Вы тут

Віцебскія падлеткі прысвяцілі газеце «Звязда» малюнкі на асфальце


Векавога юбілею «Звязды» чакаць нядоўга. 9 жніўня наша агульнае свята. І першыя падарункі, ды яшчэ зробленыя сваімі рукамі, найстарэйшая штодзённая газета краіны ўжо пачала прымаць. У Віцебску пастараліся падлеткі. Яны прысвяцілі беларускамоўнаму выданню малюнкі на асфальце.


У пошуках мастакоў

Не маюць рацыі тыя, хто гаворыць, што ініцыятыва караецца. Кіраўніцтва рэдакцыі адразу падтрымала ідэю правядзення конкурсу малюнкаў і выдзеліла грошы на крэйду і прызы пераможцам. Крэйду вырашыў купіць ва ўнівермагу. Што здзівіла, з багатага асартыменту няма айчыннай. Кітайскай, расійскай вытворчасці — калі ласка. Прыйшлося рублём, а дакладней — больш як 10 рублямі, падтрымаць замежных вытворцаў.

А хто ж маляваць будзе? Праз знаёмага выйшаў на каледж, дзе вучаць на мастацкія спецыяльнасці. Там ідэю падтрымалі, але папрасілі «даведку-прапанову». Маўляў, каб усё было афіцыйна. Знаёмы прапанаваў яшчэ скласці палажэнне аб конкурсе са складам журы. Паколькі я прынцыповы праціўнік бюракратыі, супрацоўніцтва з каледжам не атрымалася.

Прапанаваў правесці конкурс кіраўніцы дзіцячай мастацкай студыі «Цюбікі» пры Віцебскім мастацкім музеі. Вольга Сяргеева ўжо выручала, калі святкавалася 95-я  гадавіна «Звязды» і праходзіў Год кнігі. Яе выхаванцы тады малявалі на паперы любімых герояў беларускіх казак.

«Саша, ды вы што? Летнія канікулы! Не паспеем!» — пачуў у адказ. Сам вінаваты, трэба было брацца за рэалізацыю ідэі раней.

Сабраць дзятву, якая гуляе ў двары? Трэба будзе кожнаму растлумачыць, а таксама бацькам, потым нагадаць, пацвердзіць удзел — вельмі складана. Няўжо прыйдзецца адмовіцца ад задумы?

Колькі паверхаў у Доме прэсы?

З цяжкасцю засынаў. Што рабіць з наборамі для малявання? Дзе знайсці канкурсантаў? Раптам мільгнула думка: ёсць жа школьныя лагеры! У СШ №29 імя В. В. Піменава (выпускнік, Герой Савецкага Саюза, ваяваў у Афганістане) ведаю некалькі настаўнікаў. Педагог-арганізатар Анжэла Новікава на момант нашай гутаркі працавала ў прышкольным лагеры працы і адпачынку «Юнацтва». У ім вучні з 8-га і іншых старэйшых класаў. У школе ёсць яшчэ два «летнікі»: «Патрыёт» — ваенна-патрыятычнага кірунку (з 5 па 7 класы) і «Вясёлкавая планета» — для самых маленькіх.

Спачатку з рэдакцыяй вырашылі, што маляваць будуць апошнія. Кніжкі Выдавецкага дома «Звязда» былі адкладзены. Але ж наша мэтавая аўдыторыя — выпускнікі. Прыйшлося «перайграць» яшчэ і наконт новага варыянта прызоў: фірменныя нататнікі і ручкі з эмблемай «Звязды» — добрыя сувеніры. Вырашылі, што іх атрымаюць усе мастакі.

Акцыю лёгка мог сарваць дождж. Ападкі ў Віцебск да таго дня зачасцілі. Але нам пашанцавала. Калі горад рыхтаваўся да святкавання гадавіны свайго заснавання, журналісты і дзеці сустрэліся каля ганка школы. Пастаянны мой суаўтар, фатограф Віктар Нікалаеў здзівіўся таму, што дзеці былі старэйшыя, чым было заяўлена раней. Пакаленне «нэкст» і педагогі ў сваю чаргу прыемна здзівіліся «цудоўнаму» з'яўленню набораў крэйды. Паколькі менавіта ў той дзень у Віцебску збіраліся прэзентаваць скульптуру Хатабыча, я адчуваў сябе яго «вучнем».

