Вы тут

Сіноптыкі: цяплець пачне ў нядзелю - на поўдні чакаецца да плюс 20


Першая дэкада мая сапраўды выдалася ў нас даволі халоднай. А ў апошнія некалькі дзён у многіх раёнах Беларусі назіраўся нават мокры снег. У выхадныя надвор'е крыху супакоіцца і пацяплее, але тэмпература паветра застанецца яшчэ ніжэй за кліматычную норму, паведамляе начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Дзмітрый Рабаў.


Разам з тым спецыяліст адзначыў, што вялікага цяпла ў хуткім часе па-ранейшаму чакаць не варта. У пятніцу будзе пераважна без ападкаў, толькі ўдзень па Брэсцкай вобласці чакаецца кароткачасовы дождж. Максімальная тэмпература паветра складзе 10—18 цяпла. Холадна будзе і ў суботу, калі, пераважна па паўднёвай частцы краіны, пройдуць кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах магчымы навальніцы. Тэмпература паветра ўначы будзе 1—8 цяпла, аднак па паўночным усходзе чакаецца яшчэ ад нуля да мінус 3 градусаў. Удзень — ад плюс 8 да плюс 15 градусаў. Больш сонечна і цёпла стане ў нядзелю, калі будзе пераважна без ападкаў. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 1 да плюс 6 градусаў, па паўднёвым
усходзе — да 8 цяпла. Удзень прыгрэе да 12—19 цяпла, а па поўдні чакаецца нават да плюс 20 градусаў.

Цяпер некалькі лічбаў. Адмоўны тэмпературны рэкорд дня быў пабіты сёлета ў Гомелі ўначы 11 мая, калі тэмпература апускалася да мінус 0,6 градуса. Спецыялісты адзначаюць, што ў апошнія некалькі сутак на тэрыторыі Беларусі назіралася анамальна халоднае надвор'е з тэмпературным фонам па краіне на 8—11 градусаў ніжэй за кліматычную норму. Сярэднясутачная тэмпература была ў межах ад плюс 1 да плюс 4 градусаў. Сіноптыкі нагадваюць, што тэмпературны максімум для 12 мая назіраўся ў 2013 годзе, калі было зафіксавана плюс 27 градусаў. Мінула толькі чатыры гады і што... Няўжо глабальнае пацяпленне ўжо скончылася?

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Майскі снег

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.