Вы тут

Што цікавага паглядзець па тэлебачанні на наступным тыдні


Што: «Парыж любой цаной»

Калі і дзе: «Беларусь 2», 31 ліпеня ў 10.15

Галоўная гераіня — маладая дзяўчына Мая, узыходная зорка свету моды, якая збіраецца атрымаць сваю першую сталую работу ў знакамітым модным доме, але... забываецца прадоўжыць уласную візу. І як толькі шараговая паліцэйская праверка гэта высвятляе, дэкарацыі рэзка мяняюцца — замест французскай сталіцы Маю дэпартуюць на гістарычную радзіму, у Марока, да сям'і, ад якой дзяўчына ўжо амаль што адарвалася. А сваякі, хоць і кпяць з яе, але ўсё ж любяць, таму паступова гераіня паўстае перад няпростым выбарам: ахвяраваць усім дзеля свету прыгажосці і гламуру альбо спатрэбіцца для нечага там, дзе нарадзілася?

У фільме, дарэчы, знялася вялікая колькасць французскіх акцёраў з паўночнаафрыканскімі каранямі, уключаючы рэжысёра (яна ж выканаўца галоўнай ролі) Рэм Керысі. І з аднаго боку, карціна атрымалася ненавязліва-камедыйнай, паліткарэктнай да немагчымасці меладрамай на адзін вечар, а з другога — вельмі-вельмі тонкім намёкам на тое, што не для ўсякага мігранта за морам шчасце...


Што: «Джунглі»

Калі і дзе: TV1000 Kіnо Ru, 2 жніўня ў 15.55

Пасля трох гадоў сямейнага жыцця ў Сяргея і Марыны здарыўся крызіс: ён заняты любімай працай архітэктара больш, чым жонкай, яна занятая высвятленнем адносін больш, чым паўсядзённым жыццём. Каб расставіць кропкі над «і», пара адпраўляецца ў сумесны адпачынак на бязлюдны востраў у тыя самыя джунглі, што абяцае назва фільма. І тут, як кажуць, усё закруцілася...

Па-першае, сваркі паміж сужэнцамі перарастаюць у сапраўдныя баявыя дзеянні, чым далей, тым болей пазбаўленыя ўсялякай логікі. А па-другое, джунглі аказваюцца далёка не настолькі бязлюднымі, як здавалася — тут вельмі сабе добра жыве племя ваяўнічых абарыгенаў.


Што: «Дон Сезар дэ Базан»

Калі і дзе: «Беларусь 3», 5 жніўня ў 8.55 і 6 жніўня ў 21.05

Іспанія, ХVІІІ стагоддзе. Бедная цыганка-танцорка Марытана марыць пра шчасце ў выглядзе заможнага мужа. Глыбока няшчасная іспанская каралева, гледзячы на дзяўчыну, марыць пра каханне і разуменне з боку мужа. Сам кароль не тое каб марыць, але кладзе вока на сімпатычную танцорку. І толькі збяднелы граф, а цяперашні бунтар дэ Базан марыць папросту пазбегчы смяротнага пакарання. І гэта яму ўдаецца — з падачы вопытнага інтрыгана, каралеўскага саветніка, які прапануе графу шлюб з невядомай, Марытане — тытул і багацце, каралю — спатканне з новаспечанай удавой, а каралеве — магчымасць злавіць мужа на здрадзе. Але з нейкага моманту ўсё ідзе не па планах...

Загаловак у газеце: Камедыя з геаграфіяй

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.