І як той казаў, працэс пайшоў. Хлопцам і дзяўчатам спачатку прапанаваў паглядзець нумары «Звязды». Каб ведалі наогул, што гэта, калі не бачылі раней.

Як гром сярод яснага неба прагучала пытанне наконт таго, як выглядае будынак, у якім знаходзіцца рэдакцыя. У інтэрнэце фота Дома прэсы не знайшлі, але школьнікі не разгубіліся і пачалі імправізаваць. Намалявалі кветкі, зорку, мішак, зайчыка, саву, нейкага сучаснага папулярнага героя коміксаў. Потым успомнілі пра астралагічны сімвал года — пеўня. І ён упрыгожыў «асфальтавае палатно». Напісалі пажаданні квітнець далей... Надпіс «Юбілей вачамі моладзі» стаў імправізаванай назвай выстаўкі, якая стваралася. Аўтары радаваліся сувенірам ад «Звязды». Здзівіліся, што атрымалі ўсе і аднолькавыя.

Пра бульбу і...

Акцыя стала адным з мерапрыемстваў лагернай змены. Яна доўжылася з 1 па 26 чэрвеня. Паводле слоў дырэктара школы Ірыны Шушкевіч, педагогі стараюцца, каб праграма была разнастайнай.

— Яе распрацоўка пачынаецца ўжо пасля завяршэння змены. Улічваем пажаданні дзяцей, калі праводзім анкетаванне і гутарым з імі. Карэкціруем адпаведныя планы, — тлумачыць яна.

Старэйшыя школьнікі, у прыватнасці, ахвотна бяруць удзел у забаўляльных і спартыўных мерапрыемствах. Для іх арганізуюцца экскурсіі і турыстычныя спаборніцтвы. Дзеці, напрыклад, вучацца спартыўнаму арыентаванню, вязанню турыстычных вузлоў, устанаўліваюць палаткі, пераадольваюць палосы перашкод.

Дарэчы, падчас выпрабаванняў педагогі заўважылі, што падлеткі не ўмеюць чысціць бульбу. Вырашылі гэтаму навучыць тых, хто будзе ў лагеры ў наступным годзе.

У пойме ракі Віцьба ў школьнікаў свая экалагічная сцежка. Вывучаюць прыроду, асэнсоўваюць, што яе трэба берагчы.

Праводзяць і творчыя конкурсы: прыдумваюць і абараняюць «візітныя карткі» сваіх груп, гуляюць у КВЗ, рыхтуюць прадстаўленні тэатра мініяцюр. З задавальненнем ствараюць газеты, інфармацыйныя бюлетэні ў форме коміксаў...

Практыкуецца падчас змен шэфства старэйшых школьнікаў над малодшымі. Дырэктар ганарыцца, што ў выніку часовыя памочнікі выкладчыкаў становяцца настаўнікамі. А раней і не адчувалі ў сабе педагагічнага прызвання.

У апошнія гады складана ўладкоўваць падлеткаў са школьнага лагера на працу. Бывае, дапамагаюць бацькі, шэфы. З бюджэту перыядычна вылучаюцца грошы на аплату работ па зборцы, рамонце школьнай мэблі.

Сёлета школе споўніцца 76 гадоў. На сёння ў яе спісе 780 вучняў. Набор у 1-ы клас працягваецца.

Па яблыкі ў школу

Ад іншых віцебская сярэдняя школа №29 імя В. В. Піменава адрозніваецца цудоўным садам. У 1963-м з Лосвідскага лясніцтва прывезлі сюды саджанцы. Каля 40 дрэў да гэтага часу даюць добры ўраджай. І з дазволу кіраўніцтва яблыкі розных сартоў могуць браць усе ахвотныя.

У 1974 годзе ў школе стварылі цымбальны аркестр, які пазней атрымаў званне ўзорнага. І на працягу многіх гадоў пацвярджае гэта. Асноўны рэпертуар — народныя мелодыі.

У 1998-м СШ №29 стала «эксперыментальнай пляцоўкай». Тут апрабавалі мадэль сярэдняй агульнаадукацыйнай школы з 12-гадовым тэрмінам навучання. У эксперыменце ўдзельнічалі 416 вучняў і 39 настаўнікаў.

Педкалектыў адным з першых у рэспубліцы перайшоў на 10-бальную сістэму ацэнкі ведаў.

Тут вучыліся будучыя знакамітыя спартсмены, навукоўцы, урачы, мастакі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Фота Віктара НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Як дзеці газету віншавалі, або Юбілей вачамі моладзі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.