Вы тут

Малы бізнес на высокіх абцасах


Паспяховыя жанчыны Беларусі імкнуцца стаць яшчэ больш паспяховымі. І дапамагае ім у гэтым праект па падтрымцы і развіцці жаночага прадпрымальніцтва, які ў рускім варыянце назвы абыграецца яшчэ і літарамі: «УспешнаЯ».


Сумесная ініцыятыва па развіцці і падтрымцы жаночага прадпрымальніцтва Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця і банкаў краіны нарэшце стала актуальнай і для гамяльчанак. Паўсотні прыгожых прадстаўніц малога і сярэдняга бізнесу, якія прыйшлі на сустрэчу, пацвярджаюць важнасць выбранага фармату. Кансультант для малога бізнесу ў Беларусі ад Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Вольга Кузняцова гаворыць, што арганізацыя ажыццяўляе комплексную праграму для жанчын у бізнесе. І па-першае, гэта дапамога жанчынам у фінансаванні праектаў.

— Тут мы працуем з банкамі-партнёрамі, якім выдзяляем грошы на гэтыя мэты. Таксама дапамагаем наняць міжнародных кансультантаў, якія могуць дапамагчы зразумець патрэбы жанчын у фінансаванні. У выніку ўсе банкі маюць спецыялізаваныя прадукты для жанчын. Кожны банк падышоў да распрацоўкі сваіх прадуктаў дастаткова крэатыўна. Другі аспект — нефінансавая дапамога. Мы даём грант і дапамагаем наняць кансультантаў для прасоўвання сваёй справы. Гэта можа быць распрацоўка вэб-сайта, укараненне сістэмы ўліку на прадпрыемстве, выхад на новыя рынкі... Мы таксама прапануем жанчынам набыць больш упэўненасці. У нас ёсць спецыялізаваныя трэнінгі, якія накіраваны на павышэнне прадпрымальніцкіх навыкаў. Тое, што мы запрашаем на гэтыя трэнінгі розных жанчын-прадпрымальніц, стварае сяброўскую атмасферу, і яны многаму вучацца адна ў адной, — расказала Вольга Кузняцова.

Дарэчы, «Белінвестбанк», які стаў адным з арганізатараў сустрэчы ў Гомелі, прэзентаваў спецыяльна распрацаваныя крэдытныя прадукты, прызначаныя для падтрымкі жанчын у бізнесе: «лэдзі-старт» і «лэдзі-інвест». Старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын Галіна Пашэд кажа, што напярэдадні было праведзена анкетаванне сярод жанчын-прадпрымальнікаў Гомельшчыны:

— На першае месца жанчыны ставяць задачу кансультавання, атрымання дадатковай інфармацыі, стварэння бізнес-платформы, дзе яны маглі б абменьвацца думкамі, заводзіць кантакты. Сёння больш за 60% прадпрымальніц — гэта жанчыны ад 37 да
55 гадоў. Такім чынам, у нас вялікі рэзерв для развіцця жаночага прадпрымальніцтва — ад 18 да 37 гадоў. Прынамсі, на Гомельшчыне трэцяя частка прадпрыемстваў пад кіраўніцтвам жанчын узнікла пасля 2010 года. Гэта гаворыць пра ўсплёск актыўнасці жаночага прадпрымальніцтва ў нашай вобласці. Нашы жанчыны асноўнай крыніцай фінансавання называюць асабістыя сродкі. Пазыковымі карыстаецца толькі 1/3. Толькі адзін чалавек сказаў пра фінансавую дапамогу дзяржавы. Ведаеце, чаму жанчыны прыходзяць у бізнес? 80% з апытаных адказалі: таму, што ў іх была свая ідэя. І астатнія 20 — для таго, каб эканамічна падтрымаць сваю сям'ю. У Расіі, дарэчы, наадварот.

Між тым гомельскія прадпрымальніцы высока ацанілі банкаўскія ініцыятывы і неабходнасць правядзення такіх сумесных сустрэч. Некаторыя з іх расказалі пра свой асабісты шлях, які зусім не быў пакрыты пялёсткамі кветак. Лілія Калюжная ў 2008 годзе засталася ўдавой з двума дзецьмі. Дачка была зусім маленькая — паўтара года.

— Мне прыйшлося вельмі шмат працаваць. Калі раней думала, што я толькі муза свайго каханага, то потым прыйшлося навучыцца кіраваць і рабіць тое, што рабіў мой муж. Сёння я пачынаю яшчэ і новы праект, які будзе скіраваны на падтрымку творчасці і аўтарскіх вырабаў мясцовых рамеснікаў, — падзялілася Лілія.

Іна Кустова прадстаўляе грамадскае аб'яднанне «Адзінства», якое садзейнічае развіццю прыватнага прадпрымальніцтва. Яна гаворыць, што і для жанчыны ў бізнесе сям'я і дзеці заўсёды застаюцца на першым месцы:

— У мужчыны бізнес — гэта галоўная частка жыцця. А жанчыне вельмі складана сумяшчаць, бо ўласная справа патрабуе каласальнай увагі. Менавіта таму жаночае прадпрымальніцтва мае патрэбу ў падтрымцы. Праект сапраўды значны. Ва ўдзельніц ёсць магчымасць не толькі атрымаць шмат новых ведаў, пазнаць сакрэты поспеху калег і ўжываць іх у сваёй практыцы, але і падзяліцца праблемамі і нават паспрабаваць іх вырашыць, заручыўшыся падтрымкай бізнес-супольнасці.

Праект «УспешнаЯ» будзе праходзіць на працягу 2017 года і ахопіць усе рэгіёны Беларусі. Сёння стаць яго ўдзельнікамі ўжо змаглі больш 120 жанчын-прадпрымальніц сталіцы, а таксама Брэста і Гомеля. Цяпер віцебскія прадпрымальніцы чакаюць прапаноў, якія для іх рыхтуюць «Белінвестбанк» і Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іоst@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Культура

Што паглядзець у брэсцкім музеі выратаваных каштоўнасцяў

Што паглядзець у брэсцкім музеі выратаваных каштоўнасцяў

Брэсцкі музей выратаваных каштоўнасцяў можна назваць мясцовым Луўрам — калі ўвогуле дарэчы параўноўваць адну культуру з іншай.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

— Хлопцы, не біце, я — ва-а-аш!..

Грамадства

Як дэпутаты вырашаюць праблемы жыхароў Брэсцкай вобласці

Як дэпутаты вырашаюць праблемы жыхароў Брэсцкай вобласці

У мясцовых Саветах Брэсцкай вобласці ажыццяўляюць дэпутацкую дзейнасць 2962 дэпутаты. 

Грамадства

Чым жыве найлепшая маладая сям'я штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе

Чым жыве найлепшая маладая сям'я штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе

Абодва яны спяваюць, пішуць вершы пра сваю сям'ю і іграюць на музычных інструментах.