Вы тут

​Як аб'яднаць эканамічны рост з экалагічным дабрабытам?


Як аб'яднаць эканамічны рост з экалагічным дабрабытам, павысіць інвестыцыйны патэнцыял Беларусі і яе інавацыйнае развіццё — гэтыя і іншыя пытанні абмеркавалі ўдзельнікі ХІV Рэспубліканскага экалагічнага форуму, які прайшоў у Віцебску сумесна з VІ Міжнародным эканамічным форумам «Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы».


Удзельнікі форума выпусцілі шырокапальцага рака ў новы «дом».

Удзел у мерапрыемстве ўзялі больш за 250 дэлегатаў з розных рэгіёнаў краіны і замежжа, сярод якіх прадстаўнікі прыродаахоўных службаў, органаў дзяржаўнага кіравання, бізнесу, грамадскасці і інш.

— Кожны павінен разумець, што, развіваючы эканоміку, неабходна абавязкова ствараць для сябе спрыяльнае навакольнае асяроддзе, — сказаў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Каўхута. — Мы разлічваем на развіццё краіны з прымяненнем інавацыйных тэхналогій, але ўсе яны павінны мець экалагічны складальнік.

Пры гэтым міністр адзначыў, што развіццё прадпрыемстваў павінна ісці разам з павышэннем узроўню іх экалагічнай бяспекі — ніякіх паслабленняў у гэтай сферы быць не можа. Удасканавальваць працэс вытворчасці, павышаць эканамічны патэнцыял прадпрыемстваў можна строга прытрымліваючыся экалагічных нормаў. І сёння над пошукам такіх варыянтаў эколагі працуюць разам з эканамістамі.

На пляцоўках форуму абмяркоўваліся і пытанні рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў. Менавіта яны сёння з'яўляюцца асновай, на якой працуюць шматлікія беларускія прадпрыемствы. Напрыклад, на тэрыторыі Віцебскай вобласці, якая сёлета прымала форум, знаходзяцца найбуйнейшыя радовішчы глін у Еўропе. Мясцовыя азёры і рэкі багатыя на сапрапель, здабыча якога цяпер актыўна развіваецца на поўдні Беларусі. Вялікі патэнцыял выкарыстання маюць падземныя воды і залежы даламіту.

Цэнтральным мерапрыемствам двух форумаў стала спецыялізаваная выстаўка, дзе сваю прадукцыю, паслугі і найноўшыя распрацоўкі, у тым ліку і ў галіне экалогіі, прадставілі найбуйнейшыя прадпрыемствы і арганізацыі Віцебшчыны і іншых рэгіёнаў краіны.

Нуль адходаў

ААТ «Дубровенскі льнозавод» — адно з вядучых прадпрыемстваў Беларусі па перапрацоўцы лёну. Вырабленае тут доўгае льновалакно актыўна выкарыстоўваецца на Аршанскім ільнокамбінаце, а кароткае — для патрэб будаўніцтва. Знайшлі тут прымяненне і адходам кастрыцы, якія ўтвараюцца падчас перапрацоўкі лёну і з'яўляюцца вялікай праблемай для большасці льнозаводаў краіны. Сёння кастрабрыкеты спальваюцца на шматлікіх раённых кацельнях, якія працуюць на мясцовых відах паліва, імі таксама ацяпляецца жылы фонд Дубровенскага раёна, установы аховы здароўя і адукацыі. Спецыялісты запэўніваюць, што цеплааддача кастрабрыкетаў у 1,5 раза вышэйшая, чым дрэва, гэта значыць, іх выкарыстанне больш эфектыўнае.

Усе адходы, якія застаюцца пасля абясшкоджвання ртуці, на ТАА «Дэмідсервіс» становяцца другаснымі рэсурсамі.

Лямпачкі, здавайцеся!

ТАА «Дзямідсэрвіс» працуе ў сферы збору і абясшкоджвання адходаў вытворчасці і спажывання каля чатырох гадоў. Яго спецыялізацыя — люмінесцэнтныя лямпы, адпрацаваныя тэрмометры і іншыя прыборы, якія змяшчаюць ртуць. Дзякуючы вакуумнай тэрмадэмеркурызацыйнай устаноўцы, небяспечны метал збіраецца ў кантэйнеры-пасткі і можа выкарыстоўвацца паўторна, напрыклад, пры здабычы карысных выкапняў. Акрамя ртуці, іншыя адходы яе абясшкоджвання — шклабой, алюміній, электрычныя платы, пластмасы — таксама ўцягваюцца ў гаспадарчы зварот.

Кампанія наладзіла ўласны збор ртуцезмяшчальных адходаў ад юрыдычных асоб, а праз гандлёвыя цэнтры працуе і з фізічнымі асобамі.

Захаваць чысціню вады

— Памяншэнне шкоднага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе і насельніцтва — адна з найважнейшых задач дзейнасці ААТ «Слонімскі водаканал», — расказала інжынер па ахове навакольнага асяроддзя Марына Сушко.

