Вы тут

«Цішыні хачу і болей нічога»


У мінулым годзе мой унук Дзяніс пайшоў у першы клас. Забіраць малога адразу пасля заняткаў магчымасці не было, хлопчык заставаўся ў так званай прадоўжанцы, нават са сном, і я за яго вельмі хвалявалася: ну як жа — дзіця цэлы дзень у школе. Яму ж цяжка...


У нявесткі быў іншы погляд.

— У Дзяніса замнога вольнага часу, — выдала неяк яна. — Ад тэлевізара — не адагнаць... Вельмі любіць перадачу «Пераробка». Можа, ён дызайнерам будзе? Давайце пашукаем нейкі гурток... Папытайцеся ў сваіх знаёмых.

Іх, дзякуй богу, шмат, але ж папытацца я не паспела, бо нявестка ледзь не назаўтра сказала, што ўжо запісала Дзяніса ў гурткі, прычым бясплатна.

— Колькі іх? — насцярожылася я.

— Пяць...

— ?!

— ...І ўсе патрэбныя, — тут жа дадала Ірына. — У суботу, а дзявятай раніцы, ён будзе развіваць памяць, гуляючы ў шахматы, потым пойдзе на заняткі па маляванні, пасля іх — на камп'ютар... Да таго ж нам вельмі пашанцавала: пры домакіраўніцтве адкрываюць гурток каратэ. Я сёння размаўляла з трэнерам. Ён сказаў, што будзе вазіць дзяцей на спаборніцтвы — нават за мяжу...

Вось так і вучыўся наш хлопчык — з загрузкай па поўнай праграме, як той казаў.

Але ж вось, нарэшце, лета, канікулы. Апроч таго я выйшла на пенсію...

Карацей, малы перабраўся да нас.

— Трэба, каб вы з унукам асвоілі азы праграмавання, — даручыла нявестка. — Цяпер гэта вельмі прэстыжна.

Што праўда, тое праўда, згадзілася я, але ж перш-наперш спытала ў Дзяніса, чаго б ён хацеў сам? Хлопчык з радасцю адказаў:

— А паедзем, бабуля, у вёску да ката Яшкі. Мы з ім будзем хадзіць на рыбалку...

— Добра, — згадзілася я, з асалодай прадчуваючы вясковую цішыню і міжволі ўспамінаючы Дзянісаву равесніцу Дашу. У той (дзяўчынка з музычнай сям'і і змалку на сцэне) аднойчы спыталіся, у які гурток яна хацела б хадзіць, чым займацца — спевамі ці танцамі? Дзіця толькі цяжанька ўздыхнула і сказала, што яна за сваё жыццё ўжо напелася і натанцавалася... «Зараз, — гэта даслоўна, — цішыні хачу і болей нічога».

Наталля Шастакова, г. Гомель

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.