Вы тут

Гу­бер­на­тар Ві­цеб­шчы­ны ба­чыць бу­ду­чае за аграхолдынгамі


Пра гэта ён казаў на нядаўняй сустрэчы з журналістамі. Пабудаваць 10 фермаў на ўсю Віцебшчыну са статкам па 2000 кароў на кожную больш мэтазгодна, чым утрымліваць сотні невялікіх стратных фермаў, лічыць старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай ШАРСНЁЎ. Гэта дазволіць укараніць найсучасныя тэхналогіі ў вытворчасць і вырабляць канкурэнтны прадукт. У выніку выйграе сельскі жыхар, які працуе на такім прадпрыемстве, і краіна ў цэлым.


Каровам — робатаў!

— У прыватнасці, на ферме прыняў душ — і за камп'ютар. Умовы і заробак годныя. І людзі будуць задаволеныя... І ніякай «цякучкі» кадраў. Ды і ў такіх выпадках праехаць да працы 15—20 кіламетраў — не праблема. А ў пасёлку, аграрным гарадку жыццё не горш, чым у горадзе: школа, садок, басейн — усе ўмовы для нармальнага жыцця, — падзяліўся думкамі губернатар.

Аграрныя холдынгі аб'ядноўваюць гаспадаркі, якія вырошчваюць, напрыклад, кармы і жывёл, і камбінаты, якія займаюцца перапрацоўкай мяса і малака. Калі да гэтага ланцужку дадаюцца фірменныя гандлёвыя сеткі, то мінімізуюцца выдаткі, аптымізуецца колькасць персаналу, з'яўляецца магчымасць эканоміі на вытворчых і гандлёвых «накрутках» і падатках. У выніку спажывец атрымлівае якасную і прывабную па цане прадукцыю. Такой гаспадарке прасцей купіць неабходныя тэхніку і абсталяванне.

— На жаль, складана знайсці кіраўніка для такой інтэграванай структуры, які б маштабна валодаў усімі напрамкамі дзейнасці. Трэба ведаць, што сеяць, як вырошчваць, эксплуатаваць тэхніку. Не забываючы пра нюансы перапрацоўкі і гандлю. Вялікі пласт работы. Асабіста апякаю такія структуры, падказваю, што і як лепш зрабіць, — прызнаўся старшыня.

Сёлета ў І квартале прырост вытворчасці ў жывёлагадоўлі па Віцебшчыне склаў 112%.

Прамысловасць аддаць рэгіёнам

У прамысловасці сітуацыя выглядае менш аптымістычна. Для параўнання, у адной з лепшых аграпрамысловых гаспадарак Аршанскага раёна гадавая выручка на работніка да дэнамінацыі была пад 800 мільёнаў рублёў, а на заводзе рэспубліканскай формы ўласнасці — каля 60 мільёнаў. Толькі на заробак на працягу года трэба больш.

«Усім прадпрыемствам рэспубліканскай формы ўласнасці, акрамя «Нафтана», трэба надаць статус камунальнай формы ўласнасці, — лічыць губернатар. — Зразумела, што ніякі міністр, нават самы разумны, не зможа з Мінска лепш клапаціцца пра іх, чым мясцовая ўлада. Людзі ж нашы там працуюць. І яны не вінаватыя, калі прадпрыемства стала банкрутам, ледзь выжывае».

З-за няўстойлівай працы прамысловых прадпрыемстваў на рынку занятасці насельніцтва ўзнікла напружанасць. Разам з тым губернатар называе пытанне занятасці адным з краевугольных. Ён лічыць надзвычай важным пры мінімізацыі вытворчых выдаткаў захаваць кваліфікаваныя кадры. Выхад кіраўнік рэгіёна бачыць у стварэнні новых прадпрыемстваў.

Кажучы пра ўмовы для развіцця бізнесу, Мікалай Шарснёў прызнаў, што яны пакуль не ідэальныя. Патрабуецца шмат часу для запуску інвестыцыйнага праекта. Прадпрымальнікі сутыкаюцца з праблемамі пры пошуку свабодных памяшканняў, зручных крэдытаў. Віцебскі аблвыканкам мае план дапамогі ініцыятыўным людзям. Напрыклад, разглядаецца магчымасць страхавання капіталу.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Пры­яры­тэт — аг­ра­хол­дын­гам

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.