікаў заапарка. Але адказаць на яго пакуль ніхто не можа.
Маргарыта УШКЕВІЧ
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?