Для гэтых мэт на прадпрыемстве не толькі ўдасканальваюць працэс забору вады з падземных крыніц, але і мадэрнізуюць гарадскія ачышчальныя збудаванні каналізацыі. Тут таксама шукаюць шляхі выкарыстання метану і аміяку — асноўных забруджвальнікаў атмасферы на вычышчальных збудаваннях. Гэтыя шкодныя газы будуць ператварацца ў энергію на біягазавым комплексе, які плануюць усталяваць у найбліжэйшай перспектыве.

На Слонімскім водаканале часта праходзяць экскурсіі. Сюды прыязджаюць школьнікі і выхаванцы дзіцячых садоў, каб пераканацца, колькі намаганняў і працы ўкладваецца ў вытворчасць чыстай вады і ачыстку сцёкавых вод і што неабходна беражліва ставіцца да прыродных багаццяў.

На стэндзе Мінпрыроды кожны мог праверыць якасць вады.

«Удар» па смецці

Сёлета Брэсцкаму смеццеперапрацоўчаму заводу спаўняецца 7 гадоў. Нягледзячы на тое, што прадпрыемства пабудавана па сучаснай нямецкай тэхналогіі, з мэтай павышэння эфектыўнасці збору адходаў і іх перапрацоўкі тут прыступілі да мадэрнізацыі тэхналагічнага працэсу — у прыватнасці, укаранення аўтаматычнага сартавання.

На існуючых лініях прадпрыемства ўстанаўліваецца новае абсталяванне — аптычны і балістычны сепаратары. Яны будуць аўтаматычна вызначаць кожны від другасных матэрыяльных рэсурсаў і сартаваць іх па прызначэнні. Дзякуючы новаўвядзенням, на заводзе змогуць не толькі павялічыць долю здабываемых з гарадскіх адходаў другасных рэсурсаў (сёння яна складае ад 9 да 12%), але і прадухіляць назапашванне смецця ў сельскай мясцовасці (з мая прадпрыемства пачало абслугоўваць 8 сельсаветаў Брэсцкага раёна).

Прыродзе справай дапамагаць

Правядзенне акцый прыродаахоўнай скіраванасці стала добрай традыцыяй экалагічных форумаў. Не адступілі ад яе і сёлета.

Новы зялёны сквер упрыгожыў адзін з уездаў у Віцебск каля Бешанковіцкай шашы. Удзельнікі форуму разам са студэнтамі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. П.М. Машэрава і вучнямі гімназіі №6 высадзілі на пустцы саджанцы бярозы, дуба, ліпы, клёна і рабіны — усяго тут з'явілася 140 дрэў.

На думку намесніка начальніка аддзела Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Васіля Кірпічонка, новы сквер стане ўпрыгажэннем горада і дапаможа палепшыць узровень азелянення абласнога цэнтра.

На іншае месца жыхарства «пераехалі» ў гэты майскі дзень і 205 асобін шыракапальцага рака. Удзельнікі форуму правялі экалагічную акцыю па падсяленні чырванакніжнага віду ў возера Асінаўскае Віцебскага раёна.

— Шыракапальцы рак мае трэці статус аховы, — расказаў начальнік аддзела біялагічнай разнастайнасці Мінпрыроды Аляксандр Гіраеў. — Цяпер гэтаму віду нічога не пагражае, але ў наступныя два дзесяцігоддзі ён можа знікнуць з фаўны нашай краіны. Таму ў Беларусі быў распрацаваны План дзеянняў па захаванні гэтага насельніка вадаёмаў. Адным з мерапрыемстваў у рамках плана і з'яўляецца стварэнне новых папуляцый.

Месца для правядзення акцыі было выбрана невыпадкова. Каб падсяліць рака, навукоўцы з Акадэміі навук даследавалі некалькі вадаёмаў, правялі іх гідрабіялагічную і гідрахімічную здымку, вывучылі наяўнасць магчымых драпежнікаў (напрыклад, акунёвых рыб). Менавіта Асінаўскае возера падышло па ўсіх параметрах, а значыць, існуе вялікая імавернасць, што чырванакніжніку тутэйшыя ўмовы будуць даспадобы.


За значны ўклад у справу аховы навакольнага асяроддзя, забеспячэнне рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў Ганаровай граматай Мінпрыроды былі ўзнагароджаны гродзенскае ўнітарнае прадпрыемства электраэнергетыкі «Гроднаэнерга», ЗАТ «Атлант», вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь», ААТ «БЕЛАЗ» — кіруючая кампанія холдынга «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ», прыватнае вытворчае прадпрыемства «Палімерканструкцыя».

* * *

Арганізатары XІV Рэспубліканскага экалагічнага форуму — Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, Віцебскі абласны выканаўчы камітэт, Віцебскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, унітарнае прадпрыемства «Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу».

Вераніка КОЛАСАВА

kolasava@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Эканоміка ў сяброўстве з прыродай

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.