25 Май, чацвер

Вы тут

Здаровы падыход


У аўтобусе падслухала размову студэнтак. Адна з іх — зграбная дзяўчына з прыгожымі нагамі — расказвала, што вырашыла сур'ёзна заняцца сваім целам (вясна як-ніяк). На пытанне сябровак «Навошта?» тлумачыла: лічба на вагах ёй падабаецца, а вось як выглядае жывот у сукенцы — не. «Гэта сапраўдная катастрофа», — паскардзілася яна аднакурсніцам.


Вы ж таксама заўважалі, што зграбныя дзяўчаты часта незадаволеныя сваёй знешнасцю? У суседняй Польшчы якраз праводзілі апытанне на гэтую тэму: аказалася, што кожнай пятай жанчыне не падабаецца, як яна выглядае. Прычым палова тых, хто лічаць сябе тоўстымі, насамрэч не маюць праблем з лішняй вагой. Адкуль тады столькі самакрытыкі? Зразумець тонкую дзявочую псіхалогію складана нават самім дзяўчатам, але часткова справа ў ідэалах, якія мы бачым у сацыяльных сетках штодзень. Пасля шэрагу фота «фітаняшак» пачынае здавацца, што ўсе навокал выглядаюць, як мадэлі на вокладцы глянцавага часопіса. Што насамрэч далёка не так. І размова нават не пра фоташоп. Нядаўна жанчыны, якія займаюцца фітнесам, правялі флэшмоб: выклалі звычайныя здымкі і тыя, дзе яны ўдала пазіруюць. Чым чарговы раз даказалі: ідэальнай фігуры не існуе, а ўцягнуты жывот і правільны ракурс амаль любую дзяўчыну зробяць прыгажуняй.

Хоць прыгажосць — паняцце адноснае. Для некаторых жанчын і «жалезны» Арні — эталон. Іх погляды на ідэал, праўда, мала хто падзяляе (бодзібілдарак папракаюць, што яны больш падобныя да мужчын), але саміх атлетак гэта не спыняе. Яны ганарацца сваёй празмернай мышачнай масай і не лічаць шырокія плечы недахопам.

Першыя (зграбныя і незадаволеныя) і другія (бодзібілдаркі) у нечым падобныя. Пачаць трэніравацца іх прымушае жаданне змяніць сваю знешнасць да лепшага (у іх уяўленні). А вось пра карысць для здароўя яны думаюць у апошнюю чаргу. І дарма. Адзін псіхолаг расказваў, што пры ацэнцы знешнасці мужчыны падсвядома ўлічваюць, наколькі здаровай выглядае жанчына.

Дарэчы, ведаеце, чаму мужчыны больш за жанчын матываваныя займацца фітнесам? Першыя бягуць у трэнажорку ад хвароб. Ёсць меркаванне, што страх смерці насамрэч адзіная прычына, якая можа прымусіць займацца сабой рэгулярна. Так, сярод наведнікаў фітнес-клубаў дзяўчат можа аказацца больш, але як толькі пляжны сезон скончыцца, колькасць «фітаняшак» (у зале, але не ў Інстаграме) рэзка зменшыцца. У мужчын жа з трэніроўкамі складваюцца больш доўгатэрміновыя адносіны.

Каб фізічныя нагрузкі пайшлі на карысць здароўю, яны павінны быць умеранымі. Не трэба адразу прысядаць са штангай (падумайце пра свае калені і пазваночнік) — паспрабуйце спачатку зрабіць гэта практыкаванне з больш лёгкімі гантэлямі. Бег на высокай хуткасці на мяжы магчымасцяў таксама пакіньце прафесійным спартсменам. Тым больш для таго, каб «спальваўся» тлушч, пульс павінен быць у дыяпазоне 60—80 працэнтаў ад максімальнага (максімальна дапушчальны пульс вылічаецца як 220 мінус узрост).

Асабліва не раю занадта шчыраваць навічкам. Разумею, што вынікі ў люстэрку хочацца ўбачыць як мага хутчэй, але... Літаральна ўчора назірала ў трэнажорнай зале, як пара вырашыла самастойна пазаймацца модным цяпер кросфітам (што б там ні казалі, гэты кірунак разлічаны на тых, хто ў фітнесе не першы дзень). Пад секундамер рабілі скокі на высокую тумбу. На трэцім разе дзяўчына не разлічыла сілы і моцна пабіла калена. Ці варта тлумачыць, што астатнюю частку трэніроўкі яна ледзь дабыла, выконваючы самыя простыя практыкаванні.

Што да ідэалаў... Мода, ведаеце, недаўгавечная. Сёння ў модзе прэс, заўтра — пышныя формы (а што, улічваючы папулярнасць мадэляў рlus sіzе, цалкам магчыма). А вось здароўе ў цане ў любыя часы. Таму пастарайцеся не страціць яго на шляху да прыгажосці.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Беларускі дызайнер выпусціла адзенне для інвалідаў-калясачнікаў

Беларускі дызайнер выпусціла адзенне для інвалідаў-калясачнікаў

 Блогер Аляксандр АЎДЗЕВІЧ і дызайнер Кацярына ЦІКОТА распрацавалі калекцыю для калясачнікаў.

Грамадства

Матэматыка адваёўвае страчаныя пазіцыі

Матэматыка адваёўвае страчаныя пазіцыі

У сямікласнікаў зменшыцца колькасць гадзін на вывучэнне хіміі, затое павялічыцца на вывучэнне матэматыкі.

Грамадства

Як арганізаваць стылізаванае вяселле

Як арганізаваць стылізаванае вяселле

Зміцер Сасноўскі — пра моду на стылізаваныя вяселлі, старабеларускія абрады і сумяшчэнне несумяшчальнага.

Эканоміка

Як палепшыць дзелавыя і інвестыцыйныя ўмовы ў Беларусі

Як палепшыць дзелавыя і інвестыцыйныя ўмовы ў Беларусі

 Адна з галоўных пераваг Беларусі — геаграфічнае становішча.