Вы тут

Паміж «невялікімі» гарадамі


Кажуць, што чужая душа — загадка. Але часам хочацца даведацца, што ўяўляе сабой пэўны чалавек, пра што ён думае, чым жыве. Складаней за ўсё зразумець людзей з далёкага замежжа: у іх свае менталітэт, культура, лад жыцця. З іншага боку, стасункі з замежнікамі, якія прыязджаюць у Беларусь,  — гэта карысны досвед, магчымасць даведацца штосьці адметнае пра іх краіны з першых вуснаў.


Кітаянка Сыюй Ло вучылася ў Інстытуце журналістыкі БДУ тры гады па абмене. Жыла ў інтэрнаце Студэнцкай вёскі і вярталася на радзіму толькі ўлетку, на канікулах... Свой горад Цзылінь дзяўчына параўноўвае з Мінскам, называючы абодва... невялікімі. Кожны беларус мае права здзівіцца, бо наша сталіца — самы вялікі горад краіны. Але кітаянка бачыла Пекін і Шанхай, дзе колькасць насельніцтва — большая ў дзесяць разоў. Таму яе параўнанне цалкам абгрунтаванае.

Сыюй — другое дзіця ў сям'і. Калі яна з'явілася на свет, яшчэ дзейнічала палітыка «адна сям'я — адно дзіця». Таму пасля яе нараджэння бацькі заплацілі вялікі штраф. У канцы 2015 года гэтая палітыка была адменена... Цяпер мама і тата Сыюй займаюцца бізнесам, прадаюць ювелірныя ўпрыгажэнні. Адпраўляючы дачку ў Беларусь, яе маці зрабіла некалькі бранзалетаў, каб яна падаравала іх беларускім сябрам. Упрыгажэнні, сплеценыя з чырвоных нітак (гэты колер прыносіць шчасце), аздоблены каштоўнымі камянямі. На іх намаляваныя сімвалы здароўя, моцы, энергіі.

...І вось яна, сінявокая Беларусь, невялікі для Сыюй Мінск! Незнаёмыя людзі, чужая мова... Некалькі сказаў па-руску дзяўчына вывучыла ў Кітаі. Потым засвойвала мову на нашым журфаку. Ёй было вельмі складана, таму што выкладчык тлумачыла ўсё на рускай, якой яна не ведала. Кітаянка часта блытала назвы, напрыклад, замест шампуню купляла гель для душу. Цяжкасці ўзнікалі не толькі з мовай. Без інтэрнэту Сыюй і дагэтуль складана арыентавацца ў маршрутах наземнага транспарту: на прыпынках няма поўнай схемы, толькі час прыбыцця. А вось у метро — ніякіх праблем. Нягледзячы на тое, што прыпынкі аб'яўляліся раней толькі на беларускай мове, кітаянка проста запомніла іх назвы. Усяго ж дзве лініі, у той час як у Пекіне іх — цэлых дваццаць!

У Беларусі Сыюй давялося прызвычайвацца і да нашай ежы. Увогуле, калі толькі прыехала, ёй шмат што не падабалася. Але густы змяніліся. Цяпер яна любіць звыклыя для нас дранікі. Хоць і ў Кітаі ёсць падобная страва — бліны з бульбы. Таксама яна палюбіла салянку і гуляш. А яшчэ смятану. Яна прадаецца і на радзіме, у спецыяльных аддзелах для замежных прадуктаў, але большасці кітайцаў гэты прадукт не падабаецца. Сыюй таксама не любіла, а цяпер з задавальненнем дадае смятану ў боршч.

У Кітаі дзяўчына сама не гатуе, як і яе бацькі, бо значна танней заказваць ежу з рэстарана. А вось у інтэрнаце, калі быў час і жаданне, магла пастаяць каля пліты. «У беларускіх крамах не заўсёды можна знайсці патрэбныя прадукты для нашых страў. Напрыклад, у Кітаі вельмі шмат рознай гародніны,» — расказвае Сыюй.

Акрамя гатавання, у вольны час дзяўчына глядзела фільмы, хадзіла ў госці, гуляла з сябрамі па Мінску. За тры гады паспела павандраваць і па Беларусі: Брэст, Полацк, Мір, Нясвіж, Гродна... Дзеліцца ўражаннямі: «Мне вельмі спадабалася Брэсцкая крэпасць, я нават трапіла на рэпетыцыю парада да Дня Перамогі».

Сёлета Сыюй закончыла вучобу на журфаку і паступіла ў магістратуру лінгвістычнага ўніверсітэта, каб больш дасканала вывучыць рускую мову. Пасля — работа ў Кітаі, бо ў Мінску, на яе погляд, нізкі заробак. «У Пекіне сярэдні заробак — тысяча дзвесце долараў. Хоць для такога вялікага горада гэта не вельмі шмат: добрае жыллё дарагое, асабліва ў цэнтры, недзе трыста долараў у месяц. Шанхай мне падабаецца больш. Гэта чысты і сучасны горад...», — тлумачыць дзяўчына.

Знаёмства з Сыюй пацвердзіла маё назіранне: кітайцы — вельмі дружалюбныя і прыязныя. А беларусы адметныя сваёй гасціннасцю і дабрынёй. І гэта яднае нас з замежнікамі.

Юлія АДАМОВІЧ, студэнтка ІІІ курса Інстытута журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.