Вы тут

У Магілёве вынеслі прыгавор чорным рыэлтарам


Найвышэйшая мера пакарання для двух удзельнікаў гэтай гучнай справы — Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога, а таксама 24 гады і адзін месяц калоніі агульнага рэжыму для Таццяны Гершанковай і 22 гады строгага рэжыму для Барыса Калеснікава — такі прысуд Магілёўскага абласнога суда. Маёмасць усіх фігурантаў справы будзе канфіскавана.


Нагадаем, што за перыяд з 2009-uf па 2015 год яны забілі шэсць чалавек і рыхтаваліся пазбавіць жыцця яшчэ трох. Забойства пры абцяжарваючых абставінах, выкраданне чалавека, махлярства, вымагальніцтва, разбой, знішчэнне дакументаў, незаконны абарот псіхатропных сродкаў — гэта няпоўны спіс тых злачынстваў, якімі яны займаліся на працягу 6 гадоў. Ахвяр яны выбіралі з ліку адзінокіх грамадзян, якія злоўжывалі алкаголем і мелі запазычанасць за камуналку. Вывучалася біяграфія кандыдата, улічваліся яго ўзрост, наяўнасць сваякоў і сацыяльны статус. Карыстаючыся цяжкім матэрыяльным становішчам людзей, абвінавачаныя прапаноўвалі свае паслугі з набыццём больш таннага жылля. Пасля здзелкі кліентаў забівалі і хавалі ў загадзя выкапаных на тэрыторыі Магілёўскага раёна магілах.

Судовы разбор над удзельнікамі гэтай справы доўжыўся каля васьмі месяцаў, і толькі ўчора ў ім была пастаўлена кропка. Кожнаму з фігурантаў прад'яўлена абвінавачанне па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса. Роўна месяц таму дзяржабвінавачанне выказала ў судзе сваю пазіцыю па відзе і меры пакарання, якая цалкам супала з рашэннем суда.

— Справа была вельмі складаная, эмацыянальная, звязаная з жыццямі людзей, — кажа дзяржаўны абвінаваўца, старшы пракурор аддзела пракуратуры Магілёўскай вобласці Аляксандр Раманаў. — Да выбару пакарання падыходзілі з асаблівай адказнасцю. Мякчэй нельга было абысціся, бо на рахунку падсудных была вялікая колькасць ахвяр, якіх забілі з выключным цынізмам. Шмат было кваліфікацыйных прыкмет па частцы 2 артыкула 139 — асаблівая жорсткасць, здзейсненая групай асоб, з карысных памкненняў, спалучаная з разбоем. Складана было ўсё гэта ўзважыць. Справа складалася з 71 тома, было апытана каля 400 сведак.

Усе абвінавачаныя — маладыя людзі ва ўзросце ад 31 да 36 гадоў. У сужэнцаў Гершанковых растуць двое непаўналетніх дзяцей, у Сямёна Беражнога — адно. Але наўрад ці яны думалі пра дзяцей, здзяйсняючы страшныя злачынствы.

З моманту атрымання копіі прыгавору абвінавачаныя яшчэ змогуць абскардзіць рашэнне абласнога суда ў Вярхоўным судзе.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulya@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Мера пакарання

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.