Вы тут

Дзяўчына выйграла конкурс і стала нявестай


У Гродне незвычайна завяршыўся фінал рэспубліканскага конкурсу на найлепшую жанчыну-вадзіцеля «Аўталэдзі-2017». Пераможца атрымала не толькі падарунак, грашовую прэмію і карону, але і прапанову рукі і сэрца. Заручыны адбыліся пад заслону мерапрыемства.


Вераніка Раманава атрымала вадзіцельскія правы чатыры гады таму, калі ёй споўнілася 18. На конкурс «Аўталэдзі» яна прыехала з горада Заслаўля і прадстаўляла Мінскую вобласць. Аўтамабіль ёй даверыў яе хлопец Пётр, які і суправаджаў Вераніку на спаборніцтвах. Таксама выступаў як яе асістэнт. Конкурсы былі разнастайныя. Гэта і кіраванне аўтамабілем, і заданні па правілах руху, і замена кола... Дзяўчаты з ўсіх рэгіёнаў Беларусі і горада Мінска зрабілі прэзентацыю сваіх аўто, якія паўсталі ў вобразах дэльфіна, русалкі, беларускага ручніка і іншых.

— Наш конкурс яшчэ малады, мы праводзім яго трэці раз, але стараемся кожны год унесці нешта новае, — зазначыў адзін з арганізатараў, сакратар ЦК БРСМ Дзмітрый Туронак. — Напрыклад, сёлета нашы ўдзельніцы павінны былі пераапрануцца, не выходзячы з машыны, у нацыянальны строй, які ўвасабляе іх рэгіён.

Дзяўчаты не толькі зрабілі гэта за лічаныя хвіліны, але і пачаставалі ўсіх прысутных. Хто караваем, хто дранікамі з квасам, хто яблыкамі.

Цікавы быў конкурс на новыя дарожныя знакі, якія, на думку аўталэдзі, варта паставіць на дарозе. І сапраўды, многія прапановы слушныя. Прыспеў час для такіх знакаў, як «Асцярожна: сэлфі», альбо «Увага: спартсмен у навушніках». Некаторыя знакі выклікалі ўсмешку, напрыклад, знак, які забараняў правоз больш як 5 мяхоў бульбы, ці знак «жаночая дарога», дзе дазволена хуткасць 15 км у гадзіну, каб жанчына магла паправіць макіяж і абмеркаваць навіны з сяброўкай.

Хоць самі дзяўчаты ставяцца да сябе крытычна, мужчыны лічаць жанчын-вадзіцеляў больш акуратнымі на дарозе. Старшы інспектар гродзенскай ДАІ Алег Дук, які ўваходзіў у склад журы, заўважыў, што з жанчынамі менш праблем на дарозе, чым з вадзіцелямі-мужчынамі. Адыгрывае сваю ролю інстынкт захавання сябе і свайго роду, адказнасць перад дзецьмі. І ўсё ж з кожным годам жанчыны больш актыўна ўліваюцца ў дарожны рух. Так, у Гродне палова навучэнцаў аўташкол менавіта прадстаўніцы прыгожага полу. Алег Дук лічыць, што конкурс «Аўталэдзі» накіраваны на папулярызацыю менавіта акуратнага і правільнага кіравання аўтамабілем.

Вось і Пётр, жаніх фіналісткі Веранікі, упэўнены, што яго нявеста — лепшы кіроўца нават сярод некаторых мужчын, хоць і не мае свайго аўто. Дзяўчына заўсёды застаецца добразычлівай і спакойна вырашае нечаканыя праблемы, якія ўзнікаюць за рулём. Мужчыны ў гэтым сэнсе не такія стрыманыя, зазначыў Пётр. Вось і ён не стрымаўся, каб не зрабіць сваёй каханай нечаканую прапанову. Калі Вераніку аб'явілі пераможцам конкурсу «Аўталэдзі-2017», Пётр кінуўся да яе з букетам кветак і надзеў на палец пярсцёнак у знак заручын. Нявеста не змагла стрымаць слёз.

Дарэчы, ніхто з сямі ўдзельніц не застаўся без узнагароды. Усе сталі прызёрамі розных намінацый: эрудыт, элегантнасць, пазітыў, абаяльнасць і іншыя. Тры пераможцы атрымалі грашовыя сертыфікаты — ад 50 да 100 рублёў. Вераніка Раманава атрымала і галоўны прыз — чырвоны шкляны яблык і карону «Аўталэдзі-2017». А яшчэ пярсцёнак ад свайго любага Пятра, які даверыў ёй не толькі сэрца, але і руль свайго аўтамабіля. Ці можна больш яскрава даказаць свае пачуцці?

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Галоўны прыз для аўталэдзі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.