Вы тут

Міжнародны дзіцячы лагер «Крынічка» адкрыўся пад Рагачовам


Як надоўга зарадзіць батарэйку, ведаюць школьнікі, якія сабраліся пад Рагачовам не толькі для таго, каб паспяваць песні каля вогнішча. Сёння на іх ускладзена сур'ёзная роля медыяцыі. Калі справяцца, дарослыя суседніх дзяржаў хутчэй прыйдуць да паразумення.

Турыстычныя палаткі дзіцячага лагера на беразе возера Добрае, што на Рагачоўшчыне, былі пастаўлены ўпершыню ў 1992 годзе. Гэта быў сумны год адразу пасля развалу былога магутнага Саюза. Тады ніхто не мог і марыць, што праз чвэрць стагоддзя міжнародны лагер міру і дружбы дзяцей і моладзі славянскіх народаў «Крынічка» стане выконваць ролю аб'яднання нашчадкаў тых, хто шкадуе аб страчаным адзінстве славянскіх народаў.


Каля вёскі Ходасавічы 300 удзельнікаў з Беларусі, Расіі і Украіны разбілі палатачны лагер і сёлета. Дарэчы, калі палічыць, атрымліваецца, за час існавання тут пабывала каля 7500 падлеткаў. Мікалай Ананенка прыехаў у міжнародны лагер чацвёрты раз. Юнак са Смаленска толькі закончыў школу і рыхтуецца паступаць у ВНУ на спецыяльнасць «гісторыя і права». Гаворыць, што вопыт суіснавання ў паходных умовах стварае асаблівую атмасферу, дзе няма месца непаразуменню:

— Штогод прыязджаю па новыя ўражанні. Мы тут cустрэлі знаёмых, якія былі ў мінулыя гады, і знайшлі новых. Розныя людзі прыязджаюць сюды з гарадоў Расіі, Беларусі і Украіны. Мне здаецца, гэта прыемны і важны вопыт стасункаў. Цікава ж размаўляць з людзьмі, якія маюць, магчыма, іншы светапогляд. Увогуле, карысна ведаць, якім чынам разважаюць іншыя людзі. Ну, а пакуль мы пад гітару ўспомнілі ўвесь асноўны рэпертуар «Крынічкі».

Між тым тут ёсць свая топавая песня, напісаная групай «Жукі» яшчэ ў 1999 годзе. «Батарэйку» спявала іншае пакаленне юнакоў. Песню пра каханне, якое некалі заканчваецца, перажываюць і сённяшнія падлеткі. Вось і каля іншага беларускага вогнішча яна таксама гучала.

Насця Ксяндзова не першы год у лагеры. Школу закончыла, тэсты здала і прыехала адпачыць у лагер з самага блізкага гарадка — Рагачова:

— Тут вельмі цёплая атмасфера. Мы штогод знаходзім дзякуючы гэтаму лагеру новых сяброў. Потым падтрымліваем кантакты ў сацыяльных сетках. Асаблівыя стасункі ў нас склаліся з рабятамі з каманды горада Курска. Дружба славянскіх народаў — гэта вельмі важна для ўсіх.

Калі расіяне прадстаўлены сямю атрадамі, беларусы — сямнаццаццю, то ўкраінскіх хлопчыкаў і дзяўчатак у лагеры сёлета няшмат. Адзін атрад з васьмі школьнікаў і двое дарослых прыехалі з Наваграду-Валынскага Жытомірскай вобласці. Марыя Кальчанка таксама не навічок у гэтым лагеры. Дзяўчына прыехала трэці раз і разумее навошта:

— Пасля першага разу эмоцыі мяне перапаўнялі. Людзі вельмі адкрытыя і прыязна ставяцца да ўсіх. Зноў хочацца перажыць такія добрыя пачуцці. Хочацца знайсці новых суразмоўнікаў, аднадумцаў. Мы рыхтаваліся да конкурсаў, якія тут будуць ладзіцца. Вучылі песні, танцы. У нас былі вясёлыя рэпетыцыі — мы прыдумвалі і потым змянялі ўсё, але ж спадзяюся, што вынік спадабаецца. Беларускую мову мы разумеем, але ж кніжкі чытаем і фільмы глядзім расійскія. А ў жыцці часцей размаўляем па-ўкраінску. Мы валодаем абедзвюма мовамі, і ніводная не перашкаджае. Наадварот, добра, калі можаш з большай колькасцю людзей знаходзіць агульную мову і разумець іх.

Кіраўнік расійскага атрада Ірына Радкевіч з Санкт-Пецярбурга ў міжнародным лагеры ўпершыню. Пакуль што прыстасоўваецца да абстаноўкі, але ж самае першае ўражанне ўжо склалася:

— За дзень агледзеліся. Вельмі гасцінныя тут людзі, якія адразу ж прыходзяць на дапамогу. Нас нават у Рагачоў звазілі. З украінцамі ўжо мелі стасункі. Усё нармальна, без праблем.

— Калі дзеці будуць сябраваць, то нешта зменіцца і ў стасунках дарослых людзей, — лічыць старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Цімафей Глушакоў. — Дзеці ўсё тут робяць самі: сякуць дровы, гатуюць ежу. Мы арганізоўваем дні нацыянальнай культуры, кухні, гумару...  Ёсць дзень, калі на тэрыторыі лагера нельга знаходзіцца без маскараднага касцюма. Тут праходзяць спаборніцтвы паміж дарослымі і дзецьмі. Дзеці, калі ад'язджаюць, заўсёды просяць аб наступнай сустрэчы.

Змена зараз у самым разгары. Яшчэ ёсць час для правядзення фестываляў творчасці, спартыўных свят, інтэлектуальных конкурсаў і дня міру. Трэцяга ліпеня ўсе дзеці прынялі ўдзел у святочных мерапрыемствах, прысвечаных Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і святу 875-годдзя Рагачова. Старшыня праўлення грамадскай арганізацыі «Беларускі фонд міру», дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Максім Місько кажа, што вельмі важна, што медыяцыяй пачынаюць займацца дзеці:

— Гэты лагер вяртае нас у дзяцінства, і сапраўды хочацца ўспомніць тыя часіны, калі мы жылі больш сэрцам, а не розумам. Мы не ведалі дарослых праблем, і ў нас не было меж для стасункаў. Гэта якраз тое, што здзяйсняецца і тут. У нашай краіне, якая так многа цярпела, арганізавана пляцоўка для дзіцячай міратворчасці. Псіхолагі ведаюць, што дзецям важна адчуць эмоцыі, каб потым, праз пэўны час, яны спрацавалі як ідэі і далей рэалізоўваліся ў дзеяннях. У сэрцах падлеткаў, якія тут сабраліся, няма канфлікту і варожасці. Дзіцячая міратворчасць можа сыграць больш глабальную ролю ў рашэнні нейкіх канфліктных пытанняў, чым нават вялікая палітыка.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Як надоўга зарадзіць батарэйку...

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.