Вы тут

Міханавіцкі сельвыканкам стаў удзельнікам электронных таргоў


У Мінскай вобласці ўпершыню былі арганізаваны электронныя таргі па зямельных участках на электроннай гандлёвай пляцоўцы «Беларускай універсальнай таварнай біржы». Першапраходцам у новай справе не толькі ў цэнтральным рэгіёне, але і наогул у Беларусі стаў Міханавіцкі сельвыканкам, які выставіў восем лотаў, у тым ліку шэсць — з прапановай участкаў у прыватную ўласнасць і два — у арэнду. Вынікі таргоў аказаліся даволі нядрэнныя — прададзена пяць участкаў. На два самыя дарагія (у вёсках Беразіна і Кацягі) у 15 сотак прэтэндавалі толькі па адным заяўніку. Участкі пайшлі па першапачатковай цане, павялічанай на 5%. На іншыя, з больш нізкім коштам, было па некалькі прэтэндэнтаў. У выніку канкурэнтнай барацьбы кошт іх значна павялічыўся.


Сучасныя Міханавічы

— Калі мы самі не паклапоцімся пра сваю зямлю, пра яе разумнае і рацыянальнае выкарыстанне, не навучымся зарабляць грошы, то хто зробіць гэта за нас? — тлумачыць сваю рашучасць у новай справе старшыня Міханавіцкага сельскага Савета дэпутатаў Святлана Давальцова. — Разумеем і тое, што нам трэба папаўняць бюджэт раёна, вобласці, краіны, а ўчасткі з пачатку года ў параўнанні з мінулымі гадамі прадаюцца слаба. Не хочацца скаціцца да той мяжы, каб нас датавала дзяржава.

Калі хтосьці самазаспакойваецца — маўляў, цяжкае эканамічнае становішча, у людзей грошай мала, то толькі не Давальцова. Яна даўно пачала шукаць новыя формы работы з патэнцыйнымі пакупнікамі. У кожнага сваё ўяўленне аб тым, як прадаваць зямлю. Старшыня сельскага Савета была ўпэўнена, што нельга гэтую справу камусьці даверыць або перадаверыць. Так яна выйшла на Беларускую таварную біржу, якая на рынку паслуг працуе больш за год, але ўжо займела бездакорную рэпутацыю і аўтарытэт сярод грамадзян і юрыдычных асоб. За адносна кароткі перыяд кліентамі біржы сталі ўсе абласныя тэрытарыяльныя фонды, а таксама шэраг дзяржаўных арганізацый. За час работы было створана 226 лотаў. У першую чаргу гэта нявыкарыстаныя аб'екты і аб'екты нерухомасці, якія неэфектыўна выкарыстоўваліся, а таксама аб'екты рухомай маёмасці. У выніку таргоў рэалізавана дзяржаўнай маёмасці больш як на 1,2 млн рублёў. Бюджэт атрымаў 430 тыс. рублёў.

Перавага электроннай формы гандлю — адкрытасць, празрыстасць і даступнасць працэдуры, што дазваляе прыцягнуць максімальную колькасць патэнцыйных пакупнікоў. Арганізатарам электронных таргоў можа быць як сам прадавец, так і ўпаўнаважаная арганізацыя.

— Біржа не з'яўляецца арганізатарам ці пасярэднікам, яна проста аператар, — падкрэслівае Святлана Давальцова. — Прадастаўляе электронную пляцоўку, размяшчае тое, што мы хочам, выстаўляе кошт... З аператарам у нас заключаны дагавор, паводле якога мы маем права 10 разоў у год звярнуцца да яго і выставіць колькі заўгодна зямельных участкаў. На неабмежаваную колькасць лотаў сума фіксаваная — 130 рублёў.

Мы змясцілі на сайт панарамныя здымкі ўчасткаў з прылеглымі да іх тэрыторыямі, пакет дакументаў: як тут плануецца размясціць дом, гаспадарчыя пабудовы. Людзі пачалі тэлефанаваць, прыязджаць сем'ямі — бацькі, дзеці, бабулі, дзядулі. Задавалі шмат пытанняў: што такое арэнда, што такое права арэнды, чаму яго атрымліваем менавіта на 99 гадоў. З такімі дэлегацыямі даводзілася шмат працаваць, тлумачыць, паказваць, расказваць. І ўсё за кошт свайго асабістага часу, выхадных. Ды ўсе высілкі, намаганні сябе апраўдалі.

Дарэчы, у Беларусі ёсць яшчэ дзве электронныя пляцоўкі, якія прапануюць падобную паслугу і выступаюць у якасці аператараў электронных таргоў. Гэта Інстытут нерухомасці і ацэнкі і Мінскі гарадскі цэнтр нерухомасці.

— Пры выбары аператара мы кіраваліся перш за ўсё празрыстасцю таргоў. Мы ж прадаём зямлю — дзяржаўны патэнцыял.
А гэта азначае асаблівую адказнасць, — лічыць мая суразмоўніца. — Электронныя таргі, якія выключаюць наяўнасць пасярэдніка, дазваляюць больш шырока, цывілізавана прапаноўваць зямельныя ўчасткі.

Акрамя таго, людзей прыцягвае даступнасць, зручнасць паслугі. Не трэба браць адгул на рабоце, некуды ехаць. Купіць участак чалавек можа не выходзячы з офіса ці дома ў рэжыме анлайн. Разам з тым ён спакойны, таму што не бачыць знешніх раздражняльнікаў.

— І хто ж, Святлана Уладзіміраўна, вашы патэнцыйныя пакупнікі? — цікаўлюся.

— Зразумела, што зямля — гэта ўкладанні, інвестыцыі ў будучыню. Таму не дзіўна, што ўчасткі запатрабаваны ў моладзі. Асабліва ў тых маладых людзей, якія дасягнулі пэўных поспехаў у бізнесе, прадпрымальніцтве. Яны купляюць участкі на тэрыторыі сельсавета і застаюцца задаволеныя, бо і цана прымальная, і інфраструктура нармальная.

Сярод некаторай часткі жыхароў распаўсюджана меркаванне, што зямля ў Міханавічах не так запатрабавана, як, напрыклад, у Бараўлянах або Калодзішчах, паколькі пасёлак знаходзіцца ў другім транспартным кальцы. Электронныя таргі абверглі гэту прыдумку. Магчыма, яна ўзнікла проста ад недахопу інфармацыі. Існасць чалавека ў тым, што ён імкнецца туды, пра што шмат гавораць. І не прыкмячае таго прыгожага, што побач, — цудоўнай прыроды, добрых транспартных зносін. «Думаю, дзякуючы электронным таргам, мы зможам прадаставіць максімальную інфармацыю жыхарам Міншчыны і не толькі пра наш прыгожы куток», — упэўнена Святлана Давальцова.

Перавага электроннай формы гандлю — адкрытасць, празрыстасць і даступнасць працэдуры, што дазваляе прыцягнуць максімальную колькасць патэнцыяльных пакупнікоў. Арганізатарам электронных таргоў можа быць як упаўнаважаная арганізацыя, так і сам прадавец.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Зрабілі — і не шкадуем!

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.