Гродзенскія сацыёлагі сцвярджаюць: у рэгіёне колькасць курцоў зніжаецца. Гэты працэс намеціўся некалькі гадоў таму. Зараз лічба тытунёва залежных складае 26,7%, што толькі на 2% больш, чым прадугледжвае праграма «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» на 2016—2020 гады.
Аптымістычна выглядаюць на гэтым фоне і школьнікі. Згодна з апытаннем, назіраецца стабільнае зніжэнне колькасці старшакласнікаў, якія кураць. Пры гэтым лічба тых, хто ніколі не спрабаваў цыгарэт, дасягнула 95%. Яшчэ тры гады таму гэты паказчык складаў 73%.
Як зазначыла загадчыца аддзела грамадскага здароўя Гродзенскага абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ірына Дубок, лад жыцця бацькоў часта фарміруе адносіны дзяцей да шкодных звычак. Згодна з апытаннем, кураць у кожнай другой сям'і. У асноўным гэта бацька (35%), маці — у 7% анкетаваных. На пытанне «Ці ёсць у цябе сябры, якія кураць?» станоўча адказалі 30% школьнікаў. Спецыялісты лічаць, што гэта пытанне з'яўляецца маркерам распаўсюджанасці курэння сярод вучняў.
Сярэдні ўзрост, калі рэспандэнты пачалі альбо паспрабавалі курыць, — 13 гадоў. 52% адзначылі, што прычынай стала цікаўнасць. Палова апытаных хацелі б кінуць курыць.
Такое рашэнне гатовы прыняць і дарослыя. Некаторыя звяртаюцца па дапамогу да спецыялістаў гродзенскага цэнтра «Псіхіятрыя-наркалогія». Па словах урача-псіхатэрапеўта Вольгі Волкавай-Лагун, пазбавіцца ад шкоднай звычкі ў асноўным імкнуцца мужчыны ад 25 да 40 гадоў. Першыя стварылі сям'ю і маюць маленькіх дзяцей, а другія пачалі адчуваць праблемы са здароўем.
Ірына Дубок адзначыла, што хоць мода на тытунь праходзіць, з'явілася новая пагроза — электронная цыгарэта. Тавар не падлягае сертыфікацыі, хоць медыкі лічаць яго небяспечным для здароўя. Згодна з даследаваннямі, пара цыгарэты спрыяе ўсмоктванню таксічных рэчываў. Захапленне гэтым вырабам можа справакаваць новы віток залежнасці ад курэння.
Маргарыта УШКЕВІЧ
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?