Вы тут

Крыж на каханні, пракляцце свекрыві і кветкі для князёўны


У Гродзенскай вобласці карыстаюцца папулярнасцю турыстычныя маршруты, якія грунтуюцца на мясцовых паданнях і легендах.

Кожны раён распрацаваў свае анімацыйныя праграмы. Як правіла, яны распавядаюць пра гістарычныя аб'екты альбо знакавыя мясціны, героямі якіх былі далёкія продкі ці нават вядомыя гістарычныя асобы.


У Свіслацкім раёне самай папулярнай у турыстаў з'яўляецца Белавежская пушча. А нядаўна экалагічны маршрут тут «аздобілі» вельмі прыгожай легендай. Яна запісана ў вёсцы Ціхаволя, якая знаходзіцца на рацэ Нарва ў самым цэнтры пушчы. Дырэктар Свіслацкага гісторыка-краязнаўчага музея Анастасія Пекар расказала паданне пра прыгажуню-князёўну Кінгу, палац якой некалі стаяў на беразе ракі. Дзяўчына вельмі любіла птушак і часта выходзіла ў лес, каб паслухаць іх песні.

— Але аднаго разу, калі князёўна выйшла ў садок, усё вакол пацямнела, і палац разам з людзьмі праваліўся пад зямлю, а на яго месцы з'явілася горка. І тая горка свяцілася ноччу. Людзі казалі, што сюды вяртаецца маладая князёўна і чакае, калі ёй хто-небудзь прынясе букет кветак. Аднойчы той агеньчык убачыў стары разбойнік і падумаў, што там свеціцца золата. Так яно і было. Кінга сядзела на горцы, а перад ёй стаяў поўны куфар золата. Ад яго і ішло святло. Разбойнік аж анямеў ад такога відовішча, а князёўна кажа яму: «Нарві мне кветак, а я табе золата дам». Але замест таго, каб выканаць просьбу, мужчына кінуўся на дзяўчыну з нажом. Раптам усё знікла, а там, дзе стаяў разбойнік, з'явіўся вялікі камень, які і цяпер ляжыць на гары, — як напамін аб пакаранні тых, хто вельмі прагне багацця, — расказвае Анастасія Пекар.

Цікава, што многія турыстычныя маршруты праходзяць менавіта каля вялікіх камянёў-валуноў, якім прыпісваецца цудадзейная сіла... Сёлета ўпершыню традыцыя пакланення валуну ўнесена ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі, а сам гэты камень ахоўваецца дзяржавай як помнік прыроды. Знаходзіцца ён каля вёскі Агароднікі, што ў Ашмянскім раёне, і носіць назву «Нявесцін камень». Яму пакланяюцца па сённяшні дзень.

Работнікі культуры раёна спецыяльна для турыстаў падрыхтавалі анімацыйную праграму, звязаную з народнымі паданнямі. Гэты праект знайшоў падтрымку на міжнародным узроўні і атрымаў еўрапейскі грант для набыцця касцюмаў. Пасля праграмы дзяўчаты прапануюць усім папіць вады з крыніцы, якая цячэ непадалёку.

— Я думаю, што замежныя турыстычныя арганізацыі лічаць такія аб'екты прывабнымі для наведвання, таму наш праект і стаў адным з пераможцаў, — кажа намеснік дырэктара Ашмянскай раённай бібліятэкі Вольга Тарашкевіч, — нядаўна, напрыклад, рабілі праграму для турыстаў з Японіі. Вельмі часта прыязджаюць нашы суседзі — літоўцы і палякі. Усіх кранае паданне, якое мы ўвасобілі ў міні-шоу.

Аказалася, што вакол Нявесцінага каменя ходзіць нямала легендаў. Вольга Тарашкевіч расказала адну з іх, паводле якой у гэты камень ператварылася нявеста, бо не хацела ісці замуж за нялюбага, а будучая свякроў яе за гэта пракляла: «Не хочаш ісці замуж за майго сына, ляжы каменем у глыбокім рове». І сапраўды, гэта месца так і завецца — Ромбаўскі Роў. А сам валун, вагой 74 тоны, стаў сакральным месцам, куды прыязджаюць адусюль, каб дакрануцца да яго, нешта папрасіць і пакінуць прынашэнне.

У спісе легендаў нямала фактаў, звязаных з вядомымі гістарычнымі асобамі. У Воранаўскім раёне расказалі пра камень, які быў сведкам сустрэч вялікага паэта Адама Міцкевіча і замужняй Марылі Верашчакі.

— Яна з мужам графам Путкамерам нейкі час жыла на іх сядзібе ў вёсцы Больцінікі, куды запрасілі і Адама Міцкевіча. Амаль два тыдні яны сустракаліся ў невялікім ляску, за мастком, каля каменя. Тут перажылі мінуты шчасця і разлукі. Марыля вырашыла застацца з мужам і не прыйшла на іх апошнюю сустрэчу. Адаму Міцкевічу нічога не заставалася, як паехаць адтуль. Больш яны не бачыліся, гэта месца стала апошнім сведкам іх сустрэч, — паведаміла дырэктар Воранаўскага цэнтра культуры Ірына Камінская. — Па легендзе, тады ж на камені з'явіўся невялікі крыжык. Кажуць, што яго выбіў Адам, калі яго каханая не прыйшла развітацца. Дарэчы, у паэта ёсць нават верш «Крыж на каханні».

Цікава, але крыж так і не зарос імхом, хоць прайшло амаль дзвесце гадоў. Захавалася і сядзіба графа, тут цяпер знаходзіцца дом культуры. А ў суседняй вёсцы Беняконі каля касцёла пахавалі і саму Марылю.

Аляксандр Вярсоцкі, начальнік упраўлення ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама:

— Установамі культуры вобласці праведзена значная этнаграфічная работа па вывучэнні і зборы мясцовых легендаў. Усяго сабрана каля 300 паданняў, з іх 250 атрымана ад носьбітаў аўтэнтычнага фальклору. Для развіцця турыстычнай прывабнасці гэты матэрыял пакладзены ў аснову многіх брэндавых мерапрыемстваў. Падрыхтаваны турыстычныя матэрыялы і анімацыйныя праграмы па сюжэтах мясцовых легендаў.

Распрацавана вялікая колькасць сувенірнай прадукцыі. Напрыклад, фігурка Копціча з мешкавіны, туфелька Свіцязянкі, лялька Барбара, ганчарныя вырабы з чорнай керамікі. Новымі турыстычнымі аб'ектамі нядаўна сталі музей пісанкі ў Сапоцкіне, музейны пакой Уладзіміра Высоцкага ў Навагрудку. Шляхецкія легенды складуць аснову музея ў Падароску Ваўкавыскага раёна. Будзе сабраны матэрыял пра беларускую шляхту.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.