Вы тут

Створаны мабільны дадатак, які распазнае склад прадуктаў


Ініцыятыўны інжынер з Мінска спрасціў жыццё беларусаў, якія імкнуцца ўжываць здаровую ежу: ён стварыў мабільную праграму, што распазнае састаў прадуктаў харчавання.

Спецыяльны сканер устанавіць на смартфон даволі проста: трэба спампаваць у медыямаркеце праграму «Hоwl». А каб скарыстацца ёй, дастаткова паднесці камеру мабільнага тэлефона да штрых-кода тавару — карыстальнік адразу атрымае інфармацыю пра састаў прадукту, патэнцыйна небяспечныя і карысныя кампаненты ў ім, а яшчэ — аб рэкамендаванай дзённай порцыі.


Мабільная праграма таксама вызначае рэйтынг дружалюбнасці прадукту, што значна спрашчае жыццё пакупніку.

— Стварыць такую мабільную праграму я вырашыў, таму што сам увесь час сутыкаўся з праблемай выбару. Дробны шрыфт, якім звычайна наносіцца на ўпакоўку састаў прадуктаў, і пастаянны дэфіцыт часу прымусілі мяне дзейнічаць. Я хацеў купляць здаровыя прадукты, гатовы быў нават пераплачваць за якасць, але разбірацца ва ўсіх слоічках-пачачках, якія стаяць на прылаўках, было няпроста, — расказвае пра прычыну стварэння мабільнага сканера яго аўтар Аляксей Козел.

Такія сканеры існуюць у краінах Еўропы, аднак у нашых крамах яны рэдка працуюць ды і «адгукаюцца» на вельмі невялікую колькасць тавараў, у асноўным на тыя, што трапілі на прылаўкі з-за мяжы. Гэтая ж праграма змяшчае інфармацыю аб 30 тысячах прадуктаў, якія можна купіць у беларускіх крамах. Важна было не проста апісаць састаў, але і даць карыстальніку механізм хуткай і зразумелай ацэнкі, які ўключаў бы ў сябе максімум інфармацыі. У цэлым на ацэнку дружалюбнасці прадукту паўплывалі кампаненты і энергетычная каштоўнасць. Аналіз усёй гэтай інфармацыі — вельмі працаёмкі і працяглы працэс. Стваральнік праграмы прызнаецца, што ў адзіночку ён не справіўся б — дапамагалі ўсе, каму спадабалася гэтая ідэя.

— Толькі ўявіце: збор, апрацоўка і праверка інфармацыі з упаковак прадуктаў занялі каля чатырох месяцаў! У гэтай рабоце нам дапамаглі работнікі адной сеткі сталічных гіпермаркетаў. Акрамя таго, неабходна было прааналізаваць інфармацыю аб кампанентах, аб іх карысці і шкодзе. Таму мы шмат чыталі навуковых артыкулаў, даведнікаў, вывучалі актуальную еўрапейскую інфармацыю — хацелася зрабіць глыбокі аналіз з выкарыстаннем аўтарытэтных крыніц.

— Разлічыць аптымальную здаровую порцыю нам дапамагаў захоплены тэмай харчавання доктар, кандыдат медыцынскіх навук Андрэй Белавешкін, — расказвае Аляксей Козел. — Вось так і атрымалася сабраць каманду з чалавек дваццаці, якія таксама цікавяцца гэтай тэмай.

Пакуль збіралі і аналізавалі базу аб саставе прадуктаў, адкрыліся цікавыя факты. Напрыклад, шматлікія вытворцы не цураюцца крычаць пра карысць прадукту пры наяўнасці вельмі сумнеўных кампанентаў — тых жа транстлушчаў і вялікай колькасці цукру, адзначае аўтар праграмы.

Вось і атрымліваецца, што на этыкетцы напісана «100% карысці» або «Толькі карысныя кампаненты», а па факце — усё наадварот. Самае цікавае, што асабліва часта грашаць гэтым тыя вытворцы, якія імкнуцца трапіць на паліцы са здаровым харчаваннем. Дарэчы, мабільная праграма не проста дае пакупніку парады з серыі «бяры / не бяры», але і расказвае больш падрабязна пра кожны з кампанентаў. Гэта дазваляе рабіць усвядомлены выбар, грунтуючыся на поўнай інфармацыі і магчымых рызыках для здароўя.

Робячы пакупкі, важна звяртаць увагу на тэрмін прыдатнасці прадуктаў. Чым ён даўжэйшы, тым, хутчэй за ўсё, у прадукце больш сінтэтычных кампанентаў, не заўсёды карысных для нашага здароўя. Не лішнім будзе глядзець і на вытворца: мясцовыя прадукты лічацца больш дружалюбным выбарам, таму пры іншых роўных якасцях варта аддаваць перавагу ім. І, вядома, упакоўка. У ідэале яе не павінна быць шмат, і лепш падтрымліваць вытворцаў, якія выкарыстоўваюць тару, прыгодную для перапрацоўкі, напрыклад шкляную, і ігнараваць тых, чыя ўпакоўка адразу ж апынецца на сметніку. Мабільная праграма мае яшчэ адзін бонус: яна паведамляе аб дзеючых зніжках у крамах, што дазваляе загадзя спланаваць пакупкі, зыходзячы з патрэб, і не набываць больш, чым насамрэч трэба.

Вольга АСТАПОВІЧ

Загаловак у газеце: Прасканіруйце прадукты!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як задаволіць кадравы голад у сферы ІТ?

Як задаволіць кадравы голад у сферы ІТ?

Работадаўцы кажуць, што быць добрым праграмістам і ўмець пісаць код для эфектыўнай работы ўжо недастаткова.

Культура

Балельшчыкі II Еўрапейскіх гульняў ужо рэзервуюць вясковыя гатэлі

Балельшчыкі II Еўрапейскіх гульняў ужо рэзервуюць вясковыя гатэлі

«Адышоў час, калі гасцям патрэбныя былі толькі «чарка і скварка», ім ужо цікавыя музеі, культурная праграма».

Грамадства

Як працуюць сапёры?

Як працуюць сапёры?

Больш за ўсё «сюрпрызаў» з часоў Вялікай Айчыннай вайны было знойдзена ў Докшыцкім, Талачынскім, Асіповіцкім і Лагойскім раёнах.