Вы тут

На аднаго невядомага з тысяч герояў Дняпроўскага рубяжа стала менш


Гэты сон яна бачыць кожны раз, калі ў яе дом прыходзяць навіны. Калі добрыя — вада светлая, калі наадварот — цёмная. Гэтым разам яна сніла ваду, якая цячэ на яе дом, але не магла зразумець, якога яна адцення. І не светлая, і не цёмная. Хутка патэлефанавалі калегі і паведамілі: збірайся ў Быхаў, там знайшлі твайго дзеда...


Марына Лухтура: «Жменьку пяску з магілы Івана завязу на радзіму».

Вестка з мінулага

— Якога дзеда? Яны ж усе памерлыя, — расказвала Марына Лухтура пра сваю разгубленасць, калі яна даведалася, што беларускія пошукавікі знайшлі астанкі яе сваяка Івана Кірылавіча Шутава, які загінуў у 1941-м. — І толькі потым, калі паразмаўляла з маці, даведалася, што вестка пра бабулінага роднага дзядзьку. У маі 41-га ён пайшоў у армію, а хутка пачалася вайна і прыйшло паведамленне, што ён знік без вестак.

Вяртанне праз 76 гадоў

Марына спецыяльна прыехала на перапахаванне з Украіны, горада Більмак (да нядаўняга часу — Куйбышава) Запарожскай вобласці — радзімы салдата. Хоць, не хавае, былі фінансавыя складанасці. Дзякуй сябрам і мясцовай уладзе за дапамогу.

— Маці мне расказала, што Іван Шутаў нарадзіўся ў снежні 1921 года, быў прызваны ў маі 1941-га і нават паспеў напісаць дадому ліст, дзе казаў, што вельмі хоча тытуню. Яго маці Марыя Шутава сабрала пасылку і адправіла, але пасылка вярнулася — баец прапаў без звестак. Яна да апошняга чакала сына, шукала, слала лісты. Са слоў родных, Іван закончыў 4 класы, шмат працаваў. Яго фота, на жаль, не захавалася. Усё, што засталося: магілы яго бацькоў, якія я прыбіраю разам са сваёй маці. Некаторыя лічаць, што калі прадзед, дык навошта гараваць. Я ж яго нават не бачыла. А ў мяне слёзы коцяцца, і нічога не магу з сабой зрабіць. Усё ж такі родная кроў.

Больш за ўсё Марына ўдзячна пошукавікам. За апошнія дні яны сталі для яе як родныя. Напэўна, так яно і ёсць. Бо шмат людзей паўдзельнічала ў лёсе Івана Шутава, каб аднавіць яго імя. Віталь Дракін, напрыклад, беражліва капаў варонку, дзе ляжаў баец, разам з таварышамі падымаў астанкі на паверхню. Уладзіслаў Сцепанцоў спісваўся з роднымі чырвонаармейца па інтэрнэце. Успамінае, што выйшаў спачатку на раённую адміністрацыю пасёлка Більмак, потым перапісваўся з рэдактарам мясцовай газеты «Рідны край». Той нават артыкул у сваёй газеце надрукаваў.

Вяртанне імя

Вахта памяці ў Быхаўскім і Чавускім раёнах Магілёўскай вобласці праходзіць не першы год. Гэта той самы Дняпроўскі рубеж, дзе дагэтуль ляжаць тысячы зніклых без вестак салдат і камандзіраў. І большасць з іх сталі безыменнымі менавіта ў 1941-м.

— Гэта белая пляма ў гісторыі вайны, — з горыччу кажа кіраўнік абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Мікалай Барысенка, які большую частку свайго жыцця праводзіць або ў архівах, або ў пошукавых экспедыцыях. — 1943—1944 гады — больш-менш вывучаны перыяд, улік воінаў Чырвонай Арміі быў ужо наладжаны. У 1941-м было масавае адступленне, дзясяткамі тысяч гінулі байцы і камандзіры дывізій, і мы не ведаем іх прозвішчаў. З болей чым 60 тысяч чалавек, якія ваявалі на Дняпроўскім рубяжы, сёння вядомы толькі каля 10 тысяч.

Сёлета з 19 па 28 чэрвеня пошукавікамі з Магілёва, Быхава, Мінска і Віцебска на тэрыторыі двух раёнаў былі знойдзены і падняты астанкі 24 байцоў Чырвонай Арміі, якія загінулі ў 1941-м і пры вызваленні Магілёўскай вобласці ў 1943—1944 гадах. Устаноўлена імя толькі Івана Шутава.

— Зусім нядаўна даведаліся, што Шутаў быў не проста чырвонаармеец, ён служыў пры асобым аддзеле 36-й танкавай брыгады 17-га механізаванага корпуса, — кажа Мікалай Барысенка. — Гэта злучэнне не прымала ўдзелу ў абароне Быхаўскага рубяжа, яно было са складу тых адступаючых часцей, якія выходзілі з акружэння. Яму, на жаль, не ўдалося выратавацца.

