Вы тут

У горадзе над Нёманам пройдзе фестываль «Пошта і СМІ»


Аб гэтым было паведамлена падчас семінара па абмене вопытам па павышэнні якасці паслуг паштовай сувязі, які прайшоў на базе Гродзенскага філіяла РУП «Белпошта» 15 чэрвеня. Свята рыхтуецца пры падтрымцы абласных улад і ідэолагаў.


«Дрэ­ва даб­ра».

Для правядзення такога мерапрыемства ёсць добрыя падставы, лічыць начальнік Гродзенскага філіяла РУП «Белпошта» Іван Пратасевіч. Яны абумоўлены цеснай сувяззю з прадстаўнікамі выданняў, уласнымі карэспандэнтамі. Сумесная работа вядзецца ў першую чаргу па захаванні тыражу. Вядома, значную канкурэнцыю складаюць электронныя СМІ, інтэрнэт-версіі, без якіх сёння не абысціся. Разам з тым газеты таксама не адстаюць ад патрэбы часу і могуць задаволіць любога чытача. Безумоўна, вялікім плюсом з'яўляецца і тое, што папяровыя выданні маюць шматгадовую гісторыю, як напрыклад «Звязда», якой сёлета спаўняецца 100 гадоў.

Дарэчы, узнаўленне тыражоў, на думку Івана Пратасевіча, можна ажыццяўляць па новай схеме «Акцыя 1+1». Так, пры падпісцы на асноўнае выданне дадаецца яшчэ бонусны варыянт. Напрыклад, танная газета «Смачна» ці яшчэ якая.

— Падчас падпісной кампаніі мы праводзім рэгулярныя сустрэчы, круглыя сталы, сумесныя акцыі пошты і СМІ. Напрыклад, «падпішы ветэрана працы, найстарэйшага работніка прадпрыемства», — зазначае кіраўнік абласнога аддзялення. — Збіраемся на відэаканферэнцыі, у якіх прымаюць удзел нашы філіялы і паштовыя вузлы, а таксама прадстаўнікі газет, уласныя карэспандэнты.

На семінары былі агучаны і праблемы, з якімі сутыкаюцца работнікі пошты ў перыяд падпісной кампаніі. У рэгіёнах адзначаецца зніжэнне падпіснога тыражу. Работнікі пошты звязваюць гэта з недахопам фінансавых сродкаў, а таксама з закрыццём цэлага шэрагу ўстаноў у вёсках, такіх як бібліятэкі, клубы, школы, ФАПы. У Брэсцкай вобласці за апошнія гады было ліквідавана да 660 такіх устаноў. Усё гэта не магло не адбіцца на падпісцы.

Таму паштавікі краіны шукаюць новыя формы, каб зацікавіць чытача. У тым жа Брэсце, напрыклад, дзень падпісчыка праходзіць у гандлёвых цэнтрах, на буйных прадпрыемствах, разам з падпіскай адбываецца розыгрыш прызоў. Папулярнай становіцца акцыя «Здай макулатуру — атрымай падпіску». Некаторыя выданні практыкуюць бонусы для шлюбных пар, дабрачынныя акцыі для малазабяспечаных сем'яў.

Прадстаўнік Гродзенскага філіяла Ганна Шмукста расказала пра новую акцыю «Дрэва дабра». Такія «дрэвы» ўстаноўлены ва ўсіх аддзяленнях сувязі Гродзенскай вобласці. Кожны чалавек можа здзейсніць акт міласэрнасці і аформіць падпіску на імя хлопчыкаў і дзяўчатак з дзіцячых дамоў ці інтэрнатаў. Ганна Мар'янаўна адзначыла, што акцыя сабрала тысячы неабыякавых людзей літаральна за два месяцы. За май было падпісана больш за пяць тысяч экзэмпляраў, а за два тыдні чэрвеня — яшчэ больш за тры тысячы. Дарэчы, падчас семінара да акцыі далучыліся і яго ўдзельнікі. Прыклад паказалі кіраўнікі прадпрыемства «Белпошта».


У тэму

Уладзімір Матусевіч, генеральны дырэктар РУП «Белпошта»:

— На семінары мы ўбачылі актыўную работу Гродзенскага філіяла. Пра свае напрацоўкі расказалі іншыя філіялы. Прадстаўнікі рэдакцый на свае вочы ўбачылі людзей, якія працуюць для распаўсюджвання іх выданняў, дбаюць аб падпісцы.

Я ўпэўнены, што тэматычная, змястоўная арыентацыя на пэўных чытачоў пэўных рэгіёнаў дасць свой плён. Сёння чалавек пры высокай насычанасці рынку выбірае тую тэматыку і інфармацыю, якую хоча атрымаць з друкаваных СМІ. Пры ўсім развіцці інтэрнэту, электронных масмедыя, камунікацый, яны будуць мець свайго чытача, бо гэта якасны тэкст, які можна перачытваць. Гэта тэкст, над якім варта задумацца, каб узяць нешта ў сваё жыццё, і такая інфармацыя сёння ёсць і ў рэспубліканскіх выданнях, і ў мясцовых. Яны больш блізкія да свайго чытача, бо пішуць пра тых, хто жыве і працуе побач. А пошта даносіла і будзе даносіць прэсу людзям.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Свята для чытачоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.