Вы тут

Фестываль "Маладзечна-2017" стартуе прэзентацыяй твораў аб Скарыне


XVII Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2017" адкрые 1 чэрвеня творчы вечар, падчас якога адбудзецца прэзентацыя складанкі драматычных твораў "Францыск Скарына і сучаснасць", паведамілі ў галоўным упраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама.


Творчы вечар арганізуе Мінскі абласны драматычны тэатр. У першы дзень фестывалю аматары тэатральнага мастацтва таксама ўбачаць прэм'еру спектакля Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі "Беларусь. Дыдактыка" з удзелам народнай артысткі краіны Таццяны Мархель.

Асноўныя мерапрыемствы фестывалю пройдуць 2-3 чэрвеня. Сярод іх II і III туры рэспубліканскага этапу Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні, прэзентацыі кніг і інш. Упершыню ў Маладзечне на сцэне Палаца культуры адбудзецца спектакль Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы - "Паўлінка", які карыстаецца асаблівай папулярнасцю ў гледачоў.

Урачыстае адкрыццё фестывалю пройдзе на сцэне Летняга амфітэатра 2 чэрвеня. У гэты дзень жыхары і госці Маладзечна змогуць убачыць прэм'еру канцэрту "Купала і Колас. Вы нас гадавалі". Музычнае мерапрыемства прысвечана 135-годдзю з дня нараджэння двух класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Праграму прадставяць салісты Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі. Падчас канцэрту адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні. Завершыць першы фестывальны дзень святочны феерверк.

На 3 чэрвеня запланаваны шэраг мерапрыемстваў не толькі ў Маладзечне, але і ў Маладзечанскім раёне. Канцэрт-закрыццё "Маладзечна-2017" стане яркім завяршэннем музычнага форуму. На галоўнай пляцоўцы - Летнім амфітэатры - разгорнецца сапраўднае свята музыкі, прысвечаны 45-годдзю заслужанага калектыву Беларусі ансамбля "Сябры", мастацкім кіраўніком якога з'яўляецца Анатоль Ярмоленка. Удзел у канцэртнай праграме прымуць зоркі беларускай і расійскай эстрады.

На фестывалі сваю дзейнасць разгорнуць і разнастайныя забаўляльныя пляцоўкі. Кожны дзень на цэнтральнай плошчы Маладзечна будуць працаваць экспазіцыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, канцэртная пляцоўка "Фестывальная талака".

Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі праводзіцца з 1993 года і да нядаўняга часу праходзіў раз у два гады. У 2011 годзе было прынята рашэнне аб штогадовым яго правядзенні. Арганізатарамі маючага адбыцца форуму з'яўляюцца Міністэрства культуры Беларусі, Мінаблвыканкам, Маладзечанскі райвыканкам, Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі, ДУ "Палац культуры г. Маладзечна", Белтэлерадыёкампанія. Галоўная ідэя фестывалю - далучэнне да каштоўнасцей беларускай культуры, прапаганда роднай мовы і папулярызацыя твораў беларускіх кампазітараў і паэтаў, адкрыццё новых імёнаў.

БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.