Наогул знайсці медальён для пошукавікаў самая найвялікшая ўдача.

— За перыяд існавання клуба мы паднялі па вобласці каля 800 камандзіраў і салдат Чырвонай Арміі, але толькі ў 60 з іх былі медальёны, — перажывае Мікалай Барысенка. — Калі атрымліваецца ўстанавіць імя, мы спяшаемся паведаміць пра гэта родным байца. На жаль, тыя не заўсёды прыязджаюць. Перад прыездам Марыны Мікалаеўны, сваячкі Івана Шутава, былі родныя лётчыкаў, якія загінулі ў Клічаўскім раёне. Болей ніхто за тры гады не прыязджаў. Хоць за гэты час мы ўстанавілі каля 10 імёнаў.

Воінскае пахаванне ў Красніцы.

Нашчадкі спаленай вёскі

Астанкі 19 байцоў Чырвонай Арміі знайшлі спачын на тэрыторыі воінскага пахавання ў вёсцы Красніца Быхаўскага раёна. Падзею прымеркавалі да памятнай даты. Менавіта 17 ліпеня 1942 года вёска была спалена карнікамі.

На гранітных плітах імёны больш чым 800 жыхароў вёскі. Выжылі адзінкі. Ніна Міхайлаўна Князева з іх ліку. На яе сківіцы назаўсёды застаўся след ад нямецкай кулі.

— Раніцай, калі пастухі гналі кароў, у вёску прыйшлі немцы, — успамінае яна. — Пабылі да гадзіны дня і паехалі. Але раптам вярнуліся. Адразу ж пачуліся стрэлы, закрычалі людзі. Нас і яшчэ дзве сям'і загналі ў хату і пачалі біць. Мяне паранілі ў сківіцу. А вось два мае браты загінулі...

Бабуля Алены Гузловай цудам пазбегла расправы. Схавалася ў жыце. Засталася адна з трыма маленькімі дзецьмі. На магільнай пліце ёсць і імя дзеда Андрэя Дзянісавіча Шляева, які ваяваў.

Вера Івашкова нарадзілася восенню 1941-га.
Маці ёй расказвала, як карнікі сагналі каля 30 сялян у лазню і закідалі гранатамі. У жывых засталіся толькі адна жанчына і маленькая дзяўчынка.

А неба ўсё плача

Сярод пошукавікаў існуе прыкмета, што ў дзень, калі адбываецца перапахаванне чырвонаармейцаў, ідзе дождж. Ішоў ён і гэтым разам. Але ўжо пасля. Быццам даваў магчымасць спачатку выплакацца людзям. Слёзы на вочы многіх наварочваліся не аднойчы.

Уладзімір Дзянісавіч і Лідзія Міхайлаўна Марусавы, прыехалі з расійскага горада Клінцы Бранскай вобласці: «Мы шукаем дзядзьку мужа, нам паведамілі, што ён загінуў на ўсход ад вёскі Боўкі Быхаўскага раёна».

— Астанкі радавога Марусава знайсці не атрымалася, але тое, што ён тут загінуў, высветлілася пры рабоце з дакументамі, — тлумачыць Раман Галынскі, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Быхаўскага райвыканкама і таксама пошукавік з атрада «Быхаўскі рубеж». — Згодна з інфармацыяй Абагульненага банка даных «Мемарыял», яго не стала ў лістападзе 1943-га.
Імя байца будзе нанесена на мемарыяльную пліту.

Уладзіміру Марусаву вельмі важна ўбачыць гэты надпіс. Ён спадзяваўся ўбачыць яго ўжо гэтым разам, але так атрымалася, што трэба будзе прыехаць яшчэ. Ён сам разам з жонкай у сябе на радзіме ўстанаўлівае помнікі загінулым на вайне. На іх рахунку ўжо тры такія помнікі. Сужэнцы лічаць, што гэта іх грамадзянскі абавязак.

Пад ружэйныя стрэлы ўдзельнікі жалобнага мітынгу развіталіся з тымі, хто болей 70 гадоў таму аддаў свае жыцці за незалежнасць сваёй вялікай краіны.

— Гады праходзяць, але родныя жывуць у нас, — звяртаючыся да прысутных казала Марына Лухтура. — Наша сям'я ніколі не губляла надзеі, што даведаецца пра лёс свайго дзеда, прадзеда. Дзякуй Госпаду, што ёсць людзі, якія аддаюць свае сілы і час, каб спраўдзіць нашы надзеі. Каб паведаміць нам, што іх родны не прапаў без вестак, ён — геройскі загінуў. Нізкі вам за гэта паклон.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Быхаўскі раён, вёска Красніца

Загаловак у газеце: Вяртанне праз 76 гадоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.