Вы тут

Моладзь з 15 краін абмяркуе будучыню сферы працы


Учора ў сталіцы адкрыўся Міжнародны маладзёжны прафсаюзны адукацыйны форум «ТЭМП-2017». Сёлета ён сабраў больш за 200 актывістаў з 15 краін: Казахстана, Кіпра, Літвы, Малдовы, Расіі, Турцыі і іншых. Упершыню далучылася моладзь з Індыі, Ізраіля і Эстоніі.


— Форум праходзіць трэці раз. У гэтым годзе ён прысвечаны будучыні сферы працы. Пачуем, што робяць прафсаюзы для работнікаў у нашай краіне, у іншых, падзелімся досведам. Прыемна, калі бачыш, як нашы інавацыі рэалізуюцца на практыцы за мяжой, — расказвае начальнік галоўнага ўпраўлення па культуры і грамадскай рабоце Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Глеб ЛАПІЦКІ.

«Тэмпаўцы» наведаюць беларускія прадпрыемствы прамысловай, сельскагаспадарчай, банкаўскай сферы. Сярод іх — Мінскі трактарны завод, «Атлант», «Камунарка», Мінскі завод колавых цягачоў, гаспадарка «Гастэлаўскае». Прафсаюзныя актывісты вывучаць вопыт сацыяльнага партнёрства і калектыўных дагавораў, абмяркуюць механізмы стварэння новых працоўных месцаў, новыя формы занятасці насельніцтва.

— Мы бачым, што свет змяняецца вельмі хутка. Ва ўсіх галінах ідзе аўтаматызацыя, рабатызацыя. У выніку неактуальнымі становяцца цэлыя прафесіі, не толькі фізічнай, але і разумовай працы. Таму важна зразумець, як будзе трансфармавацца рынак, каб у новых умовах моладзь магла знайсці сабе работу, — адзначыў старшыня ФПБ Міхаіл ОРДА.

Ён дадаў, што форум першапачаткова задумваўся як адукацыйная пляцоўка, але цяпер ужо відаць, што ён мае значна большы патэнцыял. Гэта новы ўзровень узаемадзеяння прафсаюзаў розных краін. Фінальным дакументам сёлетняга «ТЭМПу» стане рэзалюцыя ўсіх дзяржаў-удзельніц з канкрэтнымі прапановамі, якая будзе адпраўлена ў Міжнародную арганізацыю працы.

Моладзь чакае насычаная культурная праграма. Так, 29 чэрвеня яна прыме ўдзел у маштабным праекце ФПБ — урачыстым адкрыцці выстаўкі «Пераможнае лета» на мемарыяльным комплексе «Курган славы». Тут будуць устаноўлены інфармацыйныя стэнды аб наступальнай аперацыі «Баграціён» і военачальніках, якія падчас Вялікай Айчыннай вайны кіравалі гэтай аперацыяй. Удзельнікі форуму таксама змогуць ацаніць пастаноўку «Сем таямніц Беларусі» — праект Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. І прыгатаваць дранік на маладзёжным фестывалі вулічнай ежы Dranіk Party. А 1 ліпеня прафсаюзных актывістаў чакае спартыўны квэст.

Нагадаем, «ТЭМП» традыцыйна становіцца найбуйнейшай міжнароднай дыскусійнай пляцоўкай паміж моладдзю, дзяржаўнымі структурамі і бізнесам.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Задаць тэмп